Рэзервы росту заработнай платы — у эфектыўнай рабоце арганізацый рэальнага сектара

- 10:35Інфармацыйная гадзіна

Урад у найбліжэйшы час разгледзіць прапановы па зарплаце для некаторых катэгорый бюджэтнікаў, паведаміў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаюцца вынікі работы эканомікі ў студзені — верасні і меры па рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год.

“Асноўныя рашэнні па заработнай плаце ў дзяржсектары прыняты. Павялічана стаўка першага тарыфнага разраду бюджэтнікам, выраслі зарплаты ў дзяржслужачых, ваеннаслужачых. Па нізкааплатных катэгорыях работнікаў бюджэтнай сферы — дадаткова разгледзім у найбліжэйшы час”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

“У рэальным сектары рост заработнай платы павінен забяспечвацца выключна ростам прадукцыйнасці працы. Звяртаю на гэта асаблівую ўвагу. Рэзервы росту заработнай платы — у эфектыўнай рабоце арганізацый рэальнага сектара”, — падкрэсліў кіраўнік урада.

Рэальная заработная плата ў Беларусі за 8 месяцаў перасягнула ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года на 3,2%. Гэта адпавядае росту прадукцыйнасці працы па ВУП (103,2%). Амаль дасягнуты ўзровень мінулага года па росце рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва (99,9% за 8 месяцаў 2017 года). “Кіраўніку дзяржавы ўнесена прапанова аб павышэнні пенсій па ўзросце”, — паведаміў Андрэй Кабякоў.

Разам з тым узровень намінальнай заработнай платы ніжэйшы, чым прадугледжана планам-графікам па выхадзе да канца года на Br1 тысячу. За жнівень сярэдняя заработная плата склала Br844,40 (згодна з графікам, планавалася Br896). Найбольшае адставанне па Віцебскай вобласці — на Br115.