«Добры каледж» – менавіта так называюць установу, якая працуе ў лічбавым фармаце і мае шмат пераваг у якасным навучанні будучых рабочых і спецыялістаў, патлумачыла карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ў сістэме прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Святлана Бутрым.

Аб такім каледжы і іншых цікавых напрамках развіцця прафесійнай адукацыі ў свеце даведаліся ўдзельнікі Усерасійскага форуму ў Маскве, у якім прынялі ўдзел замежныя краіны розных кантынентаў. Сярод іх былі супрацоўнікі РІПА на чале з рэктарам Валерыем Галубоўскім. Падчас пленарнага пасяджэння і панэльных дыскусій вялася размова аб новых шляхах супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі і адукацыйнай галіной, стварэнні сістэмы матывацыі, якая б садзейнічала павышэнню значнасці і прэстыжу рабочых прафесій, аб ролі ў гэтым конкурсаў прафесійнага майстэрства. Удзельнікі абмяркоўвалі тэму запытаў работадаўцаў да якасці падрыхтоўкі маладых спецыялістаў – выпускнікоў каледжаў, іх працаўладкавання, а таксама прафесійнай падрыхтоўкі моладзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя.

Начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА Наталля Галубоўская выступіла ў якасці аднаго са спікераў панэльнай дыскусіі на тэму «Добры каледж: даступнасць прафесійнай адукацыі праз лічбавыя рашэнні», дзе абмяркоўваліся пытанні дзейнасці сучаснага каледжа з выкарыстаннем лічбавых сервісаў, якія даюць магчымасць зрабіць навучанне найбольш даступным і змястоўным.
Падчас форуму былі шырока прадстаўлены дасягненні сістэмы прафесійнай адукацыі Беларусі.
Ала КЛЮЙКО
Фота з сайта РІПА





