Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў краіны прыняць 1,2 млн бежанцаў, якія знаходзяцца ў найбольш складаным становішчы. Выступаючы на арганізаваным Прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам саміце па бежанцах, ён паскардзіўся на тое, што за ўвесь мінулы год новы дом удалося знайсці толькі 100 тысячам вымушаных перасяленцаў.
“Амаль 1,2 млн бежанцаў маюць патрэбу ў перасяленні. Нягледзячы на гэта, у мінулым годзе ўдалося рассяліць крыху больш за 100 тысяч чалавек менш як у двух дзясятках краін”, — сказаў ён. Паводле яго слоў, неабходна, каб больш дзяржаў увялі праграмы рассялення бежанцаў.
Паводле даных ААН, на сёння ў свеце налічваецца каля 21 млн бежанцаў, 90% з іх размясціліся ў 8 краінах: Іарданіі, Іране, Кеніі, Ліване, Пакістане, Турцыі, Угандзе і Эфіопіі. Як нагадаў Пан Гі Мун, усе яны належаць да дзяржаў з сярэднім або нізкім узроўнем даходу і часта самі маюць патрэбу ў міжнароднай дапамозе. Паводле яго слоў, цяперашні саміт дасць магчымасць краінам пашырыць магчымасці для падзелу адказнасці за глабальны крызіс з бежанцамі.
Саміт па бежанцах арганізаваны на палях агульнапалітычнай дыскусіі Генеральнай Асамблеі ААН.
У час выступлення на пасяджэнні высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі ААН, прысвечаным праблеме бежанцаў і мігрантаў, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што “асноўная маса бежанцаў у свеце сёння з’яўляецца прамым ці ўскосным вынікам зацяжных узброеных канфліктаў, прамога ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў і непавагі да асноватворных прынцыпаў, закладзеных у Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”.
Уладзімір Макей падкрэсліў, што прынцып размеркавання адказнасці, які актыўна пашыраецца некаторымі краінамі, павінен у першую чаргу накладаць адказнасць на тых, хто стаіць за распальваннем канфліктаў на тэрыторыі суверэнных дзяржаў, якія прымушаюць людзей масава пакідаць свае дамы.
Міністр замежных спраў Беларусі акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што для ўдасканалення і ўмацавання механізмаў кіравання міграцыйнымі працэсамі неабходны скаардынаваныя дзеянні ўсіх уцягнутых бакоў. Важную ролю ў гэтым працэсе Беларусь адводзіць глабальным партнёрствам з удзелам дзяржаў, грамадзянскай супольнасці, міжнародных арганізацый, прыватнага сектара, пабудаваным на ўзаемным даверы, узаемадапамозе і ўзаемаразуменні.