Беларуская эканоміка дэманструе ўстойлівую дынаміку аднаўлення. Аб гэтым у інтэрв’ю часопісу Forbes заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
Адказваючы на пытанне аб наступствах сусветнага эканамічнага крызісу, кіраўнік урада адзначыў, што яны адчуваюцца да гэтага часу. “Было няпроста. Галоўнай задачай, якая стаяла перад Беларуссю, было захаванне прыросту ВУП. Краіна не пайшла па шляху масавага звальнення работнікаў у сувязі са скарачэннем попыту на прадукцыю айчынных прадпрыемстваў. У сваю чаргу гэта запатрабавала значнага ўкладання дзяржаўных сродкаў для падтрымкі рэальнага сектара эканомікі, — сказаў прэм’ер-міністр. — Пры гэтым мы былі вымушаны скараціць капітальныя расходы на будаўніцтва аб’ектаў у сацыяльнай сферы. Мы таксама прымалі меры па стымуляванні экспарту, лібералізацыі ўмоў гаспадарчай дзейнасці, прыцягненні ў краіну інвестыцый пры ўмацаванні ўстойлівасці фінансавай сістэмы”.
Андрэй Кабякоў дадаў, што, нягледзячы на абмежаваныя прыродныя рэсурсы, адсутнасць доступу да мора, высокую залежнасць ад знешніх фактараў, адметнай рысай Беларусі з’яўляецца стабільная палітычная сітуацыя, дакладны эканамічны шлях і адкрытая знешнеэканамічная палітыка. “Нам неабходна выбудоўваць канструктыўныя адносіны са знешнім светам, будаваць кампаніі і прадаваць іх прадукцыю гэтаму свету, — заявіў прэм’ер-міністр. — Каля 60 працэнтаў беларускай эканомікі мае экспартна арыентаваны характар. Мы рухаемся наперад, удасканальваючы тэхналогіі як у вытворчасці, так і ў кіраванні. Наш галоўны рэсурс — працавіты і таленавіты беларускі народ”.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што ў Беларусі шмат што робіцца для малога і сярэдняга бізнесу, паскоранага інавацыйнага развіцця, прымаюцца меры па лібералізацыі эканамічных адносін і актывізацыі рыначных інстытутаў. “Гэтыя прынцыпы закладзены ў праграме развіцця краіны да 2020 года. Гэта своеасаблівая дарожная карта, дакладнае выкананне якой дасць магчымасць вырашыць галоўную задачу — забяспечыць рост канкурэнтаздольнасці эканомікі і выйсці на якасна новы ўзровень жыцця насельніцтва”, — сказаў ён.
Прэм’ер-міністр таксама нагадаў аб дзеючых у Беларусі свабодных эканамічных зонах. Асноўнай іх перавагай, уключаючы індустрыяльны парк “Вялікі камень”, з’яўляецца асаблівая геапалітычная пазіцыя Беларусі: краіна мяжуе з ЕС, а яе членства ў Еўразійскім эканамічным саюзе гарантуе інвестарам доступ да рынку са 182 млн спажыўцоў. “Рэзідэнты парка карыстаюцца беспрэцэдэнтным пакетам пераваг. На тэрыторыі парка дзейнічае лібералізаванае заканадаўства адносна права ўласнасці на зямлю і абмену валюты, рэгулявання будаўнічых работ, працоўнае і мытнае заканадаўства. Дзейнічае прынцып аднаго акна пры прадастаўленні інвестарам комплексных паслуг, — падкрэсліў ён. — Больш за тое, стартавы парог інвестыцый зніжаны да 500 тысяч еўра. Зямля можа набывацца ў прыватную ўласнасць. Праектаванне і будаўніцтва аб’ектаў адпавядаюць міжнародным стандартам. Спецыяльная агаворка аб стабілізацыі абараняе рэзідэнтаў парка ад любых змяненняў у заканадаўстве, якія могуць пагоршыць гэтыя ўмовы”.
Больш за 50 працэнтаў прамых замежных інвестыцый паступаюць у Беларусь з краін Захаду. У якасці прыкладаў паспяхова рэалізаваных праектаў прэм’ер-міністр прывёў праекты літоўскай групы кампаній VMG і кампаніі Arvi, аўстрыйскіх Kronospan, Velcom, Raiffeisen, нямецкай SantaBremor, галандскай Coca-Cola, швейцарскай StadlerRail. “Правіла тут простае: сумленнае і транспарэнтнае вядзенне спраў — залог падтрымкі дзяржавы, — заявіў ён. — Вядома, існуюць і няўдачныя прыклады. За апошняе дзесяцігоддзе на беларускім рынку спынілі дзейнасць каля дзесяці ТНК, якія ўваходзяць у спіс Forbes 2000. Самай частай прычынай спынення бізнесу з’яўлялася змена стратэгіі асобнай кампаніі на фоне спаду або зніжэння эканамічнага росту ў сусветнай і рэгіянальнай эканоміках”.
Таксама Андрэй Кабякоў пракаменціраваў дасягненні Беларусі ў ІТ-галіне. “Пунктам адліку на шляху да лідарства ў галіне ІТ-аўтсорсінгу стаў 2005 год, калі быў створаны Парк высокіх тэхналогій — беларуская “сіліконавая даліна”, для якой характэрны вельмі добры інвестыцыйны клімат. У Беларусі ёсць вялікі патэнцыял — усё дзякуючы багатым традыцыям інжынернай і матэматычнай вышэйшай адукацыі. Гэта стварае добрыя ўмовы для развіцця талентаў. Дзякуючы гэтаму прэферэнцыйнаму рэжыму, за апошнія дванаццаць гадоў у нас сфарміраваўся магутны ІТ-кластар, які аб’ядноўвае больш за 180 кампаній, а экспарт камп’ютарных паслуг за гэты час вырас больш як у 30 разоў”, — расказаў прэм’ер-міністр.