Алімпіяднае жыццё завіравала, забурліла ў Мінскай вобласці. 860 школьнікаў сталі ўдзельнікамі трэцяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Разумнікаў і разумніц гасцінна прымалі ў 20 установах адукацыі Барысаўскага, Маладзечанскага, Дзяржынскага, Вілейскага, Слуцкага раёнаў, Жодзіна і ў Мінскім абласным ІРА. У кожнай з гэтых устаноў арганізатары пастараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы, каб юныя знаўцы школьных навук маглі не думаць ні аб чым, акрамя алімпіядных заданняў.
Удзельнікаў абласнога этапу па традыцыі вызначыў школьны, раённы, этап алімпіяды. У раённых спаборніцтвах удзел прынялі больш за 7,5 тысячы навучэнцаў. Амаль трэць з іх — 2135 — прадстаўнікі гімназій і ліцэяў, 211 школьнікаў — навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Дыпломы на другім этапе атрымаў 2651 вучань. Лепшыя з лепшых працягнулі барацьбу ў абласным спаборніцтве.
Удзельнікі алімпіяды па біялогіі выконвалі заданні трэцяга этапу ў Мінску. 56 хлопчыкаў і дзяўчат, навучэнцаў 8—11 класаў, прадстаўлялі 12 раёнаў Міншчыны, Жодзіна і Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй. Найбольшая колькасць удзельнікаў была прадстаўлена Клецкім і Капыльскім раёнамі, Жодзінам, а таксама МДАЛ. Сярод удзельнікаў былі 23 вучні школ і 33 навучэнцы гімназій і ліцэяў. Многія ўжо маюць за плячыма алімпіядны вопыт: 19 з іх у мінулым годзе ўдзельнічалі ў абласным этапе спаборніцтваў, шасцёра былі прызёрамі заключнага этапу ў 2015 годзе. Трэці этап Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі ладзіўся ў двух турах: тэарэтычным і практычным. Навучэнцам давялося прадэманстраваць свае веды па заалогіі, батаніцы, фізіялогіі чалавека, анатоміі і фізіялогіі раслін, біяхіміі і мікрабіялогіі, генетыцы і малекулярнай біялогіі. Тэарэтычныя заданні дзеці рашалі ў кабінетах Мінскага абласнога ІРА. Для выканання практычнай часткі яны адправіліся ў лабараторыі БДПУ імя Максіма Танка. Работы ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці.
Усе — і журы, і ўдзельнікі — адзначылі, што сёлета алімпіядныя заданні былі няпростыя. “Усе члены журы сышліся ў меркаванні, што заданні гэтага года на абласным этапе больш складаныя, чым у мінулыя гады, прыбліжаныя да заданняў заключнага этапу і нават Міжнароднай алімпіяды па біялогіі, — расказвае старшыня журы Аляксандр Рыгоравіч Песнякевіч, дацэнт кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ. — Таму і вынікі не такія высокія. У мінулыя гады навучэнцы паспяхова выконвалі 80—90 працэнтаў алімпіядных заданняў. Сёлета гэтыя лічбы значна ніжэйшыя, хоць паніжэння ўзроўню ведаў і падрыхтоўкі навучэнцаў не адзначаецца”.
Аднак усе ўдзельнікі былі хоць і ў складаных, але ў аднолькавых умовах. Першы тур яўных лідараў не выявіў, таму інтрыга захоўвалася да апошняга. Другі тур усё і ўсіх расставіў па сваіх месцах. Удзельнікі атрымалі 12 дыпломаў ІІІ ступені, 6 — ІІ ступені і 5 дыпломаў І ступені. Дыпломы І ступені атрымалі навучэнцы МДАЛ Настасся Уласавец і Станіслаў Сенюковіч, навучэнка гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна Аліса Каўбасюк, а таксама Марыя Міхнавец і Уладзіслаў Кончак, якія вучацца ў гімназіі № 1 Салігорска.
Для некаторых перамога стала поўнай нечаканасцю. “Калі ўбачыла сваё імя ў спісе, некалькі разоў пераправярала, бо не магла паверыць, — расказвае ўладальніца дыплома І ступені Аліса Каўбасюк, навучэнка 9 класа гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. — Гэта мая першая абласная алімпіяда, і ўпэўненасці ў сваіх сілах, шчыра кажучы, не было. Заданні спачатку мяне крыху спужалі, але потым я супакоілася, пачала ўдумвацца, выконваць. Але сярод прызёраў апынуцца не спадзявалася”. І ўсё ж Аліса стала не толькі прызёрам, але і пераможцай сярод дзевяцікласнікаў. А вось некаторыя са старэйшых удзельнікаў алімпіяды не толькі спадзяваліся, але і разлічвалі на прызавыя месцы, бо ў мінулым годзе ім ужо ўдавалася дасягнуць значных вяршынь. Напрыклад, пераможцам сярод адзінаццацікласнікаў стаў Станіслаў Сенюковіч, навучэнец Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. У мінулым годзе ён таксама атрымаў дыплом І ступені на трэцім этапе алімпіяды, а потым годна выступіў на заключным этапе — стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені. “Я вельмі рад такому выніку, — прызнаецца Станіслаў, — бо для яго дасягнення мне давялося прыкласці неймаверныя намаганні і патраціць шмат часу. Я паэтапна вывучаў новыя тэмы і паўтараў пройдзеныя, старанна планаваў сваю падрыхтоўку, каб усё паспець, шукаў і вывучаў літаратуру. А трэба ж і пра іншыя прадметы не забываць. Словам, увесь дзень заняты вучобай. І цудоўна, калі твая праца ўзнагароджваецца”. Стас разлічвае, што веды па біялогіі дапамогуць яму здзейсніць мару — стаць хірургам.
Зразумела, у гэтыя перамогі ўкладзена тытанічная праца і саміх дзяцей і іх педагогаў. Апошнія падчас алімпіядных баталій хваляваліся, падтрымлівалі сваіх выхаванцаў і ганарыліся агульнымі дасягненнямі. “Нават сярод дарослых мала можна знайсці такіх мэтанакіраваных і працавітых людзей, як гэтыя дзеці, — расказвае выкладчык біялогіі МДАЛ Ларыса Міхайлаўна Кавалеўская. Менавіта яна падрыхтавала да алімпіяды Станіслава Сенюковіча і яшчэ некалькіх прызёраў. — Вельмі важна для паспяховай работы з адоранымі дзецьмі быць кампетэнтным педагогам, валодаць сучаснымі ведамі. Я разам са сваімі выхаванцамі расту, яны натхняюць мяне на самаўдасканаленне. Мы разам распрацоўваем траекторыю поспеху і рухаемся па ёй”. Далей гэтая траекторыя накіравана на заключны этап рэспубліканскай алімпіяды.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.