Рука ў руцэ

- 10:12Гродзеншчына, Прэс-тур

Адразу ўцягнулі ў школьнае жыццё і навучылі берагчы рэсурсы ў “Школе руплівых гаспадароў”, паказалі, як правільна паводзіць сябе на дарогах і ў сацыяльных сетках, весці здаровы лад жыцця, прадэманстравалі, як проста стаць валанцёрам: “дастаткова толькі жадання, а мы вас навучым”. Усе гэтыя дзеянні адбываліся падчас прэс-туру “Настаўніцкай газеты” па Гродзенскай вобласці, калі журналісты завіталі ў сярэднюю школу № 12 Гродна. Актыўная школа ў інтэрактыве дэманстравала сваё рознабаковае і цікавае жыццё, традыцыі і бачанне развіцця.

За 63 гады існавання традыцый назапашана шмат. Пуцёўку ў жыццё за гэты час атрымалі больш як 5300 выпускнікоў, больш за 200 скончылі школу з залатым медалём. Сярод славутых выпускнікоў — алімпійскі чэмпіён па баскетболе Іван Едэшка, прафесары Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Уладзімір Шэйбак і Алег Хораў, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Валерый Бойка, генеральны дырэктар расійскага “Атамфлоту” Вячаслаў Рукша. Піянерская дружына школы носіць імя былога вучня Валерыя Бабко, які па-геройску загінуў у Афганістане.

Сёння ў сярэдняй школе № 12 Гродна вучацца 650 дзяцей і працуюць 60 настаўнікаў, 12 з якіх калісьці самі былі вучнямі гэтай школы. Педагагічнае крэда калектыву — “Хочаш змяніць свет — пачынай з сябе”.

Як гаворыць дырэктар школы Ала Галавенка, галоўным прынцыпам у настаўніцкім калектыве лічаць такую работу, каб педагогі, вучні і іх бацькі былі аб’яднаны цесным колам дружалюбных і даверлівых адносін, каб усе жылі адчуваннем адзінай сям’і.

— Наш дом — гэта свет, дзе заўсёды сонечна і ўтульна, дзе жыве творчая ініцыятыва, задаюцца высокія мэты і ствараюцца ўмовы для іх дасягнення, — гаворыць Ала Іванаўна і запрашае на экскурсію па школе.

Па прыступках — ад мадэлі адаптыўнай школы, грамадска актыўнай школы да школы ўстойлівага развіцця — уздымаўся калектыў аднадумцаў. І адным з першых каменьчыкаў у фундамент такіх адносін стала работа з асаблівымі дзецьмі, якую пачалі 30 гадоў назад. Гэты складаны шлях стаў вельмі важным не толькі для гэтых дзяцей. Змяняліся і тыя, хто знаходзіўся побач з імі, у школе стваралася атмасфера талерантнасці, спагадлівасці, разумення таго, хто адрозніваецца ад цябе.

— Сёння школа з’яўляецца членам асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, рэсурсным цэнтрам комплекснай падтрымкі энергаэфектыўнага ладу жыцця мясцовых супольнасцей.

— За апошнія гады ў выніку праектнай дзейнасці сярэдняя школа № 12 Гродна зарабіла амаль 40 тысяч еўра, якія былі накіраваны на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы і энергаэфектыўныя мерапрыемствы.

— Па выніках работы за мінулы год школа заняла 3-е месца ў гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю дзейнасці сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродна.

Разам мы сіла

Валанцёрскі рух існуе ў сярэдняй школе № 12 амаль 20 гадоў. Першы атрад называўся “Рука ў руцэ”. Міні-праект атрада па інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў грамадства стаў пераможцам абласнога конкурсу.

— За адным валанцёрскім праектам рушылі іншыя: прапаганда здаровага ладу жыцця, фарміраванне навыкаў бяспечных і адказных паводзін, талерантнага стаўлення да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, прафілактыка дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Дзейнасць нашых валанцёраў станавілася ўсё больш шматграннай, — расказвае кіраўнік валанцёрскага атрада Ганна Бучынская. — На іх рахунку больш за чатыры дзясяткі грамадска значных акцый, сем грантаў, каля паўтара дзясятка дыпломаў розных узроўняў. Валанцёры зараз аб’яднаны ў “Школу чалавечнасці”, куды ўваходзяць тры атрады: “Рука ў руцэ”, “Давер” і “Юныя інспектары руху”.

Атрады “Рука ў руцэ” і “Давер”, якія дзейнічаюць пад эгідай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, неаднаразова ўзнагароджваліся дыпломамі і грантамі, паспяхова дэманстравалі свой вопыт прадстаўнікам Дацкага Чырвонага Крыжа (донарам гуманітарных праектаў), удзельнічалі ў дабрачынных акцыях гарадскога і абласнога ўзроўняў. Іх сіламі ініцыіраваны і праведзены некалькі дзясяткаў дабрачынных і сацыяльных акцый у школе і за яе межамі. Шырока выкарыстоўваюць валанцёры вопыт прымянення інтэрактыўных форм узаемадзеяння, магчымасці падыходу “роўны навучае роўнага”. Большасць мерапрыемстваў, якія імі праводзяцца, праходзяць у інтэрактыўным рэжыме, дзе кожны ўдзельнік знаходзіцца ў цэнтры ўвагі і ў эпіцэнтры падзей. У гэтым пераканаліся і журналісты, стаўшы ўдзельнікамі трэнінгу “Мэты ўстойлівага развіцця: твая пазіцыя”.

— Роўны навучае роўнага. Старэйшы — малодшага. Настаўнік — вучня. Вучань — настаўніка, — гаворыць актыўная ўдзельніца валанцёрскага руху Вікторыя Эйсмант. — Гэтыя прынцыпы ляжаць у аснове валанцёрства, і мы лічым, што валанцёрскі рух стаў своеасаблівым брэндам нашай школы.

Трэба дадаць, што два педагогі школы маюць сертыфікаты трэнераў па грамадскім лідарстве і роўным навучанні.

Школа атрымала 7 грантаў у праектах па лініі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Сродкі накіраваны на абсталяванне кабінета валанцёраў і правядзенне трэнінгаў, набыццё абсталявання для велашколы. Валанцёры атрада “Рука ў руцэ” — гэта памагатыя і аднадумцы педагогаў класаў для дзяцей з АПФР. У рамках рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі талерантнага стаўлення соцыуму школы да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” школьнікі ініцыіравалі дабрачынныя акцыі, інтэрактыўныя праграмы, шырокамаштабныя акцыі з прыцягненнем грамадскасці “Кожны — валанцёр”, “Тыдзень дабрыні” і інш.

Пра сеткі ведаем усё

Першай інтэрактыўнай пляцоўкай з удзелам журналістаў стаў майстар-клас ад навучэнцаў па бяспечных паводзінах у інтэрнэце. Зараз у школе рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсаў сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы”.

— У праекце кожнаму ёсць месца, — гаворыць каардынатар праекта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Руднік. — Механізм яго рэалізацыі заснаваны на рабоце школьных кантакт-цэнтраў. Выніковасці сеткавага ўзаемадзеяння садзейнічаюць розныя кірункі дзейнасці 11 кантакт-цэнтраў: “Право.gs12by”, “Карьера.gs12by”, “Образование.gs12by”, “РОР.gs12by”, “Мы, белорусы.gs12by”, “Успех.gs12by”, “ВК-ликбез”, “Школа руплівых гаспадароў”, “Школа актыўнага карыстальніка”, “Інтэрнэт-кафэ “У коле сяброў”, “Віртуал-фэст”. Так, дзейнасць двух апошніх кантакт-цэнтраў накіравана на павышэнне ўзроўню інфармацыйна-камунікацыйных кампетэнцый педагогаў, рэалізацыю метадычных віртуальных мерапрыемстваў; дэманстрацыю і распаўсюджванне створанага ўдзельнікамі праекта інтэрнэт-прадукту.

Зараз у школьных сеткавых супольнасцях налічваецца каля 500 удзельнікаў, у тым ліку 265 навучэнцаў (69% вучняў 5—11 класаў), 36 педагогаў (46%), больш як 100 бацькоў.

Актыўных удзельнікаў праекта (ініцыяцыя і правядзенне мерапрыемстваў, арганізацыя тэм для абмеркавання, адміністраванне, мадэраванне супольнасцей) — 78.

Большасць кантакт-цэнтраў актыўна супрацоўнічаюць з пазашкольнымі ўстановамі і арганізацыямі Гродна і Гродзенскай вобласці, іншых рэгіёнаў, маюць партнёраў па-за межамі краіны, што забяспечвае адкрытасць адукацыйнай інтэрнэт-прасторы, значнасць праектнай дзейнасці.

— Выяўлена прыкметная актывізацыя навучэнцаў, уключаных у праект класных калектываў: каля 75% выказваюць жаданне прыняць удзел у анлайн-мерапрыемствах, з іх 36% — у якасці арганізатараў, больш за 85% удзельнікаў прызнаюць грамадскую і асобасную значнасць удзелу ў праектнай дзейнасці, — гаворыць актывіст праекта Настасся Аліферчык.

Ад ЮІР — да веладружалюбнай школы

А на другім паверсе школы журналістаў перапынілі члены школьнага атрада юных інспектараў руху і прадставілі выступленне агітбрыгады, якая стала пераможцай у абласным конкурсе атрадаў ЮІР.

Да гэтага навучэнцы 12-й школы шэсць разоў прадстаўлялі вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах і заваявалі больш за 40 дыпломаў. Вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі рэспубліканскага праекта “Дзелавы веласіпед”. Па выніках 2015 года ўстанова стала пераможцай у намінацыі “Самая веладружалюбная школа”.

На працягу шасці гадоў тут рэалізуецца праект “Школа — тэрыторыя здароўя і бяспекі”. Сумесна з ДАІ Гродзенскага аблвыканкама юныя інспектары з’яўляюцца ўдзельнікамі абласных акцый, накіраваных на прафілактыку дарожна-транспартнага траўматызму.

“Школа руплівых гаспадароў”

Пераўтварыць кока-колу ў крыніцу энергіі мы паспрабавалі ў “Школе руплівых гаспадароў”. І гэта атрымалася! Разам з актывістамі музея-лабараторыі вучнямі Ільёй Фылеркам, Андрэем Клімуцем журналісты змаглі паўдзельнічаць у эксперыменце, а таксама ўбачыць, як працуе музей-лабараторыя.

— У маі 2014 года мы перамаглі ў конкурсе праектаў “Самая энергаэфектыўная ўстанова адукацыі” і атрымалі матэрыяльную дапамогу ў памеры 3,5 тысячы еўра на стварэнне музея-лабараторыі “Школа руплівых гаспадароў”, — расказвае кіраўнік праекта Галіна Богдан. — У энергаэфектыўным рэжыме школа працуе з 2009 года. За гэты час рэалізавана шэсць праектаў, тры з якіх сталі пераможцамі і дыпламантамі конкурсаў “Энергамарафон” і “Энергія і асяроддзе пражывання”.

Як вынік эфектыўнай і разнапланавай работы — а гэта адукацыйная і асветніцкая дзейнасць сярод навучэнцаў, бацькоў, жыхароў мікрараёна, удзел у міжнародных праектах — “Школа руплівых гаспадароў” у гэтым годзе адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.