У ліцэях, каледжах і УВА нашай краіны ідзе падрыхтоўка да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Shanghai 2022.
Нясумнае міжсезонне
Міжсезонне ў руху WorldSkills крыху зацягнулася па віне пандэміі, але сядзець у рэжыме чакання ніхто з яго ўдзельнікаў не збіраецца. Рэгіянальных конкурсаў мясцовага значэння пакуль ніхто не адмяняў, і яны праводзяцца з той жа актыўнасцю і зацікаўленасцю навучэнцаў і педагогаў, як і раней. Падрыхтоўка ўдзельнікаў да чэмпіянату WorldSkills Shanghai 2022 ідзе поўным ходам. Пасля Нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства — 2020 і на працягу гэтага года спаборніцтвы сярод навучэнцаў праходзяць па шэрагу кампетэнцый. Ажыццяўляецца падрыхтоўка канкурсантаў на базе адпаведных прафесійных устаноў. Збіраюцца на дзелавыя сустрэчы эксперты і трэнеры. У рамках праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” распачаліся курсы для педагогаў і майстроў вытворчага навучання, якія задзейнічаны ў конкурснай праграме. Яны арганізаваны такім чынам, што ахопліваюць установы ўсіх рэгіёнаў краіны. Частка слухачоў, чыя дзейнасць звязана з кампетэнцыяй “Тэхналогія моды”, сабралася на пляцоўцы Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, які з’яўляецца адным з фаварытаў руху WorldSkills. Яго навучэнцы — уладальнікі самых высокіх узнагарод нацыянальных і міжнародных чэмпіянатаў. Як адзначыла загадчык рэсурснага цэнтра мінскага каледжа В.В.Шаўнева, конкурснае заданне па кампетэнцыі “Тэхналогія моды” складаецца з шэрага даволі складаных модуляў. Адпаведна, і ў праграме курсаў былі вылучаны тэмы эскізавання, макетавання, кастамізацыі вырабу, разглядаліся асаблівасці распрацоўкі конкурснай мадэлі швейнага вырабу з улікам конкурсных крытэрыяў ацэньвання вынікаў. Дадатковым блокам курсаў стала асваенне слухачамі сістэмы аўтаматызаванага праектавання адзення, выкарыстання САПР для выканання конкурсных работ. Сваім вопытам падчас конкурснай падрыхтоўкі дзяліліся выкладчыкі, якія з’яўляюцца трэнерамі каманды каледжа. Гэта энтузіясты, прафесіяналы высокага ўзроўню, дзякуючы якім каледж і мае такія цудоўныя вынікі. Н.В.Войнава, выкладчыца вучэбнага прадмета “Мадэляванне і мастацкае афармленне адзення”, эксперт WorldSkills, працуе над падрыхтоўкай удзельнікаў спаборніцтваў з самых першых крокаў руху ў Беларусі. Т.А.Кірэева, выкладчыца вучэбнага прадмета “Спецмалюнак”, з’яўляецца аўтарам ілюстраванага вучэбнага дапаможніка “Мадэляванне адзення метадам наколвання”. Яна праводзіла ў рамках курсаў практычныя заняткі па макетаванні швейных вырабаў у адпаведнасці з эскізам мадэлі. Свае веды і прафесійныя ўменні перадавалі слухачам і іншыя выкладчыкі каледжа. Слухачы курсаў на практыцы адпрацоўвалі тэхніку выканання эскізаў, выконвалі наколванне мадэлі на манекене, рэалізоўвалі кастамізацыю ўзораў сукенак.
— Спадзяёмся, што абмен вопытам, прафесійныя, сяброўскія сувязі, якія ўстанавіліся на працягу курсавога тыдня па тэматыцы WorldSkills у нашым каледжы, дазволяць максімальна якасна падрыхтаваць каманду швейнікаў Беларусі да выступлення на чарговых спаборніцтвах, —
адзначыла В.В.Шаўнева.
У фармаце 3D
І.Р.Удавенка, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва, міжнародны эксперт па кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай”, удзельнічае ў спаборніцтвах рэгіянальнага і міжнароднага ўзроўню пад эгідай WorldSkills з 2017 года. Пераможцамі Нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства — 2020 ў гэтай кампетэнцыі сталі Раман Каравікоў з Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, Андрэй Марыніч з Салігорскага дзяржаўнага каледжа і Уладзіслаў Андрушкевіч з мінскага ліцэя № 12. Перыяд з кастрычніка па снежань будзе цалкам заняты падрыхтоўкай канкурсантаў да чэмпіянату. Ліцэй, на базе якога праводзяцца практычныя заняткі ўдзельнікаў конкурсу, добра падрыхтаваўся да гэтага. На працягу апошніх гадоў вучэбна-матэрыяльная база ўстановы пастаянна абнаўляецца, набываецца новае абсталяванне, інструмент, сыравіна. Усё аснашчэнне адпавядае патрабаванням міжнароднага стандарту. На гэтым абсталяванні можна весці падрыхтоўку на высокім узроўні, выконваць заданні любой складанасці. Канкурсанты выконваюць іх згодна з аналагам міжнароднага чэмпіянату. 2 модулі — гэта абліцоўка сцен і 3-і модуль — абліцоўка падлогі. Улічваючы сучасны дынамічны рост інавацыйных тэхналогій, адным з варыянтаў унікальнага дызайну лічыцца аздобная плітка з трохвымернай выявай. Акрамя таго, кожны элемент сцяны і падлогі павінен утрымліваць адпаведную рэзку пліткі, магчымы 3D-элементы для абліцоўкі, выкарыстоўваецца сцяжка і інш. Сыравіна (плітка, клей) — айчыннай вытворчасці і добрай якасці.
На Эверэсце і ў космасе
Паўнавартасную дзейнасць Генеральнай Асамблеі WorldSkills International таксама парушыў кавід, і ўжо некалькі яе нарад прайшло ў анлайн-рэжыме. Пра пасяджэнне, якое адбылося нядаўна, расказала начальнік аддзела параўнальных даследаванняў і развіцця руху WorldSkills тэхнічны дэлегат WorldSkills Belarus Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі І.А.Лакішык. Год назад было прынята рашэнне аб пераносе чэмпіянату, раней запланаванага на 2021 год у Шанхаі, на кастрычнік 2022 года. Тады Дэвід Хоўі, генеральны дырэктар WorldSkills International, выказаў спадзяванне, што гэты перыяд, пастаўлены на паўзу, не стане ціхім чаканнем, а дасць усім зацікаўленым дадатковы час для падрыхтоўкі да новага чэмпіянату. 2021 год абвешчаны Годам інавацый і далейшага развіцця руху WorldSkills, але з асаблівасцямі. Сёлетняя Генеральная Асамблея — 2021 прыняла шэраг важных рашэнняў як для развіцця руху ў цэлым, так і для правядзення чэмпіянату ў Шанхаі. У склад WSI былі прыняты новыя члены — Узбекістан, Кенія і Азербайджан, а таксама прадстаўлены новыя партнёры. Былі падведзены вынікі папярэдняй рэгістрацыі каманд для ўдзелу ў чэмпіянаце 2022 года. Яны паказалі, што ў спаборніцтвах па 63 кампетэнцыях прымуць удзел каля 60 краін, а гэта больш за 1500 удзельнікаў і такая ж колькасць экспертаў. Беларусь плануе ўдзельнічаць у 33 кампетэнцыях. Канчатковая рэгістрацыя складу ўсіх зборных запланавана на лета. На пасяджэнні асамблеі вялікая ўвага была ўдзелена лагістычнай канцэпцыі спаборніцтваў, прэзентавана ўдасканаленая сістэма лічбавых пропускаў, сістэма падрыхтоўкі і акрэдытацыі ўдзельнікаў і інш. Былі абноўлены сістэмы распрацоўкі інфраструктуры, рэгістрацыі, удасканалена сістэма ацэнкі выступленняў на спаборніцтвах (CIS). Акрамя гэтага, было прадстаўлена новае праграмнае забеспячэнне для кіравання праектамі, якое зараз выкарыстоўваюць арганізатары чэмпіянатаў WorldSkills Shanghai 2022 і WorldSkills Lyon 2024 (спаборніцтвы 2024 года запланавана правесці ў Францыі). У правілах правядзення чэмпіянатаў таксама адбыліся змяненні. Так, спаборніцтвы па такіх кампетэнцыях, як гасцінічны сэрвіс, рэстаранны сэрвіс, экспедзіраванне, абслугоўванне самалётаў, будуць праходзіць без дапамогі перакладчыкаў, гэта значыць цалкам на англійскай мове, як і патрабуюць гэтыя сферы дзейнасці. Мяркуецца, што ў перспектыве спаборніцтвы па іншых кампетэнцыях таксама будуць праходзіць на англійскай мове. Будзе спрошчаны працэс абсталявання спаборніцкіх пляцовак для нацыянальных каманд. Павялічыцца пералік абсталявання, якое будзе прадастаўлена арганізатарамі і спонсарамі спаборніцтваў і якое будзе абавязковым для выкарыстання ўсімі ўдзельнікамі. Гэта значыць удзельнікам не будзе дазволена выкарыстоўваць уласнае абсталяванне нават з ідэнтычнай функцыянальнасцю. Гэта ў нейкай меры зроблена з мэтай уніфікацыі рабочых месцаў для справядлівага саперніцтва.
Кітаем выстаўлены свае правілы прыбыцця ўдзельнікаў спаборніцтва і іх знаходжання ў краіне. Чэмпіянат будзе праводзіцца ў сістэме “замкнёнай лакацыі”, што азначае перамяшчэнне канкурсантаў толькі ў межах дазволеных месцаў і з выкарыстаннем пэўнага транспарту. Згодна з устаноўленымі правіламі, у Кітай можна будзе заехаць без абавязковага 21-дзённага каранціну толькі пры ўмове поўнай вакцынацыі і выканання іншых дадатковых патрабаванняў (рэгістрацыя ў дадатку “Мy 2022” і ў “Сістэме кантролю здароўя Пекіна 2022”, адабрэнне кітайскім пасольствам/консульствам з выдачай “Зялёнага кода стану здароўя” і інш.). У рамках “замкнёнай лакацыі” ўдзельнікі на працягу ўсяго перыяду правядзення конкурсу будуць падлягаць штодзённаму маніторынгу здароўя. Афіцыйны дэлегат WorldSkills з Кітая паведаміў, што для правядзення чэмпіянату адведзена плошча памерам 300 тысяч м2, дызайнерскае рашэнне якой мае на мэце прадэманстраваць гісторыю руху WorldSkills, пачынаючы з вытокаў і да гэтага часу — на працягу 35 чэмпіянатаў. Запланавана правядзенне 30 маштабных мерапрыемстваў у 7 кірунках, такіх як культурная спадчына, інтэлектуальныя тэхналогіі, інавацыі і інш. Афіцыйны дэлегат расказаў пра новы праект “Музей WorldSkills”, у экспазіцыю якога ўключаны 751 аб’ект. У іх ліку медалі, узнагароды WorldSkills, памятныя рэчы, гістарычныя фота і інш. Пілотнае адкрыццё музея адбудзецца ў ліпені 2022 года. У рамках рэкламнага руху ў Шанхаі праведзены такія акцыі, як узвядзенне сцяга WorldSkills на вяршыню Эверэста і ў Антарктыдзе. Талісманы мерапрыемства адправіліся ў космас на сваёй уласнай ракеце Long March-2D.
Ала КЛЮЙКО.