Руская філалогія для кітайскіх студэнтаў

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Адзінаццаць прыгожых, вясёлых і жыццярадасных юнакоў і дзяўчат, якія некалькі тыдняў назад прыехалі ў Гомель з Кітая, вітаюць мяне ўсмешкамі і спрабуюць сказаць па-руску “Здрав-ствуй-те!”. Для іх гэтае слова даволі няпростае ў вымаўленні.

Кітайскія студэнты прызнаюцца, што ёсць у рускай мове нямала слоў, якія даюцца ім нялёгка. Гэта зразумела, бо для нас не менш складана асвойваць іерогліфы і напеўную кітайскую гаворку. Аднак мае суразмоўцы не пабаяліся цяжкасцей. Яшчэ на радзіме паступалі ў інстытут на спецыяльнасць “Руская філалогія”, а цяпер наогул прыехалі па праграме абмену студэнтамі працягнуць адукацыю на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

— У 2015 годзе паміж нашым універсітэтам і Шанхайскім інстытутам індустрыі, камерцыі і замежных моў было падпісана пагадненне аб сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў па спецыяльнасці “Руская філалогія”, — расказвае дэкан філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны Алена Палуян. — Згодна з гэтым дакументам, кітайскія студэнты 2,5 года вучацца ў Шанхайскім інстытуце, цалкам выконваюць вучэбны план, здаюць экзамены, а пасля прыязджаюць на вучобу да нас.

У Беларусі ім належыць правесці 2 гады, каб пасля абароны дыпломнай работы па спецыяльнасці “Руская філалогія” атрымаць адпаведную кваліфікацыю і дыплом аб вышэйшай адукацыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Зразумела, тыя студэнты, хто паспяхова скончыць навучанне на I ступені вышэйшай адукацыі, змогуць паступіць у магістратуру і правесці ў Гомелі яшчэ два гады.

Да выбару будучай прафесіі кітайская моладзь ставіцца сур’ёзна. Для іх аднолькава важна любоў да справы, якой яны будуць займацца, і перспектывы, якія ёсць у выбранай спецыяльнасці.

— Чаму менавіта руская філалогія? — пытаюся, углядаючыся ў твары гаваркіх студэнтаў, спрабуючы па вачах прачытаць, наколькі шчырымі будуць іх адказы.

— У нас шмат рускамоўных турыстаў, паспяхова працуюць розныя адукацыйныя і эканамічныя сумесныя праграмы, — тлумачыць прыгажуня і разумніца Чжэн Вэньжу. — Валодаць рускай мовай — гэта добра для сябе асабіста і перспектыўна ў сэнсе будучай кар’еры.

— Валоданне рускай мовай адкрые перад намі шмат магчымасцей, — працягвае яе сусед Тан Хао. — Мы хочам стаць перакладчыкамі, таму нам патрэбен вельмі добры ўзровень.

Пакуль гэтым юнакам і дзяўчатам размаўляць па-руску цяжка. Мы гутарым у асноўным праз перакладчыка. Яны спадзяюцца, што пражыванне ў рускамоўным асяроддзі паскорыць працэс. Зараз жа, прызнаюцца, ім нялёгка, таму што, калі трэба сарыентавацца ў горадзе ці нешта спытаць у прахожых, часта няма паразумення.

Каб крыху супакоіць і, магчыма, парадаваць маіх юных суразмоўцаў, расказваю ім, што нямала беларускіх школьнікаў і студэнтаў таксама вывучаюць кітайскую мову. Яны вельмі здзіўляюцца. Перапытваюць, ці правільна яны мяне зразумелі. У пацвярджэнне ківаю галавой і дадаю пра алімпіяды па прадметах, куды ўваходзіць і кітайская мова. Здзіўленне ўзрастае.

— Калі так, то мы можам хутка знайсці сабе сяброў, — ці то з упэўненасцю, ці то з пытаннем да мяне гаворыць адзін з хлопцаў.

— А навошта вашым студэнтам кітайская мова? — дзівіцца яго сябар.

— Па той жа прычыне, што і вам руская, — адказваю. І чую раптам знаёмае, але нязвычнае ў вымаўленні “Это класс!”.

Сярод адзінаццаці маладых людзей ёсць дзве дзяўчыны і хлопец, якія раней ужо наведвалі Гомельскі дзяржуніверсітэт: пасля падпісання вышэйназванага пагаднення ў 2015 годзе яны правялі ў Гомелі тры месяцы і таксама займаліся рускай філалогіяй. Цяпер яны вярнуліся сюды ўжо на значна большы час. Цікаўлюся, што паспрыяла гэтаму.

— У іх тут каханне, — паказваючы на дзвюх дзяўчынак, жартуе іх аднакурснік. Дзяўчаты тут жа замахалі рукамі, маўляў, не, няма ніякіх каханых, у галаве толькі вучоба.

— А чаму вы так пужаецеся? — смяюся я і расказваю ім гісторыю пра былую студэнтку філфака Ніку Цішкевіч, якая выйшла замуж за хлопца з Кітая, добра валодае кітайскай мовай, выкладае яе дзецям і нават рыхтуе вучняў да алімпіяд па кітайскай мове. Усмешкі на маладых тварах чамусьці ўраз знікаюць і амаль усёй кампаніяй яны недаверліва пытаюць: “Праўда?”.

Яны сапраўды дзіўныя. Жывыя, вясёлыя, гатовыя адкрываць для сябе нешта новае, мэтанакіраваныя, з цвёрдымі жыццёвымі пазіцыямі. Яны такія, якімі павінны быць у сваім узросце.

У гомельскім універсітэце кітайскія студэнты нядаўна, і гаварыць пра нейкія параўнанні пакуль рана. Чаканні ж у маладых людзей насамрэч вялікія, і па-сапраўднаму прыемна бачыць іх сур’ёзнае стаўленне да навучання.

На развітанне жадаю ім поспехаў у вывучэнні рускай мовы, выказваю спадзяванне, што праз два гады яны вернуцца на радзіму задаволеныя, з добрым багажом ведаў, а перспектывы, якія яны сабе малююць, спраўдзяцца.

Зноў гоман, махаюць рукамі і паказваюць мне чатыры пальцы. І я разумею: яны ўсе без выключэння збіраюцца скончыць тут магістратуру.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.