Рыгор Томашаў: захаванне гістарычнай памяці — вельмі важны напрамак педагагічнай дзейнасці

- 12:35Персона

Віцяблянін Рыгор Томашаў трапіў па размеркаванні ў сельскую глыбінку, застаўся там жыць і ўжо больш за тры дзесяцігоддзі настаўнічае ў Кардонскай сярэдняй школе Шумілінскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёлета Рыгор Уладзіміравіч выпускае ў самастойны шлях свой невялікі 11 клас, з якім поруч ішоў з пачатковай школы. Па словах класнага кіраўніка, кожны з навучэнцаў вызначыўся з выбарам месца далейшай вучобы і прафесійнага напрамку. Уладзімір Аляхновіч і Віталь Козік збіраюцца паступаць у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, абодвух прываблівае грамадзянскае будаўніцтва. Хрысціна Мамыка нацэлілася на ВДУ імя П.М.Машэрава, у яе прыхільнасць да юрыдычнай справы і правазнаўства. Іна Язенак марыць быць ветурачом, а значыць, у найбліжэйшы час пастараецца стаць студэнткай Віцебскай дзяржаўнай ордэна “Знак Пашаны” акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Большасць іх былых аднакласнікаў пасля завяршэння базавай адукацыі паступіла ў каледжы, каб набыць прафесію і за час вучобы канчаткова вырашыць, што ім лепш падыходзіць у найбліжэйшай перспектыве: працоўная ці студэнцкая будучыня.

— Галоўнае, каб усе нашы дзеці не забыліся, чаму іх найперш вучылі бацькі ў сям’і і настаўнікі ў школе, — дзеліцца думкамі педагог, — каб захавалі юнацкую зацікаўленасць жыццём, ініцыятыўнасць, шчы­расць і неабыякавасць да лёсаў людзей, роднага краю, краіны. Каб смела выказвалі ўласныя ідэі і разам з тым прымалі рашэнні ўзважана, не пад уплывам раптоўных эмоцый, бо потым ім давядзецца несці адказнасць за свае словы і дзеянні. Каб шанавалі гісторыю і традыцыі народа, стваралі моц­ныя сем’і, паспяхова працавалі, стараліся напоўніць сучаснасць нечым новым, карысным для сябе і грамадства. І непарушна кіраваліся правілам: у любых сітуацыях трэба паво­дзіць сябе годна, заставацца сумленным чалавекам.

Настаўніцкі лёс Рыгора Томашава адлічвае трыццаць трэці год — сапраўды можна гаварыць аб прафесійным прызванні. Хаця знайшоў яго віцяблянін, у адрозненне ад сваіх цяперашніх выпускнікоў, не ў школьныя гады. Пасля заканчэння дзесяцігодкі юнак з рабочай сям’і ўладкаваўся на тэлезавод у Віцебску, бо можна было без папярэдняй падрыхтоўкі пайсці на вытворчасць: спачатку як вучню, а потым прысвойваўся разрад. Калі прызвалі ў армію, служыць яму выпала на Далёкім Усходзе ў мотастралковых войсках. Калі пасля дэмабілізацыі вярнуўся на прадпрыемства, яму прапанавалі вучыцца на інжынера з накіраваннем у Ленінградскі інстытут авіяцыйнага прыборабудавання. Пачаў ужо збіраць неабходныя дакументы. Але якраз тады апанавалі развагі: на­быць вышэйшую адукацыю варта, толькі ці сапраўды хочацца ў інжынеры? Маці дабавіла сумненняў, бо настойліва раіла падумаць, перад тым як з’язджаць у невядомасць. Канчаткова адгаварыла сястра, студэнтка педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава (цяпер ВДУ імя П.М.Машэрава): “Паглядзі, як добра на матфаку! Напрамак табе блізкі, прафесія настаўніка цікавая, паважаная, запатрабаваная заўсёды. Да таго ж інстытут знахо­дзіцца побач з домам, давай да нас!”

— Пралічыў усе варыянты, прыслухаўся да сябе і паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне, а неўзабаве стаў студэнтам матэматычнага факультэта, — успамінае Рыгор Уладзіміравіч. —  Вучыцца падабалася і атрымлівалася нядрэнна, быў нават на Дошцы гонару пэўны час. Сястра пасля заканчэння інстытута засталася ў родным гора­дзе працаваць настаўніцай матэматыкі. Калі праз два гады надышла пара майго размеркавання, мяне накіравалі на Шуміліншчыну, прычым трапіў не ў райцэнтр, а ў сельскую школу. Нягледзячы на тое, што мне як маладому спецыялісту выдзелілі жыллё — аднапакаёвую кватэру ў новым доме, усё ж, прызнаюся, наведвалі думкі адбыць належны тэрмін ды ўцячы адтуль як мага хутчэй. Знаёмыя, родныя не раз угаворвалі вярнуцца ў Віцебск ці хаця б пераехаць у буйны горад. Аднак, відаць, прыкіпеў я душой да гэтых мясцін, да лю­дзей, якія тут жывуць і працуюць, да сваіх вучняў. 

Прафесійная траекторыя сельскага настаўніка, здараецца, выдае нечаканыя віражы. Вось і Рыгору Томашаву даводзілася ў розны час праходзіць перапад­рыхтоўку і сумяшчаць асноўны профіль з іншымі прадметамі, нават з працоўным навучаннем. Сярод яго вучняў нямала пераможцаў раённых алімпіяд па матэматыцы. На раённай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў па астраноміі школьнікі з Кардона практычна заўсёды ў тройцы лідараў. У планах настаўніка і сённяшніх юных даследчыкаў — атрымаць такі ж вынік на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “КВАНТ”. Рыгор Ула­дзіміравіч сябруе са спортам і ў гэтым таксама падае прыклад дзецям. У складзе каманды ўстановы адукацыі ён прымае актыўны ­ўдзел у галіновых і міжгаліновых спаборніцтвах, неаднойчы станавіўся пераможцам і прызёрам у асабістым заліку па стральбе, шашках, шахматах. Зараз педагог выкладае матэматыку, інфарматыку, астраномію, дапрызыўную падрыхтоўку і з’яўляецца кіраўніком па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні. Працуе ў цеснай узаемасувязі з класнымі кіраўнікамі, калегамі-прадметнікамі, бацькамі навучэнцаў, кіраўніцтвам школы і аддзела па адукацыі райвыканкама, ваенным камісарыятам Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў, вайсковымі часцямі, ветэранскімі арганізацыямі.

Як вынік — летапіс школьнага жыцця штомесяц папаўняюць новыя карысныя справы. У ліку тых, што найбольш любяць навучэнцы, — агляд-конкурс строю і песні да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, спаборніцтвы “Снежны снайпер”, ваенна-спартыўныя гульні “Арляня” і “Зарнічка”. Варта дадаць, што ва ўстанове адукацыі моцныя валанцёрскія традыцыі. У прыватнасці, школьнікі сумесна з педагогамі дапамагаюць адзінокім аднавяскоўцам паважанага ўзросту зімой пачысціць снег на дарожках, летам абка­сіць траву, пакалоць і скласці дровы. Падчас летніх канікул першы радок рэйтынга папулярнасці займаюць пешыя і велапаходы па родным краі, якія арганізоўвае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. Разам з ім навучэнцы наведваюць славутыя мясціны Шуміліншчыны, займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі абеліскаў і помнікаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, знаёмяцца з гісторыяй на практыцы.

 — Захаванне гістарычнай памяці — наш агульны абавязак і вельмі важны напрамак педагагічнай дзейнасці, — упэўнены Рыгор Томашаў. — Вялікая Айчынная вайна чорнай навалай прайшла па лёсах усіх, хто жыў у той час на нашай зямлі. Мы шануем памяць тых, хто мужна змагаўся з ворагам, і бязвінных ахвяр фашызму. Мой бацька быў малалетнім вязнем сумна вядомага Дахау. Ведаеце, за якое злачынства супраць акупацыйных улад ён апынуўся ў жудасным канцлагеры? У 1943 го­дзе 13-гадовага хлопца разам са многімі лю­дзьмі немцы схапілі і пагналі капаць акопы. Аднойчы ў паднявольнага землякопа выдалася амаль неверагодная магчы­масць сха­дзіць у лазню. Бацька хуценька памыўся, пераапрануўся ў чыстае (родныя паспелі пера­даць яму адзенне). Але ішлі баявыя дзеянні, і абстрэлы, выбухі былі звычайнай справай. Не паспеў ён пасля лазні зрабіць некалькі крокаў, як трапіў пад абстрэл, быў паранены і страціў прытом­насць. У такім стане яго знайшлі немцы. А паколькі хлопец быў рослы, фізічна развіты не па гадах, прынялі за свайго, бо рабочых з ліку мясцовага насельніцтва прывыклі ба­чыць у бру­дзе ды зрэб’і… Апрытомнеў баць­ка ў нямецкім шпіталі. Калі разабраліся, што лячылі беларуса, пачаліся праверкі і допыты. Дадому яго не адпусцілі — адправілі ў канц­лагер. Падобныя сямейныя гісторыі ёсць ці не ў кожнага, і такое нельга забы­ваць. Аднак, па-мойму, у ваенна-патрыятычным выхаванні і выхаванні ў цэлым нельга засяроджвацца выключна на гістарычнай памяці. Гісторыя — гэта ўрок, на аснове якога мы выбудоўваем наш заўтрашні дзень. Неабходна навучыць дзяцей правільна арыентавацца ў няпростых сённяшніх рэаліях. Грамадства, кожны вучань і педагог павінны няспынна развівацца, каб наступныя пакаленні прыўнеслі свае здабыткі ў росквіт і ўмацаванне Радзімы.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара