Рыхтаваць дзяцей не для школы, а для жыцця

- 15:49Адукацыйная прастора, Рознае

Што неабходна зрабіць для таго, каб рэгіянальная сістэма адукацыі адпавядала сучасным патрабаванням? Як прыцягнуць маладых спецыялістаў і захаваць прафесійнае ядро педагагічных калектываў? Як дабіцца эфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў? Якія меры прыняць, каб кожная навучальная ўстанова вобласці працавала на максімальна высокім узроўні? Над гэтымі і многімі іншымі пытаннямі разважалі ўдзельнікі абласной жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі на Магілёўшчыне.

У галоўным педсавеце вобласці прыняло ўдзел звыш 500 прадстаўнікоў педагагічных калектываў, старшыні, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі рай(гар)выканкамаў, кіраўнікі адукацыйных устаноў рэгіёна. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка і іншыя.

Ажыўленне ў галоўным корпусе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, выбранага месцам правядзення канферэнцыі, назіралася ўжо з раніцы. У фае ўніверсітэта разгарнулася выстава з разнастайнымі інфармацыйнымі стэндамі. Сваю прадукцыю і паслугі тут прадстаўлялі ўстановы, арганізацыі, так ці інакш звязаныя са сферай адукацыі. Сярод іншых размясціўся і прэзентацыйны стэнд “Настаўніцкай газеты”, які карыстаўся вялікай цікавасцю ў прыдняпроўскага настаўніцтва.

Усе запрошаныя на канферэнцыю маглі паўдзельнічаць у рабоце тэматычных секцый, прысвечаных найбольш актуальным пытанням адукацыі.

У рамках канферэнцыі адбылося наведванне лепшых устаноў адукацыі Магілёва. Дэлегацыі раёнаў і іншыя ўдзельнікі канферэнцыі пабывалі ў сярэдняй школе № 40 горада, дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 і гарадской спецыялізаванай ДЮСШАР “Багіма”. На базе 40-й школы прысутным была прадстаўлена дзейнасць навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Так, менавіта ў сярэдняй школе № 40 наладжана эфектыўная работа з адоранымі навучэнцамі. Ва ўстанове ўпэўнены: развіццё інтэлектуальных здольнасцей дзяцей напрамую залежыць ад настаўніка. Такой жа пазіцыі прытрымліваецца і кіраўніцтва адукацыйнай галіны Магілёва.

Падчас візіту ў гарадскую спецыялізаваную ДЮСШАР “Багіма” ўдзельнікі канферэнцыі ўбачылі прэзентацыйныя выступленні ўстаноў дадатковай адукацыі горада. А вось у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 было абмеркавана шмат ідэй, якія тычацца ўмацавання супрацоўніцтва сям’і і навучальнай установы.

Абмеркаванне надзённых для сістэмы адукацыі рэгіёна пытанняў працягнулася падчас пленарнага пасяджэння. У ходзе выступленняў дакладчыкаў была агучана справаздача аб дасягнутых выніках работы, абмеркаваны наяўныя праблемы і перспектывы далейшага развіцця. Тое, што развіццю сферы адукацыі на Магілёўшчыне надаецца прыярытэтнае значэнне, выразна падкрэсліў у сваім выступленні намеснік губернатара вобласці Валерый Малашка.

— Педагогі закладваюць той падмурак, на якім стаіць любая развітая дзяржава, таму ў вобласці асаблівае значэнне надаецца пытанням удасканалення адукацыйнага працэсу. Дзякуючы такому падыходу ў рабоце, за мінулы навучальны год мы змаглі дасягнуць станоўчых вынікаў: зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых падлеткамі, працягваецца інфарматызацыя школ, зроблены пэўныя крокі па аптымізацыі бюджэтных расходаў. Але праблемныя моманты па-ранейшаму ёсць. Галоўнай мэтай застаецца павышэнне якасці адукацыі, эфектыўнасці работы навучальных устаноў і кожнага педагога. Мы павінны пачаць рыхтаваць дзяцей не для школы, а для жыцця, бо практыкаарыентаванасць навучання — гэта патрабаванне сучаснай рэчаіснасці. Сённяшнія вынікі работы не павінны нас спыняць. Дасягнутыя поспехі неабходна прымна-жаць, — матываваў Валерый Анатольевіч педагагічную грамадскасць.

Заклік да ўдасканалення працы стаў лейтматывам і ў выступленні начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзіміра Рыжкова.

— Органамі кіравання, установамі адукацыі рэгіёна за перыяд, які разглядаецца, забяспечана стабільнае функцыянаванне галіны. Існуючая сетка навучальных устаноў цалкам задавальняе запыты насельніцтва, значна ўдасканалена матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, назіраецца і шмат іншых станоўчых аспектаў развіцця. Многія пастаўленыя ў жніўні 2015 года задачы былі выкананы, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.

Але, па словах начальніка ўпраўлення адукацыі, існуе і шэраг недапрацовак. Таму, завяршаючы сваё выступленне, Уладзімір Рыжкоў заклікаў педагогаў вобласці ўдасканальваць працу і далей.

— Асноўная задача застаецца ранейшай — гэта якасная адукацыя на ўсіх узроўнях. Базавыя кропкі, на якіх у найбліжэйшы час будзе грунтавацца стратэгія развіцця сістэмы адукацыі вобласці, — удасканаленне адукацыйных праграм, умацаванне прафарыентацыйнай работы і арганізацыйна-кіраўніцкай дзейнасці. Сумеснымі намаганнямі дасягнуць пастаўленых мэт нам па сілах, — выказаў упэўненасць Уладзімір Уладзіміравіч.

Намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды адзначыў шматлікія поспехі адукацыйнай дзейнасці педагогаў Прыдняпроўскага краю.

— Сістэме адукацыі Магілёўшчыны па выніках мінулага навучальнага года ёсць чым ганарыцца. Дасягненні назіраюцца па многіх напрамках. У вобласці поўнасцю выконваюцца ўсе даведзеныя стандарты адукацыі. Паляпшаецца аснашчанасць матэрыяльнай базы навучальных устаноў, назіраецца рост пазабюджэтнай дзейнасці і павышэнне адукацыйнага і кваліфікацыйнага ўзроўню педагагічных работнікаў. Акрамя таго, адзначаецца зніжэнне падлеткавай злачыннасці, павелічэнне ахопу дзяцей карэкцыйна-педагагічнай дапамогай, амаль поўнае размеркаванне выпускнікоў устаноў ПТА. У рэгіёне самы лепшы па рэспубліцы паказчык па пропуску дзён па хваробе выхаванцамі дашкольных устаноў, а таксама самая высокая напаўняльнасць аб’яднанняў па інтарэсах ва ўстановах дадатковай адукацыі, — адзначыў Сяргей Валянцінавіч.

Але, па словах намесніка міністра, у рэгіянальнай сістэме адукацыі прысутнічаюць і фрагментарныя пазіцыі, над якімі трэба плённа працаваць, каб вынік быў яшчэ лепшым. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на функцыянаванне асобных гімназій і ліцэяў, напаўняльнасць класаў і шэраг іншых пытанняў.

— Новы навучальны год ставіць перад намі новыя задачы. Вырашаць іх неабходна сумесна. Сваю адказнасць за агульную справу павінен адчуваць кожны педагог, бо калі кожны на сваім рабочым месцы зробіць хоць маленькі, але якасны крок наперад, то ўся сістэма адукацыі значна прасунецца ў сваім развіцці, — падкрэсліў Сяргей Валянцінавіч.

Мерапрыемства завяршылася цырымоніяй узнагароджання педагогаў вобласці. Павага і прызнанне педагагічнай працы з’яўляецца магутным стымулам для развіцця настаўніцтва. Шматлікія ўзнагароды перадавым настаўнікам рэгіёна былі ўручаны ад Магілёўскага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі, а некаторыя педагогі за сваю актыўную жыццёвую пазіцыю атрымалі падзякі і ад кіраўніцтва галіновага выдання — “Настаўніцкай газеты”.

Вынікам жнівеньскай канферэнцыі стала рэзалюцыя, накіраваная на рэалізацыю адукацыйных стандартаў, павышэнне якасці навучання і далейшае ўсебаковае развіццё сістэмы адукацыі вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.