Рыхтуецца самае амбіцыйнае гандлёвае пагадненне ў свеце

- 10:16Інфармацыйная гадзіна

Краіны Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) рыхтуюць пагадненне аб эканамічным кантынентальным партнёрстве. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі Аляксей Ліхачоў.

“Фактычна мы цяпер будзем рыхтаваць падыходы да нейкага эканамічнага кантынентальнага партнёрства, да ўсёабдымнага дагавора ў рамках ШАС”, — сказаў Аляксей Ліхачоў.
“Пагадненне будзе ўключаць тры складнікі. Гэта свабода руху тавараў, садзейнічанне тавараабароту. Гэта пытанні свабоды руху капіталаў, інвестыцый, камфортнае асяроддзе для павелічэння долі разлікаў у нацыянальных валютах. І, вядома ж, прэферэнцыйны доступ да нашых рынкаў паслуг і будаўнічых паслуг”, — дадаў ён.
Аляксей Ліхачоў адзначыў, што сёння ў ШАС уваходзяць Кітай і Расія, краіны Цэнтральнай Азіі. “Але ШАС уключае ў гэтую работу, з аднаго боку, Арменію і Беларусь, якія з’яўляюцца членамі ЕАЭС, з другога — Індыю і Пакістан, якія пачалі няпросты, але, я лічу, у будучыні паспяховы шлях далучэння да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Толькі задумайцеся: амаль палова насельніцтва ўсяго свету будзе ўдзельнікам гэтага вялікага пагаднення”, — дадаў першы намеснік кіраўніка МЭР.
Работа па падрыхтоўцы гэтага пагаднення будзе весціся як у рамках Еўразійскага саюза, так і ў рамках двухбаковых кантактаў паміж КНР і Расіяй, прадоўжыў А.Ліхачоў. “Я хацеў бы падкрэсліць, што гэтая задача даложана нашым кіраўнікам — старшыні КНР, Прэзідэнту Расійскай Федэрацыі. Лічу, што фінальная кропка ў пачатку гэтых перагавораў, у стварэнні гэтага, можа, самага амбіцыйнага гандлёвага пагаднення ў свеце будзе пастаўлена на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва”, — паведаміў ён.
Пазней Аляксей Ліхачоў заявіў журналістам, што да наступнага пасяджэння кіраўнікоў урадаў ШАС міністры эканомікі павінны прапанаваць дарожную карту па падрыхтоўцы гэтага пагаднення. На 17 сакавіка запланавана сустрэча міністраў эканомік ШАС па гэтым пытанні і міністра эканамічнага развіцця Расіі Аляксея Улюкаева ў Маскве.