Са спортам на “ты”

- 16:17Актуально
2 верасня стартавала рэспубліканская акцыя “Тыдзень спорту і здароўя”, якая праводзіцца з 2011 года. Пра маштабы падзеі гавораць лічбы: у мінулым годзе ў ёй удзельнічалі 29 тысяч школьнікаў і студэнтаў.

“Акцыя набыла рэспубліканскі размах, праводзіцца на алімпійскіх аб’ектах па ўсёй краіне, — адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту Валянціна Віктараўна Баляба. — Галоўная наша задача — прыцягнуць як мага больш дзяцей да заняткаў фізічнай культурай і спортам”.
Мерапрыемства праводзіцца ў першую чаргу для тых, хто па ўзросце можа займацца ў спартыўнай школе. На працягу тыдня таленавітыя трэнеры праводзяць майстар-класы і турніры па чатырох відах спорту: карфболе (гульня нечым нагадвае баскетбол, але мае свае асаблівасці), бодзібілдынгу, рынга (камандная гульня са своеасаблівымі правіламі, падобная на валейбол, толькі замест мяча праз сетку кідаюць кольцы) і стральбе з лазернага пісталета. Акрамя таго, дзякуючы прафесійным рэкамендацыям можна было спасцігнуць сакрэты катання на каньках, навучыцца сачыць за эталоннай тэхнікай, капіраваць яе.
Удзельнікі акцыі, школьнікі і студэнты сталіцы, лічаць падобныя мерапрыемствы цікавымі і вясёлымі. Тут можна пазнаёміцца з новым відам спорту, адчуць дух спаборніцтва, карысна правесці час. Скончыцца тыдзень у суботу лёгкаатлетычнай эстафетай сярод навучэнцаў.

Кацярына МАЛЕЙ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.