Са старэйшых у самыя маленькія — без праблем

- 15:09Адукацыйная прастора

Адаптацыя навучэнцаў 5-х класаў

Адзін з самых складаных перыядаў школьнага жыцця — пераход навучэнцаў з пачатковай школы ў сярэдняе звяно. Праблема адаптацыі да навучання ў сярэдняй школе ўяўляе сабой складаную тэарэтычную і практычную праблему, якая не мае адназначнага адказу.

Для многіх дзяцей, якія навучаліся першапачаткова ў аднаго настаўніка, пераход да некалькіх настаўнікаў з рознымі патрабаваннямі, рознымі характарамі, розным стылем адносін дастаткова балючы. Але зніжэнне цікавасці да навучання, своеасаблівае расчараванне, што адзначаліся да канца пачатковых класаў, змяняюцца ў сярэднім звяне чаканнем змен. Дзеці спадзяюцца, што ў школе ім стане цікава.

У той жа час пераход з пачатковай школы ў сярэднюю звязаны з большай нагрузкай на псіхіку падлетка. Рэзкія змены ўмоў навучання, разнастайнасць і якаснае ўскладненне патрабаванняў, якія прад’яўляюць да вучня розныя настаўнікі, і нават змена пазіцыі старэйшага ў пачатковай школе на самага маленькага ў сярэдняй — сур’ёзнае выпрабаванне для псіхікі школьніка.

У пачатку навучання ў 5 класе навучэнцы праходзяць перыяд адаптацыі, які праяўляецца ва ўзрастанні трывожнасці, зніжэнні працаздольнасці, павышанай баязлівасці або, наадварот, бесцырымоннасці, неарганізаванасці, няпамятлівасці.

Вялікую ролю ў адаптацыі школьніка адыгрывае школьны псіхолаг. Гэты спецыяліст вывучае псіхалагічны стан кожнага дзіцяці ў пачатковай школе, мікраклімат у класе, сям’і дзяцей. Яго дапамога вельмі неабходная як навучэнцам 5 класа, так і настаўнікам. Педагог-псіхолаг дае псіхалагічную характарыстыку кожнаму дзіцяці, з класным кіраўніком вывучае асаблівасці сямейнага выхавання пяцікласнікаў.

Немалаважны і той факт, што навучанне ў сярэдніх класах школы звязана з пэўнай дэіндывідуалізацыяй, абязлічваннем падыходу педагога да школьніка. У некаторых пяцікласнікаў узнікае адчуванне адзіноты, маўляў, нікому з дарослых у школе яны не патрэбны. Адсюль павышаная залежнасць пэўнай часткі дзяцей ад дарослых, “прыліпчывасць” да класнага кіраўніка, капрызы, цікавасць да кніг і гульняў маленькіх дзяцей. Характэрная асаблівасць падлеткавага ўзросту — палавое выспяванне арганізма, якое ўносіць сур’ёзныя змены ў жыццё дзіцяці, парушае ўнутраную раўнавагу, дае новыя перажыванні, уплывае на ўзаемаадносіны хлопчыкаў і дзяўчынак.

Таксама псіхолаг спыняецца на такой псіхалагічнай асаблівасці гэтага ўзросту, як выбіральнасць увагі. Гэта значыць, што навучэнцы адгукаюцца на незвычайныя, захапляльныя ўрокі і класныя справы.

Сярэдні школьны ўзрост самы спрыяльны для творчага развіцця. Навучэнцам падабаецца вырашаць праблемныя сітуацыі, знаходзіць падабенства і адрозненне, вызначаць прычыну і вынік. Дзецям цікавыя пазакласныя мерапрыемствы, падчас якіх можна выказаць сваю думку і меркаванне. Самому вырашаць праблему, удзельнічаць у дыскусіі, абараняць і даказваць сваю слушнасць, таму ў нашай школе праводзяцца мерапрыемствы разам з псіхолагам, сацыяльным педагогам, бібліятэкарам, медыцынскім работнікам.

Даследаванні ўнутранага свету падлеткаў паказваюць, што адна з самых галоўных маральных праблем сярэдняга школьнага ўзросту — няўзгодненасць перакананняў, маральных ідэй і паняццяў з учынкамі, дзеяннямі, паводзінамі. Сістэма ацэначных меркаванняў, маральных ідэалаў няўстойлівая. Цяжкасці жыццёвага плана, сямейныя праблемы, уплыў сяброў могуць выклікаць у дзяцей цяжкасці ў развіцці і станаўленні. Работа класнага кіраўніка павінна быць накіравана на фарміраванне маральнага вопыту, развіццё сістэмы справядлівых ацэначных меркаванняў. Класны кіраўнік павінен быць уважлівы да ўнутранага свету дзіцяці, больш удзяляць увагі індывідуальнай рабоце, а праблемы дзіцяці вырашаць сам-насам з ім.

Асаблівае значэнне для падлетка ў гэтым узросце мае магчымасць самавыяўлення і самарэалізацыі. Навучэнцам цікавы такія класныя справы, якія служаць актыўнаму самавыяўленню і ўлічваюць асобасныя інтарэсы. Гэта і круглы стол, і практычныя заняткі, і адкрытыя дыялогі, і сустрэчы з цікавымі людзьмі, пісьменнікамі, заслужанымі майстрамі спорту, ветэранамі.

Таксама ў нашай школе праводзіцца даследаванне навучэнцаў 5-х класаў з прымяненнем тэста школьнай трывожнасці Філіпса, што вельмі важна для правільнай арганізацыі работы з навучэнцамі. І, канечне, асаблівая ўвага павінна быць удзелена ўзгадненню патрабаванняў розных педагогаў да навучэнцаў, да змястоўных і фармальна-арганізацыйных бакоў іх работы. Каб пазбегнуць крызіснага перыяду ў адаптацыі пяцікласнікаў у сярэдняй школе № 4 Магілёва, настаўнікі старшых класаў, ведаючы, хто стане класным кіраўніком будучых пяцікласнікаў, знаёмяцца з імі яшчэ ў 3—4 класах. Ды і настаўнікі-прадметнікі — частыя госці ў пачатковай школе. Яны наведваюць урокі калег, даюць свае ўрокі.

Такім чынам, знаёмства чацвёртакласнікаў з будучымі настаўнікамі і класнымі кіраўнікамі адбываецца яшчэ ў пачатковай школе.

Алена БУКАТА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Магілёва;
Тамара УСАВА,
класны кіраўнік 5 “Б” класа.