Са знакам якасці

- 11:56Гродзеншчына

Прыемна больш чым праз дзесяцігоддзе зноў вярнуцца ва ўстанову, якую ўжо калісьці наведваў, і з задавальненнем адзначыць, што яна яшчэ больш расцвіла і папрыгажэла. Школьны двор, які называюць маленькім Версалем, па-ранейшаму ўражвае не толькі мноствам зеляніны і кветак, але і незвычайнымі архітэктурнымі формамі, агульнай прадуманасцю кампазіцыі, стварае цудоўны настрой. Установа захавала і прымножыла лепшыя традыцыі, закладзеныя папярэднікамі, з’яўляецца сучаснай, мабільнай, інавацыйнай, напоўніўшы новым зместам і цікавымі формамі работы адукацыйны і выхаваўчы працэс. Так, вы не памыліліся, гаворка ідзе пра сярэднюю школу № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага. 

“Званочкі” сустракаюць гасцей.

Ашмянская школа № 1 вядзе сваю гісторыю з далёкага 1929 года. Зараз установа — гэта 917 вучняў і 85 педагогаў, сярод якіх 24 — яе выпускнікі. Значны ўклад у станаўленне школы, фарміраванне высокапрафесійнага калектыву ўнёс яе былы дырэктар, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны Міхаіл Гружэўскі, які ўзначальваў школу з 1997 па верасень 2018 года.

У школе працуюць творчыя, таленавітыя, матываваныя на поспех настаўнікі. Больш за 20 педагогаў узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай адукацыі”, трое — знакам “Выдатнік адукацыі”. Прафесіяналізм педагогаў пацвярджаецца выніковым удзелам у конкурсах рознага ўзроўню. У абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2014” настаўніца фізікі Марына Дудойць стала абсалютнай пераможцай. У VIII Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” ЭСН “Комплекс практыкаванняў па фарміраванні гука-літарнага аналізу” адзначаны дыпломам ІІІ ступені (аўтары — настаўнікі-дэфектолагі  Наталля Самойленка, Ганна Яхімовіч). На III Міжнародным конкурсе “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў” распрацоўка электроннага трэнажора  “Слоўнікавы калейдаскоп” удастоена спецыяльнай узнагароды за лепшыя работы па праблемах навучання двухмоўных дзяцей (білінгваў), а ў намінацыі “Распрацоўкі-прататыпы дыдактычных гульняў і ЭСН” — дыплома ІІІ ступені (аўтары — настаўніцы пачатковых класаў Тамара Бусловіч, Таццяна Мядзвецкая, Ларыса Чэлек).

Па выніках работы ўстановы ў галіне эфектыўнасці адукацыі і выхавання ў лютым 2020 года школа прызнана лепшай у раёне ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі ў забеспячэнні якасці адукацыі”, а сёлета — у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі ў забеспячэнні якасці выхавання і адносін да здароўя”.

Дырэктар школы Марына Куліковіч упэўнена, што ўсе малыя і вялікія дасягненні і ўзнагароды, асабістыя або калектыўныя, станоўча ўплываюць на імідж установы адукацыі і фарміруюць гордасць за сваю школу ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, што з’яўляецца неад’емнай часткай грама­дзянска-патрыятычнага выхавання. “Патрыятызм пачынаецца з малога: з любові і гордасці за сваю сям’ю, за сваю школу, за свой горад ці сяло і, у выніку, за сваю Радзіму, — упэўнена Марына Антонаўна. — Менавіта работа ў якасці дырэктара школы, праламляючыся праз прафесіяналізм і грамадзянскую пазіцыю педагогаў, дазваляе эфектыўна фарміраваць у падрастаючага пакалення грамадзянскасць і патрыятызм, які павінен выяўляцца не ў словах, а ў справах і ўчынках кожнага на сваім месцы. Толькі пазітыўна думаючы, актыўны і ўпэўнены ў сваёй грамадзянскай пазіцыі педагог можа на сваім асабістым прыкладзе сфарміраваць у выхаванцаў якасці сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны”.

Дырэктар школы Марына Куліковіч прадстаўляе работу аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка”.

Місія школы — стварэнне прасторы магчымасцей для задавальнення запытаў навучэнцаў з розным узроўнем патрэб, пазнавальных інтарэсаў і схільнасцей. Ва ўстанове створана спецыяльнае адаптыўнае асяроддзе, якое адпавядае асаблівым адукацыйным патрэбам дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Школа ідзе ў нагу з часам. У сваёй практыцы педагогі перахо­дзяць на актыўныя і інтэрактыўныя метады работы з навучэнцамі, тым самым адыходзячы ад традыцыйных пасіўных метадаў. Практычна ўсе асвоілі і паспяхова выкарыстоўваюць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі: тэхналогію крытычнага мыслення, тэхналогію супрацоўніцтва і развіццёвага навучання, праблемнага і асобасна арыентаванага навучання, здароўезберагальныя тэхналогіі і інш. У цяперашні час актыўна вывучаюцца і ўкараняюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхнологіі, тэхналогія шасцівугольнага навучання, кейс-тэхналогіі.

Якасць ведаў, якія атрымліваюць вучні школы, пацвярджаюць шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, паступленне выпускнікоў. У 2019 годзе Кірыл Саўяненка атрымаў 100 балаў па матэматыцы. Летась па дванаццаці прадметах вынік  выпускнікоў на ЦТ быў вышэйшы за абласны і раённы паказчыкі. Сярэдні працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы за апошнія 6 гадоў склаў 82%.

Педагогі школы вялікую ўвагу ўдзяляюць рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі па падрыхтоўцы да рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і па развіцці даследчыцкіх кампетэнцый. Сёлета на трэцім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды дзевяцікласнік Аляксандр Банюшэвіч удастоены дыплома ІІІ ступені па матэматыцы і заахвочвальнай граматы заключнага этапу. Рыхтавала хлопца да спаборніцтваў настаўніца матэматыкі Рэгіна Мусніцкая.

Падрыхтоўка да алімпіяд — гэта складаны працэс, які патрабуе прадуманасці і сістэматычнасці. Да эфектыўных метадаў і форм работы з адоранымі дзецьмі педагог адносіць метад “узбагачэння” навучання, што прадугледжвае больш хуткае прасоўванне да найвышэйшага пазнавальнага ўзроўню ў галіне матэматыкі, узмацненне развіццёвых магчымасцей урока; гурткі, факультатывы, алімпіяды, конкурсы.

— На развіццё адораных вучняў накіраваны такія прынцыпы распрацоўкі ўрока, як ускладненне зместу вучэбнай дзейнасці за кошт паглыблення і большай абстрактнасці матэрыялу, што вывучаецца; арыентацыя на інтэлектуальную ініцыятыву школьнікаў; ажыццяўленне вучэбна-пазнавальнай дзейнасці ў адпаведнасці з пазнавальнай патрэбай дзяцей, а не па загадзя распрацаванай лагічнай схеме; перавага ўласнай работы думкі вучня над рэпрадуктыўным засваеннем ведаў, — адзначае Рэгіна Чаславаўна. — Асновай такога ўрока служыць правіла: не паўтарэнне (ды яшчэ адтэрмінаванае — адкладзенае на наступныя ўрокі), а пераўтварэнне выкананага задання, якое ажыццяўляецца неадкладна на гэтым уроку, каб спазнаць аб’ект у яго развіцці, каб супрацьпаставіць зыходную форму ведаў перайначанай. Пашырэнне ведаў ажыццяўляецца перш за ўсё на ўроку ў цесным кантакце настаўніка і вучня. Навучанне рэалізуецца праз выкананне спецыяльна падабраных практыкаванняў, якія маюць унутраныя сувязі, што даюць адно буйное практыкаванне, вынікам якога можа быць даследчая дзейнасць. Важнай умовай для вучня з’яўляецца неабмежаванасць па часе рашэння задачы. Дзіця вучыцца самастойна працаваць з матэрыялам, знаходзіць спосабы рашэння, атрымліваць інфармацыю з любых крыніц, параўноўваць, рабіць высновы. Для адоранага дзіцяці важнае не столькі засваенне ведаў, колькі работа думкі. Пазнанне павінна быць накіравана перш за ўсё на сам працэс. Вынікам такой дзейнасці з’яўляецца фарміраванне высокага ўзроўню самастойнасці, уменне даводзіць заданне да канца, не параўноўваць вынік з узорам, а знаходзіць спосаб рашэння і рабіць праверку самому. Працуючы па такой схеме на працягу некалькіх гадоў, бачу станоўчыя вынікі сваёй дзейнасці.

Дар’я Місюкевіч з калекцыяй узнагарод.

У сярэдняй школе № 1 педагогі імкнуцца не проста даваць трывалыя веды, а ўсебакова развіваць сваіх выхаванцаў. Так, для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў тут працуюць тры ўзорныя калектывы: фальклорны ансамбль песні і танца “Званочкі” (дарэчы, удзельнікаў прэс-туру ансамбль сустрэў цудоўнай беларускай песняй), студыя эстрадных спеваў “Палёт”, тэатр танца “Эфект”, якія неаднаразова пацвярджалі свой высокі ўзровень перамогамі на шматлікіх фестывалях і конкурсах, як рэспубліканскіх, так і міжнародных.

Настаўнік інфарматыкі Сяргей Пашкевіч кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Робататэхніка”, заняткі якога праводзяцца ў шосты школьны дзень. Педагог набірае ў асноўным вучняў аднаго ўзросту (6—7 класы), якія пачынаюць вывучаць робататэхніку з нуля. Таксама на заняткі прыходзяць тры васьмікласнікі, якія вывучаюць робатаў больш паглыблена. Заняткі доўжацца 2 гадзіны. У асноўным яны складаюцца з тэарэтычнай і практычнай частак. У залежнасці ад узросту задаецца ўзровень складанасці заданняў.

— Прыцягваю навучэнцаў праз дэманстрацыю праектаў на выставах і конкурсах. Таксама акцэнтую іх увагу на ўроках інфарматыкі пры нагляднай дэманстрацыі вынікаў работы алгарытму праграмы пры вывучэнні асноў алгарытмізацыі і праграмавання, — каменціруе Сяргей Станіслававіч. — Спачатку навучэнцы пачынаюць вывучаць, з чаго складаецца набор для канструявання, далей вывучаюць кіруючы камп’ютар, рухавікі і іх функцыі, прылады датчыкаў і прынцып іх работы. Пасля набыцця пэўных навыкаў вучні ствараюць уласныя праекты для ўдзелу ў выставах і конкурсах.

Сябруюць ашмянскія школьнікі і са спортам. Валейбольная каманда дзяўчат у 2021 годзе стала бронзавым прызёрам абласной спартакіяды школьнікаў (настаўнік фізічнай культуры і спорту Андрэй Лукашэвіч). Навучэнка 9 класа Лізавета Матарас — рэкардсменка Еўропы, віцэ-чэмпіёнка Еўропы па паўэрліфтынгу і чэмпіёнка першын­ства Гродзен­скай вобласці па цяжкай атлетыцы. Дзесяцікласніца Дар’я Місюкевіч — чэмпіёнка Гродзенскай вобласці і сярэбраны прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, сярэбраны прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовым і летнім мнагаборстве “Здароўе”.

— Лічу, што спорт — выратавальная сіла ў нашым свеце. Ён аб’ядноўвае, і кожны з маладых спартсменаў хоча ўзабрацца на вяршыню, ніхто не здаецца проста так. Цікава назіраць за ходам спаборніцтваў, яшчэ цікавей, калі дзіця ўзнімаецца на п’едэстал… Першы медаль, як першае каханне, ніколі не забываецца. Галоўнае — каб дзіця атрымала ўзнагароду не проста так, а заслужана, — лічыць настаўнік фізічнай культуры і здароўя Сяргей Юшкоўскі.

У скарбонцы 1-й школы шмат узнагарод па самых розных напрамках, але спыняцца на дасягнутым вучнёўскі і педагагічны калектыў не збіраецца. Па словах Марыны Куліковіч, будзе працягвацца навукова-даследчая дзейнасць у межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па абгрунтаванні і распрацоўцы метадаў гігіенічнай ацэнкі адпаведнасці вучнёўскай мэблі фізічнаму развіццю малодшых школьнікаў у сучасных умовах. З 1 верасня плануецца пачаць рэалізацыю эксперыментальнага адукацыйнага праекта па кіраванні якасцю адукацыі. У найбліжэйшых планах — ахапіць навучаннем па выкарыстанні сучасных лічбавых тэхналогій больш шырокае кола настаўнікаў, бо папаўняецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі, з’яўляюцца новыя электронныя сродкі навучання.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.