Сацыяльны пазітыў

Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба любой установы адукацыі, як вядома, фарпост работы з праблемнымі сітуацыямі, цяжкімі падлеткамі, складанымі сем’ямі. Але ў той жа час ніхто не будзе спрачацца і з тым, што СППС — агеньчык пазітыву, завадатар многіх добрых спраў, служба са знакам “плюс”. Менавіта так, пазіцыянуе сябе СППС дзяржынскай гімназіі № 1, што на Міншчыне. На сайце гімназіі аднымі з галоўных задач службы вызначаны пазітыўная сацыялізацыя навучэнцаў, іх паўнацэннае асобаснае развіццё, іншыя.

…І ў суботу таксама

Сёння ў 1-й гімназіі 877 навучэнцаў і крыху больш за 100 педагогаў, трое з якіх — спецыялісты СППС. Гэта два педагогі-псіхолагі Ала Леанідаўна Курыцкая і Вікторыя Ігараўна Рачко і сацыяльны педагог Андрэй Уладзіміравіч Гац. Галоўнае, што разумееш, калі пагаворыш з гэтымі спецыялістамі: яны каманда, людзі, якія разумеюць адно аднаго не тое што з паўслова, а часам і без слоў.

— Калі б не сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба, цяжкіх падлеткаў было б куды больш, — разважае дырэктар 1-й гімназіі Лілія Іванаўна Сакалоўская. — Мы ўжо вельмі даўно шмат увагі ўдзяляем шостаму школьнаму дню, у рабоце якога заўсёды задзейнічаны і нашы псіхолагі, і сацыяльны педагог. Для нас гэты дзень — магчымасць развіваць дзяцей. Сёння нават выдатнік, калі не будзе развіваць свае здольнасці, не зможа цалкам раскрыць сябе. Пасля заняткаў зрабіць гэта цяжка, бо часу застаецца нямнога. Таксама шосты дзень дазваляе дадаткова ўзаемадзейнічаць з бацькамі, напрыклад, праводзіць тэматычныя круглыя сталы, пасяджэнні сямейнага клуба, якія садзейнічаюць аб’яднанню сям’і і гімназіі.

Значная частка навучэнцаў гімназіі жыве ў чатырох найбліжэйшых рабочых інтэрнатах. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ўсяго адна сям’я стаіць на ўліку нядобранадзейных і знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У розныя гады бывае, канечне, па-рознаму, але асабліва вялікіх правалаў у гэтым сэнсе не было і раней. Галоўнае, што спрыяе такому становішчу, — ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці.

Тутэйшыя настаўнікі заўважаюць, што больш даводзіцца працаваць з цяжкімі сем’ямі, чым з цяжкімі падлеткамі, таму і педагогі да бацькоў, і бацькі да педагогаў па іх запрашэнні прыходзяць часта. І, канечне, не толькі для вырашэння нейкіх праблем. Вялікім попытам, калі можна так сказаць, карыстаюцца кансультацыі па прафарыентацыі, падрыхтоўка да экзаменаў, прафілактыка дэзадаптацыі і эмацыянальнай стомленасці дзіцяці і г.д.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Леанідаўна Некраш дадае, што добры вынік даюць і бацькоўскія агульнагімназічныя сходы з удзелам сацыяльнага педагога і педагогаў-псіхолагаў. Праводзяцца таксама вузкія бацькоўскія сходы, куды запрашаюць бацькоў на асабістую гутарку. Прыходзяць не ўсе, але большасць запрошаных. У іншым выпадку да бацькоў адпраўляюцца самі педагогі. Прычым індывідуальную работу яны праводзяць не толькі з праблемнымі сем’ямі, але і з бацькамі адораных дзяцей. Ім таксама неабходна асаблівая ўвага: дапамагчы, падказаць, абмеркаваць.

— Работа супрацоўнікаў СППС не абмежавана часам, — дадае Алена Леанідаўна, расказваючы пра сваіх калег. — Бацькі і дзеці звяртаюцца да іх у любы дзень, у любы час. Гэтыя спецыялісты вельмі запатрабаваны, і зараз я не ўяўляю сабе, што б мы рабілі, калі б такой службы не было, тым больш што і я, і іншыя педагогі, у тым ліку сацыяльны, самі звяртаемся да псіхолагаў.

Пачынаць трэба з сябе

— Для таго каб кагосьці змяніць, — лічыць сацыяльны педагог установы А.У.Гац, — не трэба прымушаць чалавека, лавіць за руку, пагражаць. Вынік і пасля пагроз, напрыклад, пакараннем па артыкуле Крымінальнага кодэкса, зразумела, будзе, але толькі часовы. А калі чалавек сам зразумее, што ён робіць не так і чаму трэба выпраўляцца, вынік застанецца на ўсё жыццё.

Канечне, не ўсё ў гімназіі ідэальна — ёсць і складаныя сем’і, і складаныя навучэнцы. Інакш у жыцці і не бывае.

— Вынік нашай дзейнасці заключаецца не ў працэнтах і не ў лічбах, — гаворыць Андрэй Уладзіміравіч. — Калі мы дапамаглі хаця б аднаму чалавеку, ужо нямала зрабілі. Так, летась закончыў дзевяць класаў хлопец, з якім нам з калегамі давялося шмат папрацаваць. Зараз ён вучыцца ў Мінску, наколькі я ведаю, ніякіх пытанняў да яго няма. Цікава, што любімым днём у гімназіі ў яго была субота. Калі на ўрокі яго часам даводзілася вадзіць за руку, то ў суботу ён заўсёды быў тут, у тым ліку і ў аб’яднанні па інтарэсах.

Адно з такіх аб’яднанняў — “Акорд” — збірае аматараў спеваў пад гітару. Пад кіраўніцтвам Андрэя Уладзіміравіча Гаца яно даўно пераўтварылася ў клуб сяброў і аднадумцаў. Нефармальныя зносіны ў свабоднай форме дапамагаюць і адпачыць, і незаўважна вырашыць праблемныя пытанні ў атмасферы даверу і ўзаемаразумення.

Другое аб’яднанне па інтарэсах, заняткі якога праводзіць сацыяльны педагог, называецца “У гармоніі з законам”. Сюды прыходзяць якраз тыя навучэнцы, у каго ёсць праблемы з паводзінамі. Але заняткі ў аб’яднанні — не лекцыі па заканадаўстве і павучэнні. Тут больш задзейнічаны творчы падыход. Інакш падлеткі прыйшлі б сюды толькі раз, бо нікому нецікава наведваць у свой выхадны дзень сумныя (хаця, магчыма, і карысныя) лекцыі. А тут — сучасная музыка, цікавыя песні, у тым ліку прафілактычныя, якія піша сам А.У.Гац. Напрыклад, такая: “Мама, я кінуў піць”. Пры гэтым Андрэй Уладзіміравіч піць і не пачынаў (паспрабаваў алкаголь толькі аднойчы — гадоў у дзевятнаццаць), як і курыць. Кажа, што ў дзяцінстве так захапляўся спортам, што на глупствы часу не было. Мой суразмоўца — прыхільнік сабрыялогіі.

Думаю, большасць з вас ніколі не чула гэтага слова. Я таксама. Цяпер, дзякуючы сацыяльнаму педагогу гімназіі № 1 Дзяржынска, ведаю, што гэта такое. Сабрыялогія (ад лацінскага “цвярозасць”) — навука аб дасягненні цвярозага ладу жыцця, у тым ліку ў маладзёжным асяроддзі. Прычым гаворка ідзе пра цвярозасць у самым шырокім сэнсе гэтага слова: маецца на ўвазе і поўная адмова ад курэння, наркотыкаў. Менавіта так трактуе і практыкуе сабрыялогію сацыяльны педагог 1-й дзяржынскай гімназіі. Бо што такое тэорыя без практыкі? Прыгожыя словы, і толькі.

— Мне здаецца, што адказ на пытанне, як нам спыніць хвалю злачынстваў, правапарушэнняў, заключаецца ў аўтарытэце і прыкладзе дарослых, — тлумачыць свой пункт погляду А.У.Гац. — Гаварыць можна што заўгодна, але, калі дарослыя самі, скажам, кураць, іх словы не будуць нічога значыць. Правапарушэнні, нядобранадзейнасць у сем’ях ідуць ад алкаголю, ад злоўжывання наркотыкамі і тытунём — усё вельмі проста. Вы не можаце адначасова піць, курыць і спадзявацца, што вашы дзеці не пачнуць рабіць тое ж, таму лепшыя метад і форма дзейнасці любога сацыяльнага педагога, бацькоў — уласны прыклад. Чаго я буду варты, калі правяду добрае прафілактычнае мерапрыемства, а потым пайду за вугал пакурыць? Гэта падман. Хаця я не п’ю, не куру не дзеля заваявання аўтарытэту — такі мой лад жыцця.

Так, без павучанняў, без ціску, без запалохванняў, нават без многіх слоў ствараецца сапраўдны педагагічны аўтарытэт. Сапраўдны і, я ўпэўнена, трывалы. Падлеткі, якія асэнсавалі, што без шкодных звычак можна жыць не менш, а нават больш цікава і поўна, чым з імі, захаваюць гэтае разуменне і ў дарослым жыцці. Верагодна, не ўсе, але лепш зрабіць мала, чым не зрабіць нічога.

Быць шчаслівым проста

— Кожны навучальны год пачынаецца ў гімназіі менавіта з каманднай работы, — працягвае агульную размову педагог-псіхолаг, якая працуе з навучэнцамі сярэдняга і старэйшага ўзросту, Ала Леанідаўна Курыцкая. — Перш за ўсё гэта агульнашкольныя мерапрыемствы, якія, спадзяюся, ужо сталі традыцыйнымі. Напрыклад, акцыя “Быць шчаслівым вельмі проста”. Тычыцца яна прафілактыкі такой страшнай з’явы, як самазабойствы, але мы не засяроджваемся на негатыве, робім упор на радасці, на любові да жыцця і прыроджаным аптымізме кожнага дзіцяці. Акцыю праводзім усе разам: два псіхолагі, сацыяльны педагог, педагог-арганізатар і абавязкова далучаем класных кіраўнікоў. Паасобку зрабіць гэта немагчыма, таму толькі разам. Сёлета з першага вучэбнага дня дзеці бегалі за намі і пыталіся, калі ўжо можна будзе распісваць сцены.

Так, у гімназіі падчас акцыі дзецям можна распісваць сцены, а дакладней калоны, якія аклеены шпалерамі. Пішуць гімназісты пра тое, што такое шчаслівая сям’я, шчаслівае сяброўства, шчаслівае каханне… Пішуць і, безумоўна, самі адчуваюць сябе шчаслівымі. Ці не гэтае адчуванне і ёсць лепшая прафілактыка самазабойстваў і іншых негатыўных з’яў?

Таксама ў навучальнай установе традыцыйна праходзіць тыдзень псіхалогіі. Ён праводзіцца кожны раз па пэўнай тэме, але накіраванасць усё тая ж — навучыць дзіця быць шчаслівым. Проста так, без усялякіх умоў. Проста шчаслівым. З дапамогай школьнага тэлебачання дзеці загадзя даведваюцца пра тэму кожнага дня тыдня і чакаюць іх з нецярпеннем, бо гаворка зноў жа ідзе не пра лекцыі і доўгія заняткі, а пра цікавыя конкурсы, гульні, віктарыны, якія педагогі рыхтуюць разам.

— Дастаткова аднаму з нас ці іншых педагогаў даць нейкую ідэю, як яна разрастаецца, захоплівае ўсю школу, — тлумачыць А.Л.Курыцкая.

Так было, напрыклад, і з навагодняй акцыяй “Ёлачка жаданняў”. На кардонную ёлачку кожнае дзіця магло павесіць сваю зорку з напісаным на ёй жаданнем-мэтай. Калі ж хлопчык або дзяўчынка ставяць перад сабой мэту, значыць, у іх ёсць жаданне працаваць, дабівацца гэтай мэты — ісці да шчасця і пазітыву.

Безумоўна, гэты шлях адбываецца не скачкамі ад акцыі да акцыі, а праходзіць у штодзённай рабоце, дзе акцыі і мерапрыемствы — верставыя слупы, якія паказваюць дзецям, як проста і з дапамогай чаго можна стаць шчаслівым.

— Дзіця кожны дзень у школе ўсё-такі непазбежна знаходзіцца ў стане стрэсу, — заўважае педагог-псіхолаг. — Акцыі дапамагаюць глядзець на сітуацыю пазітыўна. Нават той, хто прыходзіць на вучобу ў дрэнным настроі, паддаецца святочнай атмасферы, што пануе ў гімназіі падчас акцый, уцягваецца ў агульную дзейнасць.

Такім чынам, гімназія — гэта месца, куды дзеці хочуць ісці, як, зрэшты, і павінна быць. Сюды хочуць ісці і прыходзяць таксама бацькі — на вышэйназваныя кансультацыі, індывідуальныя гутаркі з псіхолагам, якія праходзяць па выніках дыягностыкі кожнага навучэнца. Звычайна мамы і таты знаёмяцца з вынікамі дыягностыкі на бацькоўскіх сходах, а потым прыходзяць на індывідуальныя кансультацыі, што, дарэчы, дапамагае псіхолагу ў раннім выяўленні і прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці, як і работа сямейнага клуба “Купалінка”, пасяджэнні якога праводзяцца па суботах з удзелам і бацькоў, і дзяцей.

Бацькі навучэнцаў пачатковай школы са сваімі праблемамі звяртаюцца да Вікторыі Ігараўны Рачко. Пік бацькоўскай цікавасці выпадае на пачатак навучальнага года, калі дзіця толькі адаптуецца да школьных заняткаў, і напрыканцы чацвёртага класа — перад здачай экзаменаў у пяты. Як правіла, у бацькоў гэтых навучэнцаў асабліва шмат пытанняў, што цалкам зразумела. Як і ў бацькоў выпускнікоў, і ў саміх старшакласнікаў, якія ахвотна ўдзельнічаюць у размовах аб прафілактыцы стрэсаў падчас падрыхтоўкі і правядзення экзаменаў. Часта псіхолагі працуюць з імі ў суботу, загадзя падрыхтаваўшы аб’яву аб правядзенні дня адкрытых дзвярэй. Канечне, удзельнічаюць у гэтых днях і класныя кіраўнікі.

— Было вельмі прыемна, калі 1 верасня ў наш кабінет прыйшла мама з дзіцем і прынесла букет, падзякавала за работу, — гаворыць А.Л.Курыцкая. — Наша работа не вызначаецца баламі выпускнікоў на ЦТ, адзнакамі, але ацэнку рабоце даюць менавіта такія моманты.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.