Спасцігнуць асновы садоўніцтва і агародніцтва, навучыцца экалагічнай культуры і беражліваму прыродакарыстанню вучні Бельскай сярэдняй школы Крычаўскага раёна могуць на прышкольным участку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Тэрыторыя вакол школы складае амаль паўгектара. Кожны куток гэтай плошчы стараемся выкарыстоўваць рацыянальна, — расказаў дырэктар установы адукацыі Сяргей Марозаў.
Дырэктар школы ўпэўнены: сёлета будзе добры ўраджай яблыкаў
На ўваходзе ў школьны двор вучняў сустракаюць дагледжаныя дрэвы, дэкаратыўныя расліны.
Усюды размешчаны клумбы, кветкі на якіх цешаць вока яркімі фарбамі з вясны да позняй восені. Здзіўляе таксама разнастайнасць малых архітэктурных форм, незвычайныя гульнявыя пляцоўкі.
— Пра тое, каб зрабіць школу больш прыгожай і ўтульнай, клапоцяцца ўсе. Усё, што ёсць сёння на нашым участку, аформлена сіламі педагогаў і навучэнцаў. Штогод сумесна прыдумляем нешта новае ў добраўпарадкаванні тэрыторыі. Такая дзейнасць фарміруе ў вучняў свядомае, беражлівае стаўленне да навакольнага асяроддзя, — заўважыў Сяргей Анатольевіч.
Асаблівае месца на прышкольным участку займаюць сад і агарод. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў вучні сеюць насенне, назіраюць за ўсходамі, паліваюць і праполваюць грады. Практычна поўны цыкл агранамічных работ школьнікі выконваюць і ў доглядзе саду.
— У нас растуць 40 яблынь і 10 груш айчынных гатункаў. На агародзе вырошчваем бульбу, капусту, буракі, моркву, цыбулю. Дзякуючы ўсеагульнай зацікаўленасці, збіраем добры ўраджай. Мы поўнасцю забяспечваем школьную сталовую агароднінай і садавіной, што істотна патанняе харчаванне навучэнцаў, — адзначыў Сяргей Марозаў.
Адметна, што ў вучняў ёсць магчымасць спасцігаць сакрэты агародніцтва і ў закрытым грунце. На прышкольным участку ўжо чатыры дзесяцігоддзі стаіць цяпліца. Тут дзеці вучацца вырошчваць агуркі і таматы. Расаду гэтай агародніны таксама рэалізуюць насельніцтву, тым самым папаўняючы школьны пазабюджэтны рахунак. Заробленыя сродкі накіроўваюцца на паляпшэнне матэрыяльнай базы ўстановы адукацыі і закупку спартыўнага інвентару.
— Прышкольны ўчастак — аснова агранамічнага і экалагічнага выхавання. Тут праходзяць урокі біялогіі і працоўнага навучання, арганізоўваецца летняя вучэбная практыка і другасная занятасць вучняў. Да таго ж за намі замацавана вялікая, больш за чатыры гектары, тэрыторыя побач са школай. Далучаем вучняў да навядзення парадку і там. Разам з дзецьмі і пры падтрымцы бацькоў праводзім акцыі чысціні і азелянення.
Так, агульнымі намаганнямі акультурылі бераг возера, пасадзілі малады парк. У планах — зрабіць у гэтым месцы зону адпачынку, — паведаміў Сяргей Анатольевіч.
Педагагічны калектыў Бельскай школы ўпэўнены: вучням трэба не проста даваць веды, а вучыць працаваць на зямлі, знаходзіць жыццёвае прызванне. Праца на прышкольным участку — гэта нагляднае знаёмства з разнастайнасцю сельскагаспадарчых прафесій. Прычым вельмі эфектыўнае. За апошніх пяць гадоў 17 выпускнікоў школы звязалі сваю будучыню з аграпрамысловым комплексам.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара