Садок сагрэе сонейка

- 10:48Выхаванне, Рознае

Майстар-клас па энергазберажэнні правялі для гасцей выхаванцы ясляў-сада № 45 Гродна. Яны расказалі аб тым, чаму навучыліся за час удзелу дашкольнай установы ў пілотным праекце “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні” (“Энергаэфектыўнасць у школах”). Вынік удзелу ясляў-сада № 45 у праекце — мадэрнізацыя будынка з выкарыстаннем энергазберагальных тэхналогій. Дашкольная ўстанова стала першым у Гродне энергаэфектыўным дзіцячым садам.

У гэты дзень установу наведала шмат гасцей: намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, каардынатар праектаў прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі Ігар Чульба, намеснік кіраўніка аддзела праектаў і праграм прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Аўдроне Урбанавічутэ, намеснік дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Камашка, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін. Прысутнічалі на ўрачыстасці выхаванцы і іх бацькі, супрацоўнікі дзіцячага сада.


Загадчыца ясляў-сада Людміла Кушнірук правяла экскурсію па адноўленым будынку. Тут зроблена ўцяпленне сцен і даху, устаноўлены новая прытокава-выцяжная вентыляцыя, 122 акны з трайным шкленнем, што дазволіць скараціць страты цяпла на 50 працэнтаў, энергаэфектыўнае асвятленне зніжае спажыванне электраэнергіі на 10 працэнтаў. На даху будынка ўстаноўлены 24 сонечныя калектары, аб’яднаныя з сістэмай гарачага водазабеспячэння, што дазволіць знізіць спажыванне цеплавой энергіі на гарачае водазабеспячэнне на 50—100 працэнтаў у залежнасці ад пары года. У верасні гарачую ваду ў садку атрымлівалі ад работы сонечных калектараў.

— Наша ўстанова пачала работу ў 1971 годзе. Капітальны рамонт з таго часу ні разу не праводзіўся, — расказвае Людміла Іванаўна, — у рамках праекта быў праведзены энергааўдыт будынка і былі дадзены рэкамендацыі па рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў.

Абсталяванне на кухні таксама стала “разумным”. Замест старых пліт з чыгуннымі канфоркамі ўстаноўлены электраіндукцыйныя электрапліты са шклокерамічнай паверхняй. Так, электрычная пліта сама адключаецца тады, калі з яе здымаюць посуд. Чакаецца, што праведзеная мадэрнізацыя ў два разы знізіць энергаспажыванне.

— Работа па мадэрнізацыі дазволіць эканоміць больш як 180 тысяч рублёў у год. Мы імкнёмся зрабіць знаходжанне дзяцей у садках і школах камфортным, бяспечным, утульным і, што сёння таксама важна, энергаэфектыўным, — адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.

Утульнасць і камфортнасць абноўленага дзіцячага сада адзначаюць і бацькі выхаванцаў. У сям’і Габрусевіч наведваюць садок пяцігадовы Саша і чатырохгадовая Насця. Мама Люда гаворыць, як дома дзеці расказваюць, што іх садзік грэе сонейка, вучаць бацькоў, як важна быць беражлівымі і эканомна расходаваць ваду, газ, электрычнасць.

І такія веды — яшчэ адзін вынік праекта. Ініцыятыва ШРЭК — школы развіцця эканамічнай культуры — дазваляе весці актыўную работу з выхаванцамі і іх бацькамі, грамадскасцю і вучыць энергазберагальным тэхналогіям. Педагогі дашкольнай установы распрацавалі шмат вучэбных матэрыялаў па гэтай тэматыцы, выпускаюць газету “ШРЭК”, якую распаўсюджваюць у сем’ях выхаванцаў. Яслі-сад № 45 заняў 2-е месца на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу па энергазберажэнні “Энергамарафон-2015” у намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”. Педагогі разам з дзецьмі падрыхтавалі тэатральную пастаноўку “Як Балабушка шукала новыя шляхі да зберажэння энергіі”. Тры лялькі-талісманы — Элік, Каплюша і Цяплоша — навучаюць дзяцей і іх бацькоў эканоміць электраэнергію, ваду і цяпло.

Праект “Энергаэфектыўнасць у школах” ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у Рэспубліцы Беларусь. Нацыянальнай выконваючай арганізацыяй з’яўляецца дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. У фінансаванні мадэрнізацыі ясляў-сада № 45 удзельнічаў таксама Гродзенскі гарвыканкам. Яслі-сад стануць дэманстрацыйнай пляцоўкай па ўкараненні інавацыйных тэхналогій энергаэфектыўнасці.

У праекце “Энергаэфектыўнасць у школах” удзельнічаюць яшчэ тры ўстановы адукацыі краіны — яслі-сад № 6 Ашмян, сярэдняя школа № 4 Дзяржынска і Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання імя М.Ф.Шмырова. 23 верасня ўрачыстасці па адкрыцці яшчэ адной энергазберагальнай установы адбудуцца ў Ашмянах.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.