Якой павінна быць школьная газета? Які кантэнт змяшчаць у школьных Telegram- і YouTube-каналах? Якія ролікі здымаць у TikTok, каб іх прагляд прыносіў вучням і настаўнікам не толькі задавальненне, але і карысць? Такія пытанні журналісты нашага выдання будуць абмяркоўваць з юнкарамі і іх педагогамі на “Класнай гадзіне з “Настаўніцкай”.
Пачнём новы праект з наведвання гімназіі № 14 Мінска. Нагода завітаць у гэтую ўстанову была самая што ні ёсць журналісцкая: тут ствараецца медыяцэнтр.
Выхаваўчыя магчымасці
Падлічана, колькі ў краіне друкаваных (906) і тэлерадыёвяшчальных (151) СМІ, інфармацыйных агенцтваў (7) і сеткавых выданняў (73). Кожны з нас ведае і імёны яркіх прадстаўнікоў айчыннай журналістыкі. Іх рэпартажы, інтэрв’ю, аўтарскія калонкі не толькі з задавальненнем глядзяцца, слухаюцца, чытаюцца — майстры слова фарміруюць грамадскае меркаванне. Нездарма кажуць, што СМІ — чацвёртая ўлада.
Такой жа магутнай уладай валодаюць і школьныя СМІ. Праўда, іх дакладная колькасць пакуль не вядома, але з упэўненасцю можна сказаць, што адных толькі газет у Беларусі некалькі соцень — яны ёсць практычна ў кожнай установе адукацыі. Напрыклад, у 14-й сталічнай гімназіі друкаванае выданне мае даволі арыгінальную назву “На далонях”.
Школьныя СМІ — гэта не толькі навіны жыцця ўстаноў адукацыі. Гэта магутны выхаваўчы інструмент, якім важна правільна карыстацца.
Менавіта з такой думкі пачалі гутарку з дырэктарам гімназіі Марыяй Гарохавай.
— Усе нашы навучэнцы творчыя, кожнаму хочацца праявіць свае здольнасці. Каб даць дзецям такую магчымасць, мы з калегамі і вырашылі ў 2009 годзе выдаваць газету. Творчая група педагогаў распрацавала палажэнне, лагатып газеты. З’явіліся першыя рубрыкі і матэрыялы. На сёння ў нас сабрана вялікая падшыўка. Канечне, мы не ўмеем пісаць такія ж арыгінальныя тэксты, фатаграфаваць гэтак жа якасна, як прафесійныя журналісты, таму нам важна кампетэнтнае меркаванне. Мне хацелася б надаць гімназічнай газеце другое жыццё, зрабіць яе больш сучаснай, — падзялілася Марыя Іванаўна. — У гэтым навучальным годзе мы актыўна ўзяліся за развіццё нашых гімназічных СМІ. Упэўнена, што праз 2—3 гады газета “На далонях” стане больш змястоўнай, сучаснай, будзе даваць адказы на пытанні, якія хвалююць вучняў, настаўнікаў, бацькоў. У выдання будзе папяровы і электронны варыянты. Безумоўна, створым свой YouTube-канал і канал у TikTok, дзе будзем змяшчаць цікавы і карысны кантэнт аб жыцці ўстановы адукацыі. Усё гэта дапаможа нам рабіць працэс адукацыі больш якасным, паспяхова фарміраваць у навучэнцаў грамадзянскія якасці.
Быць цікавым чытачу…
Разам з ёй, а таксама з кіраўніком медыяцэнтра настаўнікам гісторыі Паўлам Манголавым і бібліятэкарамі Таццянай Ладуцька і Кацярынай Зотавай абмеркавалі за круглым сталом адукацыйныя і выхаваўчыя магчымасці школьных СМІ.
Гутарка была даволі грунтоўнай, таму, спадзяюся, думкі і прапановы, выказаныя падчас сустрэчы, будуць карысныя іншым педагогам. Канечне, яны не стануць адкрыццём для вопытных журналістаў, але настаўнікам, тым больш маладым, якія нядаўна ўзялі на сябе адказнасць выдаваць школьную газету, дапамогуць рабіць якасны кантэнт.
Пачнём з важнага — чытацкай папулярнасці. Любая газета, у тым ліку школьная, выдаецца з галоўнай мэтай — данесці да аўдыторыі інфармацыю пра тыя ці іншыя падзеі жыцця грамадства ў адпаведнасці са сваёй тэматыкай. А тут трэба, каб чытач, як бы банальна гэта ні гучала, хацеў чытаць газету. Спачатку неабходна зачапіць яго ўвагу — дызайнам, ілюстрацыямі, загалоўкамі і, канечне, матэрыяламі.
— Будзем шчырымі: многія сучасныя дзеці лянуюцца чытаць. На ўроках і падчас падрыхтоўкі дамашняга задання яны яшчэ перасільваюць сваю ляноту, а вось у вольны час кнігу бяруць у рукі рэдка. Большасць з іх выбірае смартфон. Таму няпроста сённяшніх школьнікаў зацікавіць чытаннем газеты, — падзяліўся Павел Манголаў.
Прадумваючы рубрыкі, тэматыку матэрыялаў школьнай газеты, трэба сыходзіць у першую чаргу з інтарэсаў дзяцей, паколькі яны з’яўляюцца галоўнай чытацкай аўдыторыяй.
На думку Паўла Пятровіча, важна ўлічваць узроставыя асаблівасці навучэнцаў. Напрыклад, у 5—6 класах дзеці актыўна пачынаюць спазнаваць свой унутраны свет, хочуць быць пачутымі; 7—9 клас — перыяд праяўлення цікавасці да супрацьлеглага полу; старшыя класы — гэта ўжо самаадукацыя, атрыманне дадатковых ведаў.
— Нязменнай папулярнасцю ў старшакласнікаў карыстаюцца рубрыкі накшталт “Парада педагога” або “Цытаты знакамітых”. Ёсць і агульныя інтарэсы для любога школьнага ўзросту. Заўважыў, што навучэнцы актыўна цікавяцца жыццём маладых спецыялістаў. Напрыканцы ўрока, калі асноўная тэма разгледжана, яны часта задаюць мне і калегам пытанні пра асабістае і прафесійнае жыццё: “Які ўніверсітэт вы скончылі?”, “Як у нашым узросце паводзілі сябе ў той ці іншай сітуацыі?”, “Што вам падабаецца чытаць?”, “У што гуляеце на смартфоне?”. Яны разумеюць, што літаральна некалькі гадоў назад мы былі на іх месцы, а зараз ужо з’яўляемся іх настаўнікамі. Ім цікава, як за такі адносна невялікі прамежак часу можна змяніць свой сацыяльны статус, — падзяліўся настаўнік.
Таму заўсёды з цікавасцю вучні чытаюць на старонках гімназічнай газеты інтэрв’ю з маладымі спецыялістамі. Напрыклад, героем апошняга стала педагог-арганізатар Альбіна Курмешка, якая да таго ж працуе настаўніцай пачатковых класаў. Такое спалучэнне некалькіх сфер дзейнасці ў асобе маладой настаўніцы асабліва зацікавіла навучэнцаў.
Яшчэ адну тэматыку матэрыялаў для школьных газет падказала нядаўняе абмежаванне ў выкарыстанні вучнямі на ўроках і перапынках смартфонаў.
— Калі я вучыўся ў 14-й гімназіі, нам з аднакласнікамі падабалася разгадваць крыжаванкі, рэбусы. Чаму б падобныя разумовыя гульні не друкаваць у школьных газетах? Дзецям жа трэба заняць сябе нечым на перапынках. Нядаўна быў смартфон, цяпер яго няма. Школьная газета можа стаць цудоўнай альтэрнатывай, — адзначыў педагог.
…І гледачу таксама
У структуру медыяцэнтра 14-й гімназіі будзе ўваходзіць не толькі рэдакцыя газеты. Сур’ёзныя планы ў Паўла Пятровіча па развіцці TikTok і YouTube-канала. Акцэнт на стварэнні відэакантэнту педагог робіць невыпадкова.
— Прагляд відэаролікаў — гэта тое, што падабаецца пакаленню “Альфа”. Чым карацейшыя відэаролікі, тым яны больш папулярныя. Але чаму б замест бяздумнага кантэнту, які так прыцягвае ўвагу вучнёўскай моладзі, не прапанаваць больш якасны і карысны прадукт? Упэўнены, дзецям будуць цікавыя шортсы, скажам, на тэму ўзаемаадносін з аднакласнікамі, настаўнікамі і бацькамі. Ужо прадумваю сцэнарый такіх ролікаў, — паведаміў настаўнік.
На перспектыву
Развіццё школьнага СМІ, у тым ліку медыяцэнтра, — справа няпростая. Акрамя творчых ідэй, неабходна вырашыць і моманты, звязаныя з набыццём неабходнай тэхнікі. Не менш важнае пытанне падбору творчых навучэнцаў. Якраз з гэтым у 14-й гімназіі праблем не павінна ўзнікнуць.
— У планах на наступныя 2—3 гады — удасканаленне работы рэдакцыі газеты, стварэнне аддзела, які б займаўся сацыяльнымі сеткамі, інфармацыйнага аддзела. Цяпер важна навучыць маіх дзевяцікласнікаў рабіць фота- і відэаздымкі якасна, каб потым свае ўменні яны перадалі малодшым навучэнцам і медыяцэнтр развіваўся. Парады прафесійных журналістаў будуць для нас карыснымі і своечасовымі, — адзначыў Павел Пятровіч.
Для нас з калегамі таксама карысна ў плане прафесійнага развіцця падзяліцца з юнкарамі сваімі ведамі і ўменнямі. Таму “Класная гадзіна з “Настаўніцкай” для калектыву 14-й гімназіі Мінска працягнецца ўжо ў сценах рэдакцыі. На вясновых канікулах мы чакаем гасцей.
Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА