Сакрэт перамогі — у зладжанай камандзе!

- 10:59Актуально
Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта заваявалі сярэбраныя медалі на чэмпіянаце свету па праграмаванні, які прайшоў у пачатку ліпеня ў Санкт-Пецярбургу. Нашу краіну і ўніверсітэт на гэты раз праславілі пяцікурснікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Раман Удавічэнка, Андрэй Малевіч і Сяргей Жгіроўскі. Медалістаў павіншаваў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, падкрэсліўшы, што дзяржава вельмі высока цэніць поспехі маладых праграмістаў.

На сустрэчы з міністрам студэнты атрымалі граматы Міністэрства адукацыі. Яны расказалі аб сваіх уражаннях і вопыце ўдзелу ў спаборніцтвах, пагаварылі пра канкурэнтаў — найбольш моцныя школы свету па праграмаванні, а таксама падтрымку праграмісцкіх спаборніцтваў і ІТ-адукацыі.
Па словах Рамана Удавічэнкі, атрымаць высокі вынік (хлопцы правільна рашылі 7 задач з 11 прапанаваных) дапамог сапраўдны камандны дух, зладжаная работа. У камандзе ролі размеркаваліся такім чынам, што кожны мог праявіць свае наймацнейшыя бакі.
Раман звярнуў увагу на тое, што беларускія ІТ-кампаніі, на жаль, недастаткова ўвагі ўдзяляюць падтрымцы школьных спаборніцтваў, а таксама настаўнікаў-энтузіястаў, якія імкнуцца прывіць навучэнцам інтарэс да праграмавання. “Кампаніі больш укладваюць у студэнтаў і вышэйшую адукацыю, бо нацэлены на хуткую аддачу: студэнты — гэта іх будучыя супрацоўнікі. А вось у выпадку са школьнікамі вынік не такі відавочны”, — заўважыў медаліст.
На сустрэчы закранулі тэму стварэння ІТ-кампаніямі фондаў, з якіх, у прыватнасці, магла б фінансавацца аплата працы педагогаў. Па словах міністра адукацыі, гэтая ідэя, магчыма, хутка атрымае заканадаўчае замацаванне.

Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі атрымалі таксама дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Павел Мандрык, трэнеры каманды Уладзімір Котаў і Павел Іржаўскі. Павел, дарэчы, не так даўно выступаў як студэнт на праграмісцкіх спаборніцтвах сусветнага ўзроўню, а зараз ужо асістэнт кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі, трэніруе малодшых калег. Новая змена выкладчыкаў на ФПМІ падрастае! Вось і сярэбраны медаліст чэмпіянату Андрэй Малевіч застаецца ва ўніверсітэце. Двое іншых членаў каманды ўжо працуць у беларускім прадстаўніцтве кампаніі “Яндэкс”. У гэтым годзе хлопцы атрымалі дыпломы БДУ.
Цікава, што чэмпіёнамі свету 2013 года сталі студэнты Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі, на базе якога праходзіў фінал. У камандзе выступаў беларус Генадзь Караткевіч.
Залатыя медалі атрымалі таксама каманды Шанхайскага ўніверсітэта Цзяо Тонг, Такійскага ўніверсітэта і Нацыянальнага Тайваньскага ўніверсітэта. Сярэбраныя медалі чэмпіянату разам з БДУ заваявалі каманды Санкт-Пецярбургскага дзяржуніверсітэта, Варшаўскага ўніверсітэта і Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Бронзавыя медалі дасталіся камандам Ягелонскага ўніверсітэта (Польшча), Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава, Універсітэта Карнэгі-Мэлан (ЗША), Універсітэта Цінхуа (Кітай, Пекін), Пермскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Чэмпіянат свету сёлета ахапіў 29 000 студэнтаў з 2322 універсітэтаў 91 краіны — столькі было ўдзельнікаў у адборачных турах. У фінал выйшлі лепшыя каманды 120 універсітэтаў.

Вольга ІВАНОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.