Сакрэтны код урока раскрылі ўдзельнікі злёту навучэнцаў педагагічных класаў

- 16:41Образование

На базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» прайшоў IV адкрыты злёт навучэнцаў педагагічных класаў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Сёлетняе мерапрыемства насіла статус міжнароднага і аб’яднала больш за 200 чалавек (17 каманд): 161 навучэнец педагагічных класаў Мінска, усіх рэгіёнаў Беларусі і Санкт-Пецярбурга. Адметнасць заключаецца ў тым, што ў яго рабоце ўпершыню ўдзельнічалі 44 маладыя педагогі з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх раёнаў сталіцы.

Злёт пачаўся з ускладання кветак да помніка абаронцам Айчыны і флэшмобу «Будзь у рытме! Будзь з намі!» ля цэнтральнага ўваходу ў музейна-паркавы комплекс «Перамога». Пасля флэшмобу ўсе каманды адправіліся ў «Зубраня», дзе іх чакала цікавая і насычаная праграма.

На цырымоніі адкрыцця каманды прадставілі творчыя візіткі, якія рыхтавалі ў якасці дамашняга задання. У гэты ж дзень для ўдзельнікаў расчыніла дзверы тэматычная гасцёўня «Педагог: выбар, прызванне і лёс», дзе ішла размова на хвалюючыя тэмы. Студэнты БДПУ правялі трэнінгавыя заняткі для маладых педагогаў «Не па камандзе, а ў камандзе», а для навучэнцаў — прафарыентацыйную праграму: РОР-семінар, ОУР-стрым, майстар-клас, трэнінг упэўненасці ў сабе, дзелавую гульню і гульнятэку. Першы дзень злёту завяршыўся квестам па тэрыторыі цэнтра «Добры дзень, «Зубраня!» і дыскатэкай.

У другі дзень маладыя педагогі, удзельнікі злёту, падрыхтавалі навучальную праграму «Кампетэнцыі XXI стагоддзя для прафесійнай будучыні». На інтэрактыўных занятках яны вучылі школьнікаў крэатыўна думаць, заўважаць невідавочныя заканамернасці, падыходзіць да вырашэння праблем нетрадыцыйна і выкарыстоўваць фантазію пры выкананні розных задач. Расказалі, як наяўнасць крытычнага мыслення дапаможа пабудове паспяховай будучыні, хто можа стаць лідарам і як развіць у сабе лідарскія якасці.

Педагогі, члены клуба настаўнікаў Мінска «Вялікі перапынак», падзяліліся вопытам работы з удзельнікамі злёту. Настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 26 Ганна Араноўская правяла інтэлектуальны турнір «Падзеі Вялікай Айчыннай вайны: факты вядомыя і невядомыя», дзе навучэнцы змаглі прадэманстраваць свае веды па гісторыі.

Для маладых калег была праведзена серыя майстар-класаў «Зацікавіць! Матываваць! Вучыць!». Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 94 Любоў Сардалішвілі вучыла моладзь таму, як на занятках ствараць умовы для актыўнай сумеснай дзейнасці вучняў у розных вучэбных сітуацыях.

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 35 Кацярына Алексяюк раскрыла педагогам сакрэтны код свайго ўрока, які заключаецца ў выкарыстанні ёю графічнага спосабу падачы інфармацыі.

Выкладчыца гісторыі і грамадазнаўства Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Ніна Ерахавец на практыцы прадэманстравала, што эфектыўнасць навучання на ўроках можна павысіць, выкарыстоўваючы гульнявыя тэхналогіі. Гейміфікацыя ў адукацыі павышае матывацыю навучэнцаў, дазваляе больш эфектыўна засвойваць матэрыял. Як можна прымяняць міжпрадметныя сувязі для распрацоўкі цікавых заданняў да інтэлектуальных гульняў, прадэманстраваў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 36 Раман Крыцук.

Настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 93, абсалютны пераможца гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2023» Павел Кушнярэвіч на сваім майстар-класе «Святло! Камера! Матор!» навучыў маладых калег таму, як у працэсе навучання можна выкарыстоўваць відэакантэнт і зняць цікавае відэа да вучэбных заняткаў.

Пасля плённай работы ўдзельнікі злёту прадэманстравалі свае здольнасці ў спартыўным свяце «Раўненне на спорт!» і інтэрактыўным праекце «Мудры запавет продкаў» у цэнтры старажытнай бытавой культуры беларусаў «Хутар Неслуч», а таксама здзейснілі вучэбна-пазнавальнае падарожжа «Па сцяжынках юных краязнаўцаў», дзе прайшлі турыстычныя старты: пераадоленне паласы перашкод, мастацкі конкурс, палявая кухня.

Дзень завяршыўся ля вячэрняга вогнішча, дзе ўсе жадаючыя змаглі прадэманстраваць вакальныя даныя ў конкурсе песень «Школьныя гады цудоўныя!».

У трэці дзень прайшла абарона творчых праектаў «Педзлёт: тут былі мы!», а таксама адукацыйнае падарожжа «Ад захаплення — да прафесіі».

Па водзывах, злёт пакінуў незабыўныя яркія ўражанні, узбагаціў новымі ведамі, падчас яго праводзіліся мерапрыемствы, якія дапамаглі пераканацца ў правільнасці выбару педагагічнай прафесіі.

На цырымоніі закрыцця маладым настаўнікам і навучэнцам былі ўручаны сертыфікаты.

***

Злёт праводзіцца раз у два гады з мэтай стварэння ўмоў для прафесійнай арыентацыі навучэнцаў, павышэння значнасці і прэстыжу, сацыяльнага і прафесійнага статусу педагагічнай прафесіі. Яго арганізатарамі з’яўляюцца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена МГІРА