Салёнае цеста стварае цуды

Займацца творчасцю здорава, але не так проста. У нашай школе для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў існуе многа заняткаў па інтарэсах. Адны з іх — “Умелыя ручкі” — па цестапластыцы. Лепка — гэта мастацкая прадукцыйная дзейнасць, якая забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучня.

Цікава, калі людзі пачалі ляпіць фігуркі з цеста? Так, напэўна, з тых даўніх часоў, калі навучыліся рабіць муку. У гісторыі кожнай старажытнай цывілізацыі існуюць згадкі пра цестапластыку як пра важную частку народнай творчасці. Мука і вада, як хлеб, які з іх робяць, з’яўляюцца неад’емнай часткай чалавечай культуры, таму зараз старажытны мастацкі промысел пачынае адраджацца як паўнацэннае дэкаратыўнае мастацтва. Вось і мы з дзецьмі вырашылі паспрабаваць заняцца лепкай, асвоіць некаторыя бакі гэтага майстэрства.

Чаму я выбрала менавіта салёнае цеста? Перавага салёнага цеста ў тым, што гэта экалагічна чысты, бяспечны, лёгкадаступны матэрыял. Мука, соль, вада і кропелька алею — усё, што патрэбна для работы. А колькі задавальнення прыносіць гэты матэрыял у рабоце! Эластычны, цёплы, падатлівы, лёгка мяняе форму — жывы матэрыял для занятку лепкай. У сваёй рабоце з салёным цестам мы выкарыстоўваем наступныя спосабы лепкі: канструктыўны (з’яўляецца больш простым, тут мы лепім прадмет па частках), пластычны (выраб выконваем з цэлага кавалка, без дзялення на часткі), камбінаваны (пры лепцы выкарыстоўваем як цэлы пласт цеста, так і асобныя дэталі).

У пачатку заняткаў навучэнцы вучацца ляпіць плоскія фігуркі і ўпрыгожваць іх. Засвоіўшы асноўныя прыёмы работы з цестам, пачынаюць ляпіць аб’ёмныя фігуры, робяць аснову з фольгі, аблепліваюць яе і вучацца прырабляць да яе больш дробныя дэталі: вушкі, носік, вочкі, хвост. Наступны этап — гэта апрацоўка цестам разнастайных аб’ёмных форм. Дзецям неабходна спачатку абляпіць форму, потым прыдумаць яе ўпрыгажэнне, дабавіць характэрныя дэталі і дробныя дэкаратыўныя элементы (кветкі, грыбы, лісты, шарыкі і многае іншае). Такім чынам, у нас нараджаюцца цудоўныя сувеніры: салянкі, падстаўкі для ручак і іншае. Далей ідзе самы складаны этап — лепка пано. Тут неабходна прымяніць усе навыкі работы з салёным цестам і выкарыстаць фантазію. У маіх дзяцей гэта атрымліваецца выдатна.

Гатовыя вырабы неабходна добра высушыць. Сушым мы іх на абагравальнай батарэі на працягу тыдня, можна сушыць у духоўцы або мікрахвалёўцы. Адным з этапаў вырабу рэчаў з’яўляецца размалёўванне гатовых вырабаў. Для размалёўвання мы выкарыстоўваем гуаш, акварэль і пэндзлікі з грубым шчаціннем. Работы атрымліваюцца цікавыя, выразныя, прывабныя і даўгавечныя. Дзіцячыя работы рэгулярна выстаўляюцца на школьных выставах і выставах СДК. Многія работы ўдзельнічаюць у раённых і абласных конкурсах, займаюць прызавыя месцы. Свае работы навучэнцы дораць бацькам, гасцям, родным, сябрам.

Каб задуманае добра атрымалася, трэба загадзя вызначыць аб’ём і змест работы, падабраць абсталяванне (матэрыял, інструменты) у неабходнай колькасці. Больш за тое, да кожных заняткаў я рыхтуюся загадзя, бо толькі ў гэтым выпадку можна прадугледзець узнікненне цяжкасцей і намеціць шляхі іх устаранення. Заняткі мы заўсёды пачынаем з паўтарэння правіл бяспечных паводзін і ўважлівага разглядання ўзору (малюнка, карціны, вырабу з другарадных дэталей, з якіх складаецца гэты выраб). Потым я тлумачу і паказваю прыёмы лепкі. Пры выкананні вырабу даю дзецям магчымасць праявіць фантазію. Заўсёды падтрымліваю іх, усяляючы ўпэўненасць у тое, што яны могуць выканаць задуманае, што ў іх усё
атрымаецца. У рабоце з дзецьмі ўлічваю іх жаданні, настрой, магчымасці і захапленні. Заняткі праводзяцца ў спакойнай атмасферы, часта пад прыемную музыку, што спрыяе рэлаксацыі і зняццю стомленасці. Калі лепка завершана, дзеці з задавальненнем сузіраюць работы сваіх сяброў, атрымліваюць неапісальнае захапленне і хваляць адно аднаго. Дзеці ўніверсальныя па сваёй прыродзе. Яны могуць многае, калі ім цікава. А цікава там, дзе прысутнічае добрая атмасфера, дзе ёсць навізна і ўмовы для самавыяўлення.

Каб навучыць дзіця ляпіць, недастаткова даць яму кавалачак цеста. Важна паказаць, як гэта рабіць. Менавіта таму неабходна самому ўмець маляваць, ляпіць, майстраваць. Вопыт работы з навучэнцамі па цестапластыцы паказаў, што дзеці з вялікім задавальненнем лепяць разнастайныя вырабы і з вялікай радасцю дораць іх блізкім. Яны лічаць, што самымі каштоўнымі з’яўляюцца сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, гэтыя рэчы здольны захоўваць цеплыню рук таго, хто стварае і дорыць. Насценныя ўпрыгажэнні, забаўныя цацкі, сувеніры робяць іх дом непадобным на іншыя, напаўняюць яго ўтульнасцю і душэўнай цеплынёй.

Цестапластыка здольна на многае, яна вядзе дзяцей у цікавую краіну творчасці і майстэрства. Вельмі вялікае адукацыйнае і выхаваўчае значэнне лепкі, асабліва ў плане разумовага і эстэтычнага развіцця дзіцяці. Лепка падводзіць дзяцей да ўмення арыентавацца ў прасторы, да засваення цэлага шэрага матэматычных уяўленняў. Пры рабоце з цестам у дзяцей знікаюць нервовасць, усхваляванасць, камп’ютарная залежнасць — гэта цудоўная разгрузка, у дзяцей паляпшаецца канцэнтрацыя ўвагі. Дзіця пераносіць у работу сваю шчырую цікавасць, здзіўленне або захапленне, яно не толькі адлюстроўвае свет, але і пазнае яго.

Цестапластыка дае мноства магчымасцей, разнастайныя прыёмы лепкі паляпшаюць дакладнасць рухаў пальцаў і рук. Яна дапамагае ў развіцці сенсорнай маторыкі — развіццю ўспрымання і фарміраванню ўяўленняў пра знешнія ўласцівасці прадметаў, іх форму, колер і велічыню. Лепка з цеста дапамагае дзецям раскрыць іх талент і развіць творчае мысленне. У калектыўных работах дзеці вучацца камунікатыўным навыкам, свабодным зносінам адно з адным, талерантнасці і добразычлівасці. Выкарыстанне цеста-пластыкі выхоўвае такія станоўчыя якасці, як самастойнасць і мэтанакіраванасць у выкананні работы, уседлівасць і настойлівасць, уменне давесці работу да канца, акуратнасць і многія іншыя. Пры стварэнні вырабаў для разнастайных выстаў, падарункаў для бацькоў і сяброў выхоўваюцца гордасць за сваю краіну, любоў да блізкіх.

Лепка з цеста — гэта даступны занятак для дзяцей, які прыносіць неацэнную карысць для здароўя цела і душы. Актывізуецца работа рук, мозга, ідзе поўнае расслабленне цела. Назіраючы за тым, як радуецца дзіця, зрабіўшы выраб, у які яно ўклала сваю працу, выдумку, як яно пачынае адчуваць задавальненне і гордасць ад вынікаў сваёй дзейнасці, становіцца больш упэўненым у сваіх магчымасцях, я бачу значнасць маёй работы, неабходнасць цестапластыкі для навучэнцаў.

Ганна ЯНЧЭЎСКАЯ,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Умелыя ручкі”
Пугачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Валожынскага раёна.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *