Самая студэнцкая дзяржава ў СНД

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Беларусь лідзіруе сярод краін СНД па суадносінах колькасці студэнтаў і колькасці насельніцтва. Такія даныя апублікаваў у аглядзе да Сусветнага дня студэнта (17 лістапада) Белстат.

У 2016/2017 навучальным годзе ў 51 установе вышэйшай адукацыі рэспублікі вучыліся 313 тысяч студэнтаў. Па іх колькасці ў разліку на 10 тысяч насельніцтва Беларусь мела самы высокі паказчык сярод краін СНД — 330 чалавек. Следам па ўбываючай ідуць Украіна, Арменія, Расія, Кыргызстан, Казахстан, Таджыкістан, Малдова, Азербайджан.

На дзённай форме навучання ў Беларусі веды і прафесію атрымліваюць 172,6 тысячы чалавек, на завочнай — 139,2 тысячы, на вячэрняй — 1,4 тысячы. Пры гэтым колькасць дзяўчат крыху большая за колькасць маладых людзей.

Самымі запатрабаванымі застаюцца спецыяльнасці эканамічнага і юрыдычнага профіляў. Па іх вучыцца трэць усіх студэнтаў. Таксама карыстаюцца попытам у рэспубліцы спецыяльнасці тэхнічнага профілю — да іх праявіў цікавасць кожны пяты студэнт. З педагогікай звязвае сваю будучыню кожны дзясяты. Спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю выбіраюць 8 працэнтаў студэнтаў, медыцынскія — 7 працэнтаў.

Дзяржава заахвочвае маладых людзей, якія імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю. У 2016/2017 навучальным годзе 91 тысяча студэнтаў атрымлівала стыпендыю (або кожны другі студэнт дзённай формы навучання).