Самая важная рэліквія — памяць

- 13:41Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Прыклад мужнасці, доблесці, служэння Айчыне. Сярэдняя школа № 4 імя П.І.Батава Слоніма з гонарам носіць імя двойчы Героя Савецкага Саюза. 

2022 год знамянальны ў гісторыі сярэдняй школы № 4 Слоніма. 30 красавіка наша школа адзначыла 35 гадоў з дня прысваення ёй імя Паўла Іванавіча Батава. А 1 чэрвеня мы адзначалі 125-годдзе з дня нараджэння знакамітага палкаводца двойчы Героя Савецкага Саюза Паўла Іванавіча Батава. Я ганаруся тым, што прафесійны лёс звязаў мяне з установай адукацыі, якая носіць імя гэтага легендарнага чалавека. Значны ўклад у захаванне гістарычнай памяці на працягу многіх гадоў уносяць навучэнцы сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма. Плённай працай следапытаў нашай школы быў створаны народны музей баявой і працоўнай славы. Асабліва патрэбна была дапамога ў перыяд станаўлення музея. І сваё генеральскае плячо падставіў Павел Іванавіч, знайшоўшы месца простай беларускай школе ў сваім вялікім сэрцы.

У знак глыбокай павагі да Слонімшчыны генерал арміі перадаў на вечнае захоўванне школьнаму музею дакументальныя матэрыялы і асабістыя рэчы франтавога перыяду, сваю генеральскую форму.

35 гадоў назад у адным з нумароў газеты “Во славу Родины” члены савета нашага музея прачыталі нататку В.Д.Іванова. У ёй гаварылася, што ў Слоніме пахаваны гвардыі яфрэйтар 37-й гвардзейскай стралковай дывізіі Мікалай Мірошнік, які пры вызваленні Слоніма паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава. Зусім няпроста было даведацца пра падрабязнасці подзвігу, бліжэй азнаёміцца з біяграфіяй героя. Архівы музея нічым не дапамаглі. Тады і вырашылі звярнуцца з просьбай да камандуючага 65-й арміі П.І.Батава. На поспех не разлічвалі. Ці можа камандуючы войскам ведаць аб лёсе радавога сал­дата? Аднак адказ прыйшоў хутка. З дапамогай Паўла Іванавіча навучэнцы школы завяршылі свой пошук. Так была ўстаноўлена цесная сувязь з генералам 65-й арміі.

Дзякуючы дапамозе і садзейнічанню П.І.Батава, былі ўстаноўлены імёны дарагіх сланімчанам людзей, адноўлены многія старонкі гісторыі нашага горада. На працягу больш як дзесяці гадоў савет музея вёў з ім перапіску, атрымліваючы ад яго цікавыя, змястоўныя лісты, у якіх экскурсаводы знаходзілі адказы на многія хвалюючыя пытанні. Члены савета музея неаднаразова бывалі ў гасцях у Паўла Іванавіча ў Маскве.

П.І.Батаў быў незвычайна сціплым, простым і спагадлівым чалавекам. На працягу многіх гадоў ён умела каардынаваў работу членаў савета музея, якія звярталіся да яго як да старэйшага сябра і надзейнага памочніка.

У перапісцы з палкаводцам навучэнцы школы расказвалі яму пра свае поспехі ў вучобе і грамадскіх справах. Таксама неаднаразова прасілі яго даць згоду на прысваенне сярэдняй школе № 4 Слоніма яго імені, ведаючы аб тым, што двойчы Героям Савецкага Саюза бюст устанаўліваецца пры іх жыцці, увекавечваюцца іх імёны. Аднак генерал арміі П.І.Батаў, выключна сціплы чалавек, лічыў, што пры жыцці прысвойваць яго імя школе заўчасна. І толькі 30 красавіка 1987 года, у год 90-годдзя з дня нараджэння палкаводца, пастановай Савета Міністраў БССР сярэдняй школе № 4 Слоніма было прысвоена імя Паўла Іванавіча Батава, удзельніка Першай сусветнай вайны, грамадзянскай вайны ў Іспаніі, вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі, савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Права насіць імя героя школа № 4 Слоніма пацвердзіла шматгадовай працай па патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Гэта вынік сумеснай работы навучэнцаў і педагогаў, актыўнага ўзаемадзеяння з ветэранамі, работы школьнага музея баявой і працоўнай славы. Ва ўстанове адукацыі кожную вясну праходзіць школьны конкурс “Батавец года”.

У падарунак музею маскоўскі скульптар Г.Я.Кабзараў перадаў бюст Паўла Іванавіча Батава.

Навучэнцы школы вялі і вядуць вялікую работу па зборы звестак аб жыцці вялікага палкаводца. Да 75-гадовага юбілею ўстановы адукацыі ў музеі абноўлена экспазіцыя, прысвечаная Паўлу Іванавічу. Неабходна адзначыць, што перапіска і сяброўства з генералам працягвалася да самай смерці П.І.Батава…

Савет народнага музея вёў і вядзе вялікую пошукавую работу. Удалося адшукаць сотні ветэранаў, дзясяткі злучэнняў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Слонімшчыны. Былі адноўлены каля 200 імёнаў воінаў і партызан, якія загінулі ў баях і лічыліся прапаўшымі без вестак.

З мэтай абмену інфармацыяй, папаўнення музейнай экспазіцыі наладжана перапіска з маскоўскай школай № 390 імя генерала П.І.Батава, у якой ёсць музей баявой славы “Шлях 65-й арміі”. А экспазіцыя школьнага музея “Ад салдата да генерала” расказвае пра этапы ваеннай біяграфіі П.І.Батава.

У кожнай сям’і ёсць асабліва дарагія рэчы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Яны захоўваюць дух мінулага, ажыўляюць гісторыю, вядомую па падручніках і мастацкіх творах аб вайне, нагадваюць аб тым, што было тады з блізкімі нам людзьмі. Дзякуючы гэтым рэліквіям, мы можам дакрануцца да падзей гісторыі вялікай краіны. У нашай школьнай сям’і гэта памяць пра Паўла Іванавіча Батава.

І мы, навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма, памятаем наказ Паўла Іванавіча: “Ваша сяброўства, вашы сувязі няхай будуць такімі ж неахопнымі, як наша краіна. Чым больш у чалавека сяброў, тым менш трывог і смуткаў, тым багацейшае яго ўласнае жыццё”. 

Таццяна СВІРЭПІК,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма.