Самы здаровы сямейны праект

- 12:23Выхаванне

Што можа быць больш значным для кожнага з нас, чым сям’я? Пытанне, здаецца, рытарычнае. Аднак адказ усё ж ёсць — здаровая сям’я. Напярэдадні галоўнага жаночага свята ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэзентацыя сацыяльна-адукацыйнага праекта “Здаровая сям’я — здаровая нацыя”, рэалізацыя якога распачалася ў пачатку сакавіка Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз жанчын”. Асноўная мэта праекта — сфарміраваць у грамадстве каштоўнасць сям’і, культуру сямейных зносін, а таксама адказнасць за нараджэнне і выхаванне здаровых дзяцей.

— У нашай дзяржаве выключная ўвага ўдзяляецца сацыяльнай падтрымцы мацярынства, дзяцінства і сям’і, асабліва мнагадзетнай. Аднак, на жаль, у цяперашні час сучасная беларуская сям’я перажывае і шэраг складанасцей, бо традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, а менавіта каштоўнасці бацькоўства і шлюбу, мяняюць свой змест пад уплывам рэалій сучаснага жыцця, — расказаў рэктар БДПУ імя Максіма Танка кіраўнік праекта “Здаровая сям’я — здаровая нацыя” Аляксандр Іванавіч Жук.
Сумнявацца ў гэтым не дазваляюць факты. Паводле слоў Аляксандра Іванавіча і афіцыйных даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі апошніх гадоў, у сучаснай беларускай сям’і існуюць і некаторыя праблемы. У прыватнасці, існуе праблема маладзетнасці, павялічваецца ўзрост уступлення ў шлюб і нараджэння першынца, распадаецца звыш 40% заключаных шлюбаў, вялікая колькасць дзяцей выхоўваецца ў няпоўных сем’ях, не апошнюю ролю іграюць і праблемы неафіцыйнай сям’і.— Мне падаецца, што гэтыя негатыўныя тэндэнцыі ў многім абумоўлены падзеннем сямейных каштоўнасцей і недастатковым узроўнем гатоўнасці будучых бацькоў да стварэння паўнавартаснай сям’і і нараджэння і выхавання здаровых дзяцей. Таму ў аснове распрацоўкі нашага праекта — усведамленне, з аднаго боку, выключнай ролі жанчыны-маці, а з другога — ролі педагогаў, настаўнікаў у фарміраванні каштоўнасцей сям’і, інстытута сям’і і падрыхтоўцы моладзі да ўсвядомленага і адказнага бацькоўства, — растлумачыў Аляксандр Іванавіч.
Дарэчы, праект “Здаровая сям’я — здаровая нацыя” доўгатэрміновы, рэалізоўваць яго плануецца на працягу амаль двух гадоў — з сакавіка 2016 да снежня 2017 года. Разам з сацыяльнымі партнёрамі, якія далучыліся да праекта, — Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам інфармацыі, а таксама Міні-стэрствам аховы здароўя — працаваць у поўную сілу плануецца па розных кірунках.
— Мы хочам правесці даследаванне адносін навучэнскай моладзі, школьнікаў, навучэнцаў ПТНУ і ССНУ, студэнцкай моладзі, а таксама бацькоў і педагогаў да сям’і і шлюбу, да сямейна-шлюбных каштоўнасцей, — расказаў Аляксандр Іванавіч.
Дарэчы, анкетаванне гэтых груп насельніцтва і будзе першым даследча-арганізацыйным этапам праекта, ажыццявіць які неабходна да красавіка бягучага года. Ужо з мая плануецца рэалізацыя асноўнага этапу, падчас якога прадугледжваецца шэраг мерапрыемстваў па распаўсюджванні станоўчага вопыту культуры сямейных адносін і сямейнага выхавання ў сродках масавай камунікацыі — стварэнне сюжэтаў, рубрык, рэпартажаў па сямейнай тэматыцы. Рэктар БДПУ імя Максіма Танка падкрэсліў, што ўсё гэта плануецца зрабіць не толькі з дапамогай тэлебачання, радыё і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, асаблівая ўвага будзе ўдзелена правядзенню гэтай работы ў сацыяльных сетках, дзе ў асноўным маюць зносіны маладыя людзі, а значыць, будучыя бацькі. З мэтай павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці ў галіне сямейна-шлюбных адносін будуць праведзены шматлікія семінары, трэнінгі і майстар-класы, конкурсы для навучэнцаў і студэнтаў, а таксама для бацькоў і педагогаў.
Акрамя таго, плануецца распрацоўка, выпуск і распаўсюджванне рэкламных праспектаў, памятак, брашур і метадычных рэкамендацый для школьнікаў і студэнтаў, бацькоў і педагогаў па фарміраванні каштоўнасцей сям’і, рэпрадуктыўнага здароўя, нараджэння і выхавання здаровых дзяцей.
— Прадугледжваецца таксама арганізацыя семінараў-практыкумаў для педагогаў і псіхолагаў устаноў адукацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны, дзе будзе задзейнічаны не толькі наш універсітэт, але і ўсе рэгіянальныя УВА, якія займаюцца падрыхтоўкай педагагічных кадраў, у прыватнасці педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, — падкрэсліў рэктар БДПУ. — Галоўная ідэя праекта — уключыць саміх навучэнцаў у яго рэалізацыю. Маладыя людзі, якія стаяць на парозе стварэння ўласнай сям’і, павінны добра разумець каштоўнасць сям’і і важнасць выхавання здаровых дзяцей.
Асноўная частка праекта працягнецца да кастрычніка 2017 года, а яго завяршальным этапам стане правядзенне Рэспубліканскага маладзёжнага форуму “Сям’я ХХІ стагоддзя” і нацыянальнага форуму “Здаровая сям’я — здаровая нацыя”, запланаваныя на лістапад — снежань 2017 года.
— Мы ўпэўнены, што рэалізацыя праекта з удзелам усіх зацікаўленых дапаможа ўмацаванню статусу сям’і ў нашай дзяржаве, павышэнню культуры сямейных адносін, зніжэнню сямейнага недабрабыту, змяншэнню колькасці разводаў і колькасці людзей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы ў сацыяльнай сферы, — упэўнены Аляксандр Іванавіч Жук. — Мы лічым, што захаванне і ўмацаванне сучаснай беларускай сям’і — задача ўсенародная.

Людміла ГУРСКАЯ.