Санкцыі супраць Расіі не павінны быць інструментам прамысловай палітыкі ЗША

Санкцыі ЗША супраць Расійскай Федэрацыі ў выпадку іх уступлення ў сілу могуць падарваць рэалізацыю ключавых для энергабяспекі Еўрасаюза праектаў. Аб гэтым гаворыцца ў апублікаванай заяве Еўракамісіі (ЕК) па выніках абмеркавання новага законапраекта аб санкцыях ЗША супраць Расіі, Ірана і КНДР.

“У залежнасці ад прымянення гэтыя санкцыі мо­гуць закрануць праекты транспарціроўкі энергетычных рэсурсаў, у тым ліку абслугоўванне і мадэрнізацыю газаправодаў у Расіі. Яны таксама могуць падарваць ключавыя праекты для дыверсіфікацыі крыніц энергіі, уключаючы рэалізацыю праекта будаўніцтва Балтыйскага тэрмінала звадкаванага прыроднага газу”, — гаворыцца ў заяве.

Там адзначана, што Еўракамісія гатова ажыццявіць канкрэтныя дзеянні для абароны еўрапейскіх інтарэсаў, калі яны будуць закрануты новымі санкцыямі ЗША. Аб якіх мерах ідзе размова, не ўдакладняецца.

У сваю чаргу прадстаўнік МЗС ФРГ Марцін Шэфер на брыфінгу ў Берліне заявіў, што ЕС удалося перака­наць ЗША ўнесці шэраг важных змяненняў у законапраект аб санкцыях супраць Расіі, але заклапоча­насць застаецца. “Аб занепакоенасці гаворыць не толькі нямецкая прамысловасць. Каля чатырох тыдняў назад выказваў занепакоенасць кіраўнік нямецкага МЗС, а таксама аўстрыйскі канцлер. Яны гаварылі, што санкцыі супраць Расіі не павінны быць інструментам прамысловай палітыкі ЗША”, — сказаў Марцін Шэфер.

Прадстаўнік МЗС адзначыў, што ўрад ФРГ, Еўракамісія, Еўрасаюз прыводзілі Вашынгтону свае аргументы. “Тэкст прынятага законапраекта ў параўнанні з тым, што мы бачылі 4—6 месяцаў назад, значна палепшыўся, — дадаў Марцін Шэфер. — Мы дабіліся вялікага прагрэсу, змаглі пераканаць нашых партнёраў у Вашынгтоне, што дзейнічаць трэба сумесна”.

Паводле яго слоў, нельга праводзіць прамысловую палітыку “пад прыкрыццём санкцый”. “Мы бу­дзем і далей даносіць гэта да сваіх партнёраў”, — адзначыў ён.

У амерыканскім законапраекце, зацверджаным 25 ліпеня, змешчаны абмежавальныя меры адносна Расіі, прынятыя папярэдняй Адміністрацыяй ЗША на чале з прэзідэнтам Баракам Абамам на падставе яго выканаўчых указаў. Размова ідзе аб санкцыях, уве­дзеных 6 сакавіка і 18 снежня 2014 года, 1 красавіка 2015 года, 26 ліпеня і 29 снежня 2016 года.

Еўрапейцаў хвалюе ўпамінанне праекта “Паўночны паток — 2”. Дакумент патрабуе ад урада ЗША прадаўжаць процідзеянне будаўніцтву трубаправода Nord Stream 2. Сцвярджаецца, што праект мае шкоднае ўздзеян­не на энергетычную бяспеку Еўрапей­скага саюза, развіццё газавага рынку Цэнтральнай і Усхо­дняй Еўропы і энергетычныя рэформы ва Украіне. Адначасова ў законапраекце гаворыцца, што ўраду ЗША трэба зрабіць прыярытэтам экспарт амерыканскіх энергарэсурсаў у Еўропу, каб ствараць рабочыя месцы ва ўласнай эканоміцы.