Санкцыі супраць расійскіх тавараў працягнуты

- 10:44Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Кабінет міністраў Украіны прадоўжыў дзеянне ўкраінскіх санкцый супраць Расіі да канца 2017 года. Аб гэтым на пасяджэнні кабінета міністраў заявіў першы віцэ-прэм’ер-міністр — міністр эканамічнага развіцця Украіны Сцяпан Кубіў.

Паводле яго слоў, будзе прадоўжана да 31 снежня 2017 года ўключна дзеянне забароны на ўвоз на мытную тэрыторыю Украіны тавараў, што паходзяць з Расіі, зацверджаных пастановай кабінета міністраў ад 30 снежня 2015 года нумар 1147. Рашэнне аб прадаўжэнні санкцый адносна расійскіх тавараў “падрыхтавана для гарантавання нацыянальнай бяспекі Украіны”.

Паводле слоў Сцяпана Кубіва, узаемныя гандлёвыя абмежаванні прывялі да скарачэння гандлю паміж дзвюма краінамі на 42 працэнты ў студзені — красавіку бягучага года. Акрамя таго, ад гэтага Кіеў прадаўжае страчваць іншыя рынкі збыту. У сувязі з гэтым па ініцыятыве першага віцэ-прэм’ера члены кабміна вырашылі абмеркаваць у закрытым рэжыме прапановы міністэрстваў і ведамстваў адносна абмежаванняў у гандлі з Расіяй, якія ў далейшым будуць вынесены на пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.

Дзеянне цяперашняй забароны аўтаматычна завяршалася 5 жніўня 2016 года або пры ўмове “адмены забароны ўвозу на мытную тэрыторыю Расійскай Федэрацыі тавараў сельгаспрызначэння, прадукцыі і сыравіны, што паходзяць з Украіны”.

Ва Украіне з 1 студзеня 2016 года ўступіў у сілу рэжым зоны свабоднага гандлю з ЕС. У існуючых абставінах Расія, як заявіла МЗС Расійскай Федэрацыі, вымушана была прыняць меры, што нівеліруюць рызыкі, якія ўзнікаюць для яе эканомікі, і прыпыніла адносна Украіны дзеянне дагавора аб зоне свабоднага гандлю (ЗСГ). У рамках гэтага рашэння Расія забараніла ўвоз сельгаспрадукцыі, сыравіны і прадуктаў харчавання з Украіны з 1 студзеня 2016 года. Украіна, у сваю чаргу, з 10 студзеня 2016 года ўвяла забарону на ўвоз 43 відаў тавараў з Расійскай Федэрацыі.

29 чэрвеня Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прадоўжыў да канца 2017 года дзеянне харчовага эмбарга адносна дзяржаў, якія ўвялі санкцыі супраць Расіі. Эмбарга датычыцца ў тым ліку Украіны.