Сапраўдная…

- 10:47Актуально, Апошнія запісы

І яшчэ раз аб тым, што нашай “Настаўніцкай газеце” напрыканцы мінулага года споўнілася 70 гадоў…
70 гадоў — добрая дата.

Ці дакладна вы ўсведамляеце, што з намі адбылося за апошнія 70 гадоў? Нас, жыхароў Беларусі, пабольшала за гэтыя 70 гадоў амаль на два з паловай мільёна чалавек, і сёння нас — 9,5 мільёна. Нас, жыхароў Зямлі, пабольшала за гэтыя 70 гадоў на некалькі мільярдаў, і сёння нас — прыблізна 7 400 000 000. Сярэдняя тэмпература на Зямлі за апошнія 70 гадоў вырасла на 3 градусы па Цэльсію, а ўзровень акіяна — на 15 сантыметраў. Сэрцы тых людзей, якім сёння 70 гадоў, скараціліся за гэты час каля 300 мільярдаў разоў… 70 гадоў у такім разе — гэта многа ці мала?
70 гадоў — добрая дата.
Але ў гэта проста не верыцца.
70 гадоў нашы настаўнікі даставалі з паштовых скрынь нашу “Настаўніцкую газету” і чыталі яе, часам зачытваючы да дзірак.
Але ў гэта проста не верыцца.
70 гадоў нашы міністры адукацыі першым чынам з рэдакцыйнай пошты разгортвалі нашу “Настаўніцкую”.
Але ў гэта проста не верыцца.
70 гадоў нашы журналісты сустракаюцца з настаўнікамі і выкладчыкамі, дырэктарамі школ і рэктарамі ўніверсітэтаў, міністрамі і кіраўнікамі рэгіянальных сістэм адукацыі: слухаюць іх, распытваюць, выказваюць свае меркаванні, іншым разам спрачаюцца, але часцей знаходзяць кампрамісныя рашэнні, хвалююцца, радуюцца, натхняюцца…
Але ў гэта проста не верыцца.
70 гадоў назад выйшаў першы нумар “Настаўніцкай газеты”.
У гэта проста не верыцца.
Але гэта так.
70 гадоў мы, журналісты “Настаўніцкай газеты”, шчыруем за адну справу — каб пра адукацыю ў нашай краіне людзі ведалі ўсю праўдзівую інфармацыю.
І ў гэта якраз ВЕРЫЦЦА.І ў гэта асабліва верылася, калі ў мінулую пятніцу, 22 студзеня, у гасцінічным комплексе Renaissance мы ўсе разам — міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык і намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Уладзіміравіч Матусевіч, іншыя прадстаўнікі міністэрстваў, члены ўрада Рэспублікі Беларусь, парламентарыі, прадстаўнікі рэгіянальных вертыкалей сістэмы адукацыі, кіраўнікі розных інстытутаў адукацыйнага профілю, настаўнікі, выкладчыкі і мы самі, супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты”, ды нашы шматлікія сябры і родныя — сабраліся разам, каб сказаць адно аднаму шчырыя словы ўдзячнасці і проста адпачыць, атрымаўшы асалоду ад дыхтоўнага канцэрта.
Адкрываючы ўрачыстасці, галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў паўжартам прызнаўся, што да падрыхтоўкі свайго выступлення паставіўся менавіта як рэдактар самога ж сябе, а ў рэдактарскай справе галоўнае — “не дапісаць і не расквеціць, а максімальна скараціць і захаваць ісціну”. Вадзім Аляксандравіч назваў два асноўныя моманты, якія найбольш ярка характарызуюць “Настаўніцкую газету”. Першы — гэта ўцягнутасць выдання асветнікаў Рэспублікі Беларусь у штодзённае жыццё агромністай сацыяльна значнай галіны. “Мы не ведамаснае выданне, — падкрэсліў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”. — Мы — выданне галіновае. Мы працуем для ўсёй галіны. І разам з ёй дзелім радасці, а калі лёс распараджаецца інакш, то і перажываем паражэнні. Мы працуем для педагогаў, разам з педагогамі і не ўяўляем сябе па-за сістэмай адукацыі. Мы не пабочныя назіральнікі і не безуважныя крытыкі. Мы жывём жыццём адукацыйнай сферы, і гэта найважнейшы фактар, які ўжо 70 гадоў робіць “Настаўніцкую газету” такой, якая яна ёсць, — патрэбнай педагогам, сваёй і роднай для іх”.
Вадзім Аляксандравіч заўважыў, што для журналістаў “Настаўніцкай газеты” гэта абсалютна натуральная рэч — шчыра радавацца ад зносін з настаўнікамі і гэтак жа шчыра абурацца, калі яны бачаць і чуюць, як прыніжаюць настаўніка. “І вось тады стрымаць іх яшчэ больш цяжка, чым натхніць на напісанне матэрыялу з нагоды якога-небудзь чарговага юбілею”.
В.А.Кнышаў выказаў словы глыбокай удзячнасці заснавальніку газеты — Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь, “якое накіроўвае, але не ўмешваецца”, і асабіста міністру Міхаілу Анатольевічу Жураўкову, усёй педагагічнай грамадскасці, прадстаўнікам рэгіянальных органаў кіравання адукацыі, нашым сацыяльным партнёрам, якія двойчы ўдастойвалі “Настаўніцкую” ганаровым званнем “Лепшае галіновае выданне Рэспублікі Беларусь”, і, безумоўна, творчаму калектыву газеты.
А другім момантам, без якога немагчыма ўявіць “Настаўніцкую газету”, Вадзім Аляксандравіч назваў тое, што ўсе 70 гадоў свайго існавання выданне захоўвае вернасць роднаму слову. “Я лічу, што гэта яскравы доказ мудрасці дзяржаўнай палітыкі ў моўнай галіне, — падкрэсліў выступоўца. — Мы не палітызуем моўнае пытанне. Мы проста прафесійна робім нашу вельмі адказную, сацыяльна значную і карысную справу на нашай роднай беларускай мове”.Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў зачытаў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, у якім адзначаецца, што ў “Настаўніцкай газеты” багатая гісторыя і слаўныя традыцыі, што на працягу многіх гадоў выданне з’яўляецца трыбунай для абмену педагагічным вопытам, расказвае аб развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі, не застаецца ў баку ад самых вострых праблем, якія трывожаць сучаснае грамадства. Поўны тэкст віншавання кіраўніка краіны мы друкавалі ў святочным снежаньскім нумары газеты.
Галоўнаму рэдактару “Настаўніцкай газеты” Вадзіму Аляксандравічу Кнышаву Міхаіл Анатольевіч уручыў падзяку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Андрэя Уладзіміравіча Кабякова калектыву рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”. Са свайго боку міністр адукацыі падкрэсліў, што “Настаўніцкую газету” ў міністэрстве заўсёды лічылі і лічаць любімай. “Сёння многія арганізацыі, нават асобныя бізнесмены лічаць за гонар мець уласны друкаваны орган, — заўважыў Міхаіл Анатольевіч. — І нам вельмі прыемна, што ў нашай адукацыйнай галіне такое сваё выданне ёсць. Не кожнае міністэрства ў нашай краіне можа пахваліцца тым, што з’яўляецца заснавальнікам газеты, якая выходзіць у свет ужо 70 гадоў і на самай справе з’яўляецца вельмі прафесійным выданнем. Думаю, з “Настаўніцкай газеты” добрая палова нашай педагагічнай грамадскасці пачынае свой працоўны дзень. І цудоўна, што актуальнасць інфармацыі, якую падае “Настаўніцкая газета” са сваіх старонак, не знікае. З’яўляюцца ўсё новыя і новыя рубрыкі, узнімаюцца ўсё новыя і новыя тэмы. Безумоўна, сёння, у век інфармацыйных тэхналогій, многія сродкі масавай інфармацыі сыходзяць у віртуальную сферу. У “Настаўніцкай газеты” таксама ёсць свая прасунутая электронная версія. Але ўсё роўна чамусьці менавіта папяровую газету патрымаць у руках хочацца ўсім, у тым ліку і моладзі, пра якую кажуць, што яна нібыта прызнае толькі гаджэты. Я і сам, шчыра кажучы, прыхільнік папяровага варыянта… Я заўсёды вельмі рад бачыць і галоўнага рэдактара нашай газеты, і ўсіх журналістаў яе творчага калектыву. Я абсалютна ўпэўнены, што “Настаўніцкая газета” як жыла, так і шчасліва будзе жыць далей”.
Ад імя Міністэрства адукацыі Міхаіл Анатольевіч уручыў галоўнаму рэдактару “Настаўніцкай газеты” Вадзіму Аляксандравічу Кнышаву сімвалічны каштоўны падарунак — узноўлены па традыцыйных тэхналогіях фрагмент слуцкага пояса. І, безумоўна, знайшлі сваіх герояў асобныя ўзнагароды і падзякі Міністэрства адукацыі. Міністр уручыў нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” галоўнаму рэдактару “Настаўніцкай газеты” Вадзіму Аляксандравічу Кнышаву. Падзякі міністра і каштоўныя падарункі атрымалі рэдактар аддзела кіравання адукацыяй “Настаўніцкай газеты” Ала Мікалаеўна Клюйко і рэдактар праблем выхавання Ігар Віктаравіч Грэчка, ганаровую грамату міністэрства — рэдактар аддзела культуры Мікалай Мікалаевіч Гілевіч, больш вядомы чытачам выдання як Мікола Чэмер, граматы міністэрства — намеснік галоўнага рэдактара Наталля Аляксееўна Кастэнка, уласны карэспандэнт па Брэсцкай вобласці Сяргей Уладзіміравіч Грышкевіч, рэдактар аддзела школ Вольга Анатольеўна Гілевіч, якую чытачы газеты ведаюць як Вольгу Дубоўскую, загадчык аддзела школ Наталля Сяргееўна Калядзіч, тэхнічны рэдактар 1-ай катэгорыі Уладзімір Мікалаевіч Цвяткоў.
Ад імя міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Станіславаўны Ананіч з 70-годдзем з дня выхаду першага нумара “Настаўніцкай газеты” калектыў выдання павіншаваў намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Уладзіміравіч Матусевіч. “У нашым міністэрстве мы таксама адзначаем плённую працу “Настаўніцкай газеты”, — сказаў са сцэны Уладзімір Уладзіміравіч. — Гэтае выданне, безумоўна, з’яўляецца флагманам, лідарам айчыннай педагагічнай прэсы. Газета ўносіць важкі ўклад у інфармацыйнае забеспячэнне дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі. Да таго ж выданне эфектыўна працуе не толькі ў творчым плане, але і ў эканамічным, што ў наш час вельмі важна. У “Настаўніцкай газеты” сапраўды надзвычай таленавіты, працавіты і прафесійны калектыў. І асабліва важна, што журналісты выдання працуюць так удумліва і нераўнадушна, унікаючы ва ўсё тое, што адбываецца ў нацыянальнай адукацыі, у жыцці і працы беларускіх педагогаў. Дзякуючы гэтаму, “Настаўніцкая газета” і з’яўляецца роднай і блізкай для многіх-многіх тысяч айчынных настаўнікаў”.
Уладзімір Уладзіміравіч Матусевіч таксама ўручыў узнагароды супрацоўнікам “Настаўніцкай газеты”. Так, нагрудны знак “Выдатнік друку Беларусі” атрымала рэдактар аддзела вышэйшай школы і навукі Галіна Генадзьеўна Сідаровіч, ганаровыя граматы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь — намеснікі галоўнага рэдактара Вераніка Іванаўна Саламевіч і Уладзімір Уладзіміравіч Фалалееў, адказны сакратар Валерый Фёдаравіч Бурдусь, рэдактар аддзела рэгіянальнай адукацыі Генадзь Міхайлавіч Ешчанка, вядучы тэхнічны рэдактар Соф’я Іванаўна Фянько.
Цёплыя словы ў адрас калектыву “Настаўніцкай газеты” ў сувязі з юбілеем знайшліся таксама ў старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандра Іванавіча Сягодніка і яго намесніцы Наталлі Генадзьеўны Кучынскай. Яны звярнуліся да прысутных ад імя ўсёй вялікай групы дэпутатаў, якая завітала на юбілей газеты. Прыгожым вечарам сяброў назваў Аляксандр Іванавіч урачыстае мерапрыемства ў гасцінічным комплексе Renaissance. “Ёсць такія цудоўныя выразы, як “родны кут”, “родная школа”, “родны інстытут”, “родная хата”, — заўважыў парламентарый. — І ў гэты ж шэраг хочацца паставіць такі выраз, як “родная газета”. Маю на ўвазе, канечне ж, нашу “Настаўніцкую газету”. Выданне сапраўды прадстаўляе цэлую галіну. А што такое наша галіна? З ёй звязана кожная беларуская сям’я, кожны беларус. Значыць, “Настаўніцкую газету” можна лічыць народнай газетай. Яна адлюстроўвае жыццё абсалютна кожнага куточка нашай адукацыі”.У сваю чаргу Наталля Генадзьеўна Кучынская выступіла найперш ад імя настаўніцкіх калектываў рэгіёнаў са словамі глыбокай падзякі “Настаўніцкай газеце” — падзякі за тое, што, дзякуючы ёй, у іх ёсць свая пляцоўка для канструктыўных прафесійных зносін. “Гэта насамрэч вельмі важна, што сёння “Настаўніцкая газета” ідзе ў рэгіёны, піша пра простую школу, просты дзіцячы садок у правінцыі, — адзначыла Наталля Генадзьеўна. — Калі чалавек разгортвае газету і бачыць там сваё імя і прозвішча, ён адчувае сваю запатрабаванасць, расце як прафесіянал. А я асабіста люблю гэтую газету за тое, што яна сапраўдная. Менавіта так — сапраўдная. І тое, што газета будзе жыць, несумненна, бо яна выконвае вечныя місіі: адукоўвае, выхоўвае, робіць людзей больш багатымі духоўна і культурна”.
Канцэрт, рэй на якім вялі тэлевядучая Марына Баранчук і намеснік галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Уладзімір Фалалееў, парадаваў прысутных яскравымі нумарамі ўзыходзячых і вядомых зорак нашай эстрады. Бліскуча выступілі пераможцы розных этапаў конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца”, які ўжо 5 гадоў ладзіць “Настаўніцкая газета”: Вадзім Лукашэвіч і Аліна Пяткевіч з Ашмян, Вераніка Самускевіч з Баранавіч, Ганна Сапоцкая і Дзяніс Васілевіч са Слуцка, Артур Міроненка з Касцюковіч, Вольга Шамархан з Чашнікаў, Надзея Рышкевіч са Шчучына, Артур Куцко з Пінска, Уладзімір Ізотаў з Сянна, а таксама педагог па вакале конкурсу Алеся Ганчарова. Сваё майстэрства ў харэаграфіі паказалі ўзорны ансамбль эстраднага танца “Драйв” з Хойнікаў, узорны танцавальны калектыў “Экшн” з Петрыкава, танцавальны калектыў “Эльфрыданс” гімназіі № 1 Горак. Прыязна сустрэла публіка нумары ў выкананні вакальнай групы заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра-студыі “Вясёлка” з Магілёва і вакальнай групы “Візаві” са Слоніма.
Надзвычай пранікнёным атрымаўся блок праграмы, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, равесніцай якой з’яўляецца “Настаўніцкая газета”. А два нумары канцэрта — Dangerous з рэпертуару французскага дыджэя Давіда Гета і Simply the best з хітоў амерыканскай спявачкі Ціны Цёрнер — літаральна ўзрывалі залу!
Здавалася, ужо нельга было неяк яшчэ больш уразіць прысутных, але напрыканцы публіку чакалі яшчэ два неверагодна прыемныя сюрпрызы — выступленні даўніх сяброў “Настаўніцкай газеты” айчынных зорак: таленавітага Пятра Ялфімава і абаяльнай, фантастычнай, арыстакратычнай, незалежнай, авангарднай, ашаламляльнай, натуральнай, абсалютна непрадказальнай (так яе і прадставілі вядучыя) заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Іны Афанасьевай.
“Нягледзячы на тое, што вам 70 гадоў, вы ўсе цудоўна выглядаеце!” — пажартавала спявачка, прызнаўшыся, што нядаўна стала бабуляй. А калі Пётр Ялфімаў выконваў па-беларуску вядомы хіт It’s my life з рэпертуару Bon Jovi і ўся зала хорам спявала гэты радок з прыпеву (ён адзіны гучаў па-англійску), і сапраўды было адчуванне, што тут — my life. Жыццё кожнага. І наша агульнае жыццё. Сапраўднае.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.