Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч акцэнтуе ўвагу на неабходнасці неадкладнага ўстаранення палітычных, эканамічных, сацыяльных, рэлігійных і культурных бар’ераў, якія перашкаджаюць паспяховаму ўстойліваму развіццю краін і народаў. Такую заяву ён зрабіў у ходзе VII Глабальнага форуму Альянсу цывілізацый ААН, які прайшоў у Баку (Азербайджан), паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
Міхаіл Мясніковіч, які ўзначальвае беларускую дэлегацыю на форуме, у сваім выступленні падкрэсліў прынцыповую важнасць няўхільнага выканання такіх асноўных прынцыпаў міжнароднага права, як неўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, мірнае вырашэнне спрэчак і ўзаемных прэтэнзій, якія ўзнікаюць, у духу талерантнасці і ўзаемапаважлівага дыялогу. У гэтым кантэксце Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў вельмі значную ролю Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі не толькі ва ўрэгуляванні канфлікту вакол Украіны, але і ва ўмацаванні рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі ў цэлым.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі зрабіў таксама акцэнт на тым, што трыбуна форуму Альянсу цывілізацый павінна быць поўнасцю свабоднай ад любых палітызаваных канфрантацыйных дзеянняў і заяў.
Асаблівасцю VII Глабальнага форуму Альянсу цывілізацый ААН стала тое, што ён праходзіў у перыяд істотнага абвастрэння міжнароднай сітуацыі, ва ўмовах нарастаючай заклапочанасці і трывогі сусветнай супольнасці ў сувязі са шматлікімі лакальнымі канфліктамі і міграцыйнымі крызісамі, якія не ўціхаюць. Выступленні большасці дэлегатаў былі прасякнуты духам пошуку дасягнення трывалага міру і стабільнага ўстойлівага развіцця ўсіх краін і народаў.
Глабальны форум Альянсу цывілізацый ААН праходзіў у Баку 25—27 красавіка. У першы дзень Глабальнага форуму адбыўся маладзёжны форум. Па выніках пасяджэння высокага ўзроўню прынята Бакінская дэкларацыя.