Сапраўдныя турысты і іх цікавыя знаходкі

- 11:57Апошнія запісы, Дашкольная адукацыя, Рознае

“Калі я ўладкоўваўся на работу ў дзіцячы сад, а было гэта 12 гадоў назад, у мяне было шмат энергіі і энтузіязму, а таксама жадання прыўнесці ў заняткі з дзецьмі штосьці новае, перадаць ім свой аптымізм і захапленні, — расказвае кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 34 Жлобіна Андрэй Васільевіч Стальмакоў. — І лічу, што мне гэта ўдалося. Я люблю вандраваць — з рукзаком і палаткай аб’ездзіў амаль усю Беларусь. Выхаванцы і педагогі сада падзялілі са мной гэтае захапленне. З рукзакамі за плячыма, як сапраўдныя турысты, мы разам вандруем па цікавых мясцінах горада і раёна. Падчас пешых прагулак і паходаў мы арганізоўваем для дзяцей эстафеты, палосы перашкод, гульні і забавы. Калі ж вяртаемся ў садок, дзеці з радасцю выконваюць творчыя работы па матывах сваіх падарожжаў”.

Хто хутчэй збярэ рукзак?

Паказаць малышам, наколькі багаты і разнастайны свет вакол іх, што ён не абмяжоўваецца сценамі сада, сцяжынкай дадому і дзіцячай пляцоўкай каля пад’езда, — такім быў матыў Андрэя, калі ён прапанаваў кіраўніцтву сада сваю задуму аб турыстычнай дзейнасці ва ўстанове. Ён разумеў усю спецыфіку такой дзейнасці. Пешыя прагулкі і паходы з дзецьмі маглі доўжыцца не больш чым 3 гадзіны і толькі з выхаванцамі старшай групы (за межы сада ў суправаджэнні педагагаў дзецям дазваляецца выходзіць толькі пасля 5 гадоў). Калі гэта паездкі на аўтобусе, якія заказваюцца папярэдне, — то не больш за 25 кіламетраў ад установы. Павінна захоўвацца ўмова, што выхаванцы абавязкова вернуцца ў сад да абеду і дзённага сну.
Аб тым, што такое вандроўка і турыстычны паход, што павінен ведаць і ўмець сапраўдны турыст, дзеці даведваюцца ад свайго кіраўніка фізічнага выхавання не выходзячы за тэрыторыю сада. Ён рыхтуе да будучых вандровак нават самых маленькіх дзяцей. Выхаванцы знаёмяцца з паняццем “гарызонт”, вызначаюць усход, захад, поўнач і поўдзень па перамяшчэнні сонца і пэўных прыкметах мясцовасці. Падчас гульняў на спецыяльных занятках дзеці засвойваюць элементарныя турыстычныя навыкі, напрыклад, такія як складанне рукзака. Арганізоўваецца нават эстафета — хто хутчэй яго збярэ. Дзеці пры гэтым дзеляцца на дзве каманды. Перад кожнай з іх на адлегласці 4-5 метраў знаходзяцца рукзак, турыстычны дыванок, спальнік, кубак, міска, мыльніца з мылам, ручнік, аптэчка, запалкі і компас. Выхаванцы па чарзе бяруць прызначаныя прадметы і кладуць іх у рукзак, кажучы ўголас, як яны будуць дапамагаць ім у паходзе. Дзеці вельмі ахвотна асвойваюць спальнікі, ставяць і складваюць палаткі.
Андрэй Васільевіч знаёміць выхаванцаў з найпрасцейшымі тапаграфічнымі знакамі, вучыць карыстацца компасам. Дзеці ўважліва вывучаюць план мясцовасці, “мудруюць” над картасхемамі маршрутаў, вычэрчваюць картасхему садаўскай тэрыторыі і праводзяць міні-даследаванне ваколіц свайго мікрараёна. Як правіла, пры выпуску са старшай групы выхаванцы ўмеюць самастойна распрацоўваць маршруты сваіх вандровак і рабіць малюнак мясцовасці.
Для развіцця ў дзяцей турыстычных навыкаў Андрэй Васільевіч абсталяваў на тэрыторыі сада своеасаблівую турыстычную пляцоўку з паласой перашкод і біваком. Фізкультурную залу аснасціў скаладромам. Ён зрабіў будан з галінак і вогнішча — сапраўднае, паходнае, па ўсіх правілах (зразумела, што агонь у ім не запальваецца), дэманструе дзецям розныя віды вогнішчаў. Яны вучацца прабірацца праз паласу перашкод, якую педагог зрабіў з вяровак, вязаць турыстычныя вузлы і многаму іншаму.
Авалоданне турыстычнымі навыкамі, напрыклад, уменнем знайсці месца для прывалу або для распальвання вогнішча, адбудзецца хутчэй, калі не проста расказваць аб гэтым, а наладзіць нешта накшталт спаборніцтваў: адна група дзяцей падрыхтуе месца, другая — прынясе галінкі, трэцяя — падрыхтуе месца для адпачынку і ежы, чацвёртая — арганізуе гульні. Такім чынам, усе пры справе, як і ў звычайным паходзе. Асаблівая ўвага ўдзяляецца правілам першай дапамогі ў паходзе (падчас заняткаў выхаванцы вучацца карыстацца тым, што ёсць у паходнай аптэчцы, дапамагаючы свайму “траўміраванаму” сябру).

У пошуках Калабка

У большасці выпадкаў прагулкі-паходы адбываюцца восенню і вясной, зімой — радзей, алё ўсё роўна хоць адзін паход у месяц бывае. Арганізоўваюцца вандроўкі, як правіла, у першай палове дня. Навічкі выходзяць за тэрыторыю сада спачатку толькі на невялікую адлегласць. А пасля ўмовы для іх мяняюцца, і яны з радасцю рыхтуюцца да далёкіх падарожжаў. Падбіраючы калектыў для паходаў, неабходна ўлічваць інтарэсы дзяцей, узровень іх фізічнай падрыхтаванасці, а таксама стан здароўя ў гэты момант. Трэба памятаць аб тым, што нагрузкі для дашкольнікаў павінны быць пасільнымі. У залежнасці ад узросту вызначаны паказчыкі фізічнай нагрузкі дзяцей падчас турыстычных прагулак, і менавіта на іх педагогі арыентуюцца. Напрыклад, дзеці 6-7 гадоў могуць максімальна ісці пешшу да 5 кіламетраў з вагой дзіцячага рукзака да 1,5 кілаграма. З Андрэем Васільевічам і дзецьмі ў паходы абавязкова ходзяць выхавальнікі і медык. Абавязкова бяруць з сабой аптэчку. У паходзе дарослыя ўважліва сочаць за станам дзяцей, бо яны могуць стамляцца хутчэй, чым таго чакаеш. І часта больш вынослівыя дзеці становяцца памочнікамі для менш стойкіх.
“Паход — гэта не прагулка: у яго ёсць дакладны маршрут і месца, куды трэба прыбыць у пэўны час, — адзначае Андрэй Васільевіч. — Кожны раз ён дасканала плануецца, маршрут яго даследуецца загадзя: прадумваюцца ўсе віды перамяшчэнняў і колькасць прывалаў. Маршруты нашых вандровак самыя розныя. На нашым шляху можа быць воінская часць “Чырвоны бераг”, дзе мы кожны год разам з салдатамі праводзім для дзяцей “Зарніцы”. Гэта вельмі яркая падзея для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства. Па дарозе на “Чырвоны бераг” — мемарыял ахвярам фашызму, перад якім мы з дзецьмі схіляем галовы. Часта мы вандруем у межах нашага горада Жлобіна. Знаходзім месцы, дзе можна пабыць сам насам з прыродай, — скверы, паркі. Наш горад размешчаны на беразе Дняпра, і мы выходзім на заліўныя лугі. А вось на Беларускі металургічны завод дзецям дашкольнага ўзросту хадзіць нельга: гэта небяспечна. Але побач з заводам ёсць музей, металургічны тэхнікум, мы іх заўсёды наведваем, заходзім таксама ў школы і дзіцячыя сады свайго горада. Асвойваем таксама магазіны — гэта так званы актыўны соцыум.
Падчас вандровак дзеці вучацца дапамагаць адно аднаму, дзяліцца з сябрамі, напрыклад, “ссабойкамі”, адказваць за свае паводзіны. Мы вучым іх дастойна паводзіць сябе ў прыродзе — не ламаць дрэвы і кусты, ахоўваць усё жывое. Калі мы бачым на нашым шляху грыбы і ягады, расказваю дзецям пра іх. Выхаванцы назіраюць змены, якія адбываюцца ў прыродзе, параўноўваюць іх. Мы іншы раз прыходзім у адны і тыя ж месцы некалькі разоў на працягу года, каб паназіраць, што адбываецца з той жа елкай або клёнам, як мяняецца іх убранне, якія птушчакі гняздзяцца на іх, якія насякомыя на кары гэтых дрэў. На стаянках мы таксама не сумуем. Дзеці рухаюцца, гуляюць, становяцца героямі казачных сюжэтаў. Напрыклад, дзелім дзяцей на каманды, і яны па пэўных прыкметах шукаюць клад або ўсе разам па картасхеме шукаем Калабка, які заблукаў у лесе. Дзеці разумеюць, што спачатку трэба ісці ад палаткі да адзінокага куста на паляне, затым — па мосце праз ручай да другога куста — там і схаваны Калабок. Разам з дарослымі дзеці бягуць туды і, канечне, знаходзяць. Бяром з сабой для такіх гульняў усе неабходныя атрыбуты, напрыклад, цацкі бібабо (зайца, ваўка, мядзведзя, лісу), касцюм Калабка”.
Андрэй Васільевіч у паходы заўсёды бярэ вялікі рукзак, у якім увесь паходны і спартыўны інвентар. Паколькі распальваць вогнішча ў межах горада нельга, ён носіць з сабой нават раскладны мангал, у якім распальвае агонь. Дзеці толькі назіраюць за гэтым працэсам: яны ведаюць аб небяспецы агню і аб тым, што карыстацца запалкамі могуць толькі дарослыя. За тэрыторыяй горада Андрэй Васільевіч распальвае звычайнае вогнішча, якое пасля адыходу, зразумела, тушыць. Педагогі і дзеці заўсёды дасканала прыбіраюць за сабой месцы адпачынку і нават пакідаюць ад імя дзяцей таблічкі-напаміны дарослым, якія прыйдуць адпачываць пасля іх, каб яны клапаціліся аб прыродзе.
Да арганізацыі і правядзення прагулак-паходаў Андрэй Васільевіч далучае бацькоў. Іх дапамога заўсёды патрэбна. Калі бацькі ўдзельнічаюць у падарожжы, то агульнае абсталяванне і інвентар можна перакласці і на іх плечы.
“У падарожжах з намі заўсёды ёсць фотаапарат, — гаворыць Андрэй Васільевіч. — Усе цікавыя моманты, дзіўныя знаходкі, жывёл, насякомых і птушак стараемся захоўваць на фотаздымках. Многія аб’екты для фота выбіраюць дзеці. Іх цікавяць прыгожыя дрэвы, кветкі, матылькі і іншае. Усе свае ўражанні ад паходаў дзеці таксама адлюстроўваюць у выразных самабытных малюнках. З паходаў мы вяртаемся не з пустымі рукамі, а прыносім пэўны прыродны матэрыял. Але збіраем толькі сухія кветкі, расліны, галінкі, асабліва тыя, якія ўражваюць сваёй арыгінальнасцю. Дзеці ведаюць, што жывымі сцяблінамі трэба любавацца, а не ламаць іх. Іншы раз назбіраем кошык шышак або каштанаў, якія, дарэчы, карысны пры прафілактыцы плоскаступнёвасці. Жалуды, сухое лісце і рабіна спатрэбяцца нам для ручной працы, пры стварэнні вырабаў, а проста расліны — для гербарыя. Стомленыя, мурзатыя, прадымленыя вогнішчам, але шчаслівыя ад таго, што былі разам на ўлонні прыроды, што шмат убачылі і даведаліся! Менавіта такімі вяртаемся ўсе мы — і дзеці, і бацькі, і педагогі — у наш родны сад. Пасля паходаў усе выхаванцы атрымліваюць медалі “Сапраўдны турыст”.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.