Сацыякультурнае развіццё ў літаратурнай творчасці

- 10:17Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

Пяты год вучні Бароўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ўдзельнічаюць у рабоце міжнароднага праекта “Літаратурная творчасць у сістэме сацыякультурнага развіцця асобы школьнікаў 7—12 гадоў”. Кіруе праектам і работай экспертнай камісіі доктар педагагічных навук прафесар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Галіна Уладзіміраўна Варганава. Мэтай праекта з’яўляецца шматаспектнае фарміраванне навыкаў чытання і пісьма школьнікаў 7—12 гадоў на аснове ўключэння ў літаратурную творчасць.

Актуальнасць праекта абумоўлена тым, што літаратурнай творчасці сёння адводзіцца важнае месца ў сістэме фарміравання пісьменнасці і прывіцці навыкаў чытання вучням.
Сярод удзельнікаў праекта расійскія школы (у прыватнасці школы Санкт-Пецярбурга і гарадоў Ленінградскай вобласці), фінска-руская школа з Хельсінкі, шматпрофільны ліцэй з Горлаўкі (Украіна), асноўная школа з Крагуеваца (Сербія) і адна з Рэспублікі Беларусь — Бароўская сярэдняя школа Лепельскага раёна. Па зададзеных тэмах удзельнікі займаюцца літаратурнай творчасцю. Яна спрыяе вывучэнню мовы, дапамагае вучням рэалізаваць свае патрэбы ў самавыяўленні, стымулюе інтэлектуальнае і духоўнае развіццё падлеткаў.
Дырэктар Бароўскай сярэдняй школы Віктар Уладзіміравіч Азаронак і настаўнік пачатковых класаў Алена Васільеўна Яраслаўцава атрымалі асабістую падзяку ад кіраўніка праекта прафесара Г.В.Варганавай і дзіцячага расійскага пісьменніка С.Георгіева і па запрашэнні кіраўнікоў праекта ўдзельнічалі ў стварэнні літаратурна-педагагічных альманахаў “Волшебный мир чтения” і “Чтение как гуманистическая ценность”, адрасаваных выкладчыкам УВА, настаўнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, бібліятэкарам, бацькам, арыентаваным на далучэнне дзіцяці да чытання на аснове высокамастацкіх твораў сучасных аўтараў.
У артыкуле В.У.Азаронка “Роль чытання ў фарміраванні каштоўнасных арыентацый дзяцей 7—12 гадоў” аналізуецца змест сучаснай вучэбнай праграмы па літаратурным чытанні для вучняў пачатковых класаў. Аўтар лічыць, што на сучасным этапе неабходнай умовай паспяховай літаратурнай адукацыі школьнікаў з’яўляецца актывізацыя тых педагагічных тэхналогій, якія ў найбольшай ступені садзейнічаюць фарміраванню актыўных, матываваных адносін да чытання мастацкай літаратуры, найбольш поўна стымулююць і развіваюць інтэлектуальна-эмацыянальную сферу асобы дзіцяці.
Распрацоўка класнай гадзіны па апавяданні Л.Думцавай “Дружбай трэба даражыць” А.В.Яраслаўцавай увайшла ў другі раздзел літаратурна-педагагічнага альманаха “Чтение как гуманистическая ценность”.
За час работы ў праекце вучні нашай школы прынялі ўдзел у наступных конкурсах сачыненняў і творчых заданнях: “Мяне выкінула штормам на незнаёмы востраў”, “На залатым ганку сядзелі…” (заданне ад пісьменніка В.Белавусава), “Мы памятаем тых, каму абавязаны за мірнае і шчаслівае жыццё”, “Выпадак у летнія канікулы”, “Ліст любімаму герою кнігі”, “Дарогу мне перабегла кошка!”, “Навагоднія замалёўкі”, “Пра што размаўляюць Зіма і Вясна пры сустрэчы?”, “Да мяне ў акенца пастукалася Вясна”.
Школьнікі пад кіраўніцтвам А.В.Яраслаўцавай пісалі водгукі на прачытаныя апавяданні Алега Трушына, абмяркоўвалі на форуме апавяданні Сяргея Георгіева “Сабакі не памыляюцца”, рабілі ілюстрацыі да гэтых твораў. Экспертная камісія, у складзе якой сучасныя расійскія дзіцячыя пісьменнікі і педагогі, адзначае па выніках конкурсаў лепшыя работы школьнікаў і дзейнасць іх кіраўніка граматамі, дыпломамі і падзякамі. На сайце размешчаны водзывы пісьменнікаў на творчасць нашых школьнікаў.
Вось некаторыя з іх:
Віталь Белавусаў: “Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі! Мілыя мае чытачы! Я радуюся кожнай новай сустрэчы з вамі. Мне прыемна, што вы чытаеце мае апавяданні, актыўна пішаце невялікія сачыненні на прапанаваныя мной тэмы”.
Рысціч Жывоіна Радміло, Школа міру, Крагуевац, Сербія:
“Я быў бы рады бліжэй пазнаёміцца з вамі! Спадзяюся, што нашы творчыя сустрэчы працягнуцца і мы яшчэ не раз сустрэнемся на старонках нашага сайта. Усяго вам добрага, хлопчыкі і дзяўчынкі! Поспехаў вам ва ўсіх вашых справах!”
У канцы кожнага навучальнага года арганізатары праекта падводзяць вынікі. Вучні 2—7 класаў нашай школы неаднаразова станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі Міжнароднага конкурсу творчага майстэрства.
Зараз рыхтуецца да выдання наступны выпуск літаратурна-педагагічнага альманаха да 70-годдзя Перамогі. На сайце ўжо размешчаны сачыненні вучняў, якія ўвойдуць у зборнік. Вучні напісалі апавяданні на тэмы “Мой дзядуля занесены ў Кнігу Памяці”, “І нашу сям’ю ў далёкім мінулым закранула вайна”. Гэта рэальныя гісторыі пра вайну з фотаздымкамі, якія захаваліся ў сям’і.
Вось некаторыя вытрымкі з гэтых сачыненняў:
Дзяніс Ганіеў, навучэнец 3 класа:
“Мая прабабуля Маша расказвала майму тату, што Лепель у пачатку вайны быў захоплены немцамі. Яна памятала, як на тэрыторыі, дзе зараз пабудаваны вакзал, знаходзіўся лагер для рускіх салдат. Людзей трымалі за калючым дротам прама на зямлі, пад адкрытым небам. Прабабуля разам з іншымі дзецьмі насіла палонным ежу. Лепшае немцы з’ядалі самі, рэшткі ежы загадвалі кідаць за калючы дрот, проста на зямлю. Дзеці спрабавалі разгледзець у натоўпе знаёмых і сваякоў. Але немцы хутка адганялі іх. Праз некалькі дзён закрыты вагон павёз палонных у Нямеччыну. Што стала з гэтымі людзьмі, прабабуля не ведае”.
Ваня Барысенка, навучэнец 3 класа:
“Дзіўная гісторыя адбылася з маім прадзедам у 1943 годзе. Падчас бамбёжкі вёскі прадзед і дзве яго сястрычкі корпаліся ў агародзе. Пад успышкі гранат да іх у двор забег немец з аўтаматам у руках. Дзеці вельмі спалохаліся. Немец схапіў дзяцей і пацягнуў іх да кустоў парэчак. Ён стаў запіхваць іх пад вялікія галінкі кустоў. Немец быў вельмі малады. Ён і сам баяўся выбухаў. Калі падбегла мама, немец сышоў, як яго і не было. У яго дзесьці таксама ёсць мама”.
Насця Калініна, навучэнка 3 класа:
“Я супраць любой вайны. Нават проста сварыцца я не люблю. Прыносіць іншым людзям крыўду, пакуты, боль — каму ж гэта спадабаецца? Слухаючы апавяданні дарослых, чытаючы кніжкі, я з жахам разумею, што кожнага чацвёртага жыхара Беларусі не стала ў гады вайны з немцамі. Прычым гэта і дзеці, такія, як я, і бабулі, і дзядулі, і мамы, і таты. Сэрца сціскаецца, хочацца плакаць. Дарослыя людзі! Не забівайце адно аднаго! Мы, дзеці, хочам жыць пад мірным небам і нікога не баяцца!”
Мікіта Макаранка, навучэнец 3 класа:
“Пра свайго прадзеда Мікалая Ягоравіча мама расказвала вельмі шмат. У партызанскім атрадзе ён вучыў дзяцей у лясной школе. У час вайны ў лес сыходзілі і хаваліся цэлымі сем’ямі. Днём вучылі дзяцей грамаце, вечарамі — ваеннай навуцы. Мама памятае, як прадзед расказваў пра хлопца Саньку. Ён заўсёды быў у абарванай, бруднай вопратцы. Нос выціраў рукавом. Вучыўся Санька без жадання. Чытанне давалася з цяжкасцю. Але калі партызаны ішлі начамі падрываць нямецкія склады, Санька ішоў наперадзе. Дарослыя спынялі яго, вярталі ў лагер. А ён сваімі таемнымі сцежкамі краўся за імі. Санька не здзяйсняў вялікіх подзвігаў, пра яго не напісаны кніжкі. Хлапчук, як мог, абараняў сваю Радзіму ад ворагаў”.
Вопыт работы пераканаў у тым, што навучыць дзяцей пісаць сачыненні правільна і прыгожа — вялікая і карпатлівая праца. Толькі штодзённая дзейнасць над засваеннем літаратурнай мовы дае станоўчыя вынікі. У клас прыходзяць дзеці з розным узроўнем жыццёвага вопыту і гатоўнасцю да чытання. Настаўніку і бацькам хочацца, каб дзеці сталі разумнымі, кемлівымі, таму настаўнік з першых дзён знаходжання дзіцяці ў школе клапоціцца пра змест дзіцячых выказванняў, пра іх правільнасць і лагічную паслядоўнасць, вучыць удумліваму выбару слова і яго формы, пастаянна працуе над пісьмовай пабудовай думак. Пачынаючы з урокаў навучання грамаце ў 1 класе, Алена Васільеўна Яраслаўцава імкнецца паказаць дзецям прыгажосць роднай мовы, яе меладычнасць, музычнасць, яркасць.
Для маленькіх аўтараў настаўніца выбірае тэмы, звязаныя з уражаннямі і назіраннямі за навакольным жыццём (“Мая сям’я”, “Мая мама”). Гэта спрыяе таму, што ў вучня з’яўляюцца думкі, пачуцці, якія ён імкнецца перадаць у сваёй рабоце.
Дзеці вельмі любяць пісаць міні-сачыненні. З кожнай новай работай павялічваецца даўжыня тэксту і хуткасць напісання.
Каб навучыць дзяцей бачыць прыроду, звяртаць увагу на, здавалася б, звыклыя з’явы, змены ў прыродзе (не толькі на снегапад, лістапад, але і на тое, якое сёння неба, дрэвы), прапаноўваецца паназіраць раніцай і ўвечары за небам, за звычкамі птушак і запісаць тое, што асабліва ўразіла, што больш за ўсё запомнілася.
Выконваючы такія заданні, многія вучні, якія раней не звярталі ўвагі на навакольныя з’явы, пачынаюць уважліва ўзірацца ў свет, а затым аналізуюць сказы, вучацца ацэньваць, выпраўляць памылкі. Такая работа вельмі карысная, і дзеці справяцца з сачыненнямі, якія будуць пісаць на аснове сваіх назіранняў.
З другога класа Алена Васільеўна са сваімі вучнямі пачынае спрабаваць пісаць сачыненні на аснове ўяўлення, фантазіі. Так, яна прапаноўвае скласці казку, выкарыстоўваючы пры гэтым свае веды пра асаблівасці гэтага жанру. Спачатку заданні выклікалі ў дзяцей здзіўленне, нават страх, яны загадзя лічылі, што не справяцца. Не разумелі такіх заданняў і бацькі. Цяпер тэмы сачыненняў прапаноўваюць нават самі дзеці. Настаўніца абавязкова праводзіць аналіз дзіцячых работ, якога дзеці чакаюць з нецярпеннем. Яна падкрэслівае вартасці кожнай работы, чытаюцца лепшыя ўрыўкі з сачыненняў. Педагог вучыць саміх дзяцей ацэньваць работы, для таго каб у будучыні не паўтараць памылак.
Над такімі творчымі заданнямі працуюць усе вучні ў класе. Цікавасць да іх праяўляюць нават тыя, хто вучыцца, як гаворыцца, без асаблівага жадання. Выконваючы такія работы, яны часам адкрываюцца з нечаканага нават для бацькоў боку. А поспех, як вядома, акрыляе, усяляе веру ў свае сілы, дорыць жаданне вучыцца, працаваць і тварыць.
Прыроджаны талент да напісання твораў у адзінак, задаткі — у большасці. Калі задаткі не развіваць, самі яны, не трапіўшы на спрыяльную глебу, усходаў не дадуць. Менавіта ў гэтым перакананы ўдзельнікі праекта, вучні і настаўнікі Бароўскай сярэдняй школы.

Жанна МІКУЛЁНАК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Бароўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна.