Сацыяльны праект «Лета па максімуме!» распачаўся ў сталіцы

- 14:42Новости

Праект «Лета па максімуме!» распрацаваны Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк», які знаходзіцца ў Ленінскім раёне сталіцы. У чым яго сутнасць, даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Як паведаміла дырэктар ЦДАДіМ Алена Міхайлідзі, традыцыйна ў летні перыяд ва ўстанове працягваюцца заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах па разнастайных відах дзейнасці, дзе выхаванцы могуць цікава бавіць свой вольны час, праяўляць таленты, вучыцца нечаму новаму. Але летам многім дзецям складана ўседзець на занятках. Таму яшчэ ў сакавіку ў цэнтры правялі апытанне дзяцей, каб высветліць, чым яны хацелі б заняцца на самых доўгіх канікулах. Так з’явіўся сацыяльны праект «Лета па максімуме!». Ён накіраваны на стварэнне сістэмы эфектыўнай арганізацыі летняй занятасці падлеткаў, прадугледжвае актуальныя формы ўключэння непаўналетніх у арганізаваны вольны час з мэтай прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў, спрыяе фарміраванню культуры вольнага часу, прафесійнаму самавызначэнню. Да ўдзелу ў праекце далучыўся фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі Ленінскага раёна.

Запланавана правядзенне прафілактычных, прафарыентацыйных, культурна-адпачынкавых, спартыўна-масавых мерапрыемстваў, экскурсій, наведванне прадпрыемстваў, аб’ектаў культуры і спорту. За летні час плануецца ахапіць праектам больш за 800 падлеткаў.

Пра іншыя формы летняга аздараўлення дзяцей чытайце ў бліжэйшых нумарах «Настаўніцкай газеты».

Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлена Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк»