Сацыяльныя сеткі: працаваць з навучэнцамі на іх полі

- 11:59Адукацыйная прастора

У цяперашні момант інтэрнэт стаў другой рэальнасцю, а камунікацыя наладжваецца ў асноўным праз сацыяльныя сеткі. Гэта месца для зносін, абмену інфармацыяй, пошуку інфармацыі, задавальнення сваіх унутрыасобасных патрэб, маркетынг, адукацыя і г.д. Але я хацеў бы зрабіць акцэнт на адукацыі і задавальненні ўнутрыасобасных патрэб. Пойдзем па парадку.

Адукацыя

Са свайго вопыту магу з упэўненасцю сказаць, што сацыяльныя сеткі — гэта тое месца, дзе можна займацца з групай навучэнцаў адукацыяй, для гэтага дастаткова стварыць чат і ў рэальным часе дзяліцца карыснымі спасылкамі, абмяркоўваючы іх, уносячы карэктывы. Таксама вельмі зручна арганізоўваць асветніцкую і прафілактычную работу. Пры гэтым навучэнцы больш актыўна ўключаюцца ў такі від дзейнасці, таму што яны сядзяць дома, ва ўтульным, зручным месцы, дзе ніхто не дае ацэнкі знешнасці, дзе яны маюць права быць самімі сабой. Выкарыстоўваць у такой рабоце можна любы кантэнт з інтэрнэту (аўдыя, відэа, тэкст і г.д.). Паралельна з гэтым прапрацоўваюцца навыкі паводзін у інтэрнэт-прасторы (уменне працаваць з тэкстам, даносіць інфармацыю так, каб яе зразумелі іншыя, пісьменнасць, навыкі павагі пры зносінах у інтэрнэце). Дзеці вучацца самым простым навыкам інфармацыйнай гігіены: правільна выкарыстоўваць персанальныя даныя, рабіць рэзервовае капіраванне, шыфраваць даныя, блакіраваць або рэгуляваць выдаленне cookies.

Задавальненне асобасных патрэб

Усе мы хочам быць прызнанымі, атрымліваць увагу, быць паспяховымі, пры гэтым траціць як мага менш асабістых рэсурсаў на гэта. Сацыяльныя сеткі выконваюць гэтую функцыю найлепш. Бо ўсяго толькі трэба: загрузіць асабістае фота, дадаць да яго тэкставую інфармацыю (часцей за ўсё выдуманую) або рабіць рэпост якога-небудзь тэксту з суполкі, і мы атрымліваем вялікую колькасць “лайкаў” і каментарыяў. Гэта якраз і ёсць тая самая ўвага, прызнанне, якое атрымлівае чалавек, прычым траціць на гэта мінімальную колькасць асабістых рэсурсаў. Таксама не выключаем магчымасці рэгуляваць гэтае прызнанне да сябе — дастаткова проста выдаліць непажаданы каментарый або адаслаць у чорны спіс нязручнага сябра, і мы атрымліваем сябе заўсёды ідэальнага. Часта такія паводзіны прыводзяць да інфантылізму, кліпавага мыслення і залежнасці.

Трэба разумець, што гэта жаданне вызначыцца, быць не як усе, паказаць і кампенсаваць тое, чаго на самай справе няма ў чалавека. Гэта дэманстрацыя і перабольшанне сваіх якасцей, і ўзнагарода за ўсё гэта — псеўдапаспяховасць.

Магчыма таму сацыяльныя сеткі так прыцягваюць дзяцей і падлеткаў. На старонцы падлетка пра яго гаворыць літаральна ўсё: аўдыяфайлы, якія ён слухае; групы, у якія ён уваходзіць; каментарыі, якія ён пакідае; відэафайлы, якія ён глядзіць. Усё гэта можна выкарыстоўваць для прафілактыкі, інфармацыйна-асветніцкай работы.

Важна разумець, што нельга адгароджваць дзіця ад таго, што знаходзіцца вакол яго. Трэба навучыць яго паспяхова функцыянаваць, быць адаптыўным, умець знаходзіць патрэбную інфармацыю. Працуйце з вучнямі на іх полі, у адказ атрымаеце давер, павагу і сумленнасць.

Артур АДАМОВІЧ,
педагог-псіхолаг.