Савет Бяспекі ААН асудзіў запуск ракеты

- 11:07Інфармацыйная гадзіна

Савет Бяспекі ААН на экстраннай нарадзе асудзіў запуск балістычнай ракеты Паўночнай Карэяй, паведамляюць інфармагенцтвы.

У прынятай заяве адзначаецца, што запуск садзейнічае развіццю тэхналогій ядзернай зброі, як і любыя іншыя запускі з выкарыстаннем балістычных тэхналогій. Пры гэтым няважна, як яны класіфікуюцца, — як запуск спадарожніка або як запуск касмічнага карабля.
Савет Бяспекі мае намер увесці новыя санкцыі супраць Пхеньяна.
Асудзілі запуск ракеты і блізкія да Паўночнай Карэі краіны. У прыватнасці, урад Японіі заявіў, што мае намер узмацніць аднабаковыя санкцыі супраць КНДР. Паўднёвая Карэя і ЗША пачалі перагаворы па ўмацаванні супрацьпаветранай абароны ў рэгіёне.
Паўночная Карэя 7 лютага заявіла аб паспяховым запуску штучнага спадарожніка “Кванмёнсан-4”. У афіцыйным паведамленні ўлад гаворыцца, што ракету запусцілі з касмадрома “Сахэ” на заходнім узбярэжжы краіны, а праз некалькі хвілін яна праляцела над японскай прэфектурай Акінава.