Савет Рэспублікі адобрыў праект рэспубліканскага бюджэту на 2018 год

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Праект бюджэту быў прыняты сенатарамі аднагалосна. Як адзначыў у размове з журналістамі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Міхаіл Сіцько, бюджэт збалансаваны і рэалістычны, мае сацыяльную накіраванасць. Парламентарый звярнуў увагу, што ў 2018 годзе плануецца істотна павялічыць бюджэтныя асігнаванні на адукацыю, ахову здароўя, а таксама на павышэнне зарплат.

Так, на адукацыю будзе выдзелена на 9,6 працэнта больш, чым у бягучым годзе, на ахову здароўя — на 3,5 працэнта. У цэлым з кансалідаванага бюджэту на гэтыя галіны прадугледжваецца адпаведна Br5,6 млрд и Br4,8 млрд. Фонд аплаты працы з налічэннямі ў 2018 годзе ў цэлым па кансалідаваным бюджэце ў параўнанні з бягучым годам павялічыцца на Br1,2 млрд. Гэта дасць магчымасць павялічыць сярэднямесячную заработную плату работнікам бюджэтнай сферы да Br700 у параўнанні з Br615, прагназуемымі ў 2017 годзе (рост складзе 14 працэнтаў).

Прадстаўляючы законапраект сенатарам, міністр фінансаў Уладзімір Амарын праінфармаваў, што прафіцыт бюджэту чакаецца ў памеры Br733,88 млн (прагназуемы аб’ём даходаў складае Br20,485 млрд, расходаў — Br19,751 млрд).

Разам з праектам бюджэту сенатары прынялі і папраўкі ў Бюджэтны кодэкс. Уладзімір Амарын адзначыў, што гэтыя законапраекты прадугледжваюць правядзенне кансерватыўнай бюджэтна-падатковай палітыкі. “Яны мінімізуюць рызыкі ўплыву знешніх фактараў на выкананне бюджэтных абавязацельстваў і накіраваны на захаванне ўстойлівасці бюджэтнай сістэмы і макраэканамічнай збалансаванасці”, — сказаў ён.
Як паведамлялася, згодна з праектам бюджэту падатковая нагрузка ў 2018 годзе складзе не больш як 25,5 працэнта да ВУП і не перасягне прадугледжанага ў праграмных дакументах сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку ўзроўню ў памеры 26 працэнтаў да ВУП.

У намінальным выражэнні ўвесь прырост даходаў рэспубліканскага бюджэту будзе накіраваны на павелічэнне фонду аплаты працы і пенсій ваеннаслужачых, а таксама расходаў на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу.

У агульным аб’ёме кансалідаванага бюджэту 65% займаюць так званыя першачарговыя расходы — на выплату заработнай платы і трансфертаў насельніцтву, абслугоўванне дзярждоўгу, набыццё лякарстваў, прадуктаў харчавання, аплату камунальных паслуг і міжбюджэтныя трансферты. Трэць кансалідаванага бюджэту складаюць расходы на заработную плату ў суме Br10,6 млрд.

Пры атрыманні ў бюджэт дадатковых даходаў прадугледжваецца іх накіраванне на дадатковае павышэнне аплаты працы і бюджэтнай сферы. Для гэтага на суму прагназуемых дадатковых даходаў прапануецца сфарміраваць у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах спецыяльныя рэзервовыя фонды. Адпаведная норма аб іх фарміраванні і мэтавым выкарыстанні па рашэнні кіраўніка дзяржавы прадугледжана законапраектам аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год.

Расходы на фізкультуру і спорт запланаваны ў суме Br173,7 млн, у праекце бюджэту прадугледжаны сродкі на падрыхтоўку і ўдзел беларускіх спартсменаў у зімовых Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульнях у Пхёнчхане (Рэспубліка Карэя), летніх юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Буэнас-Айрэсе, а таксама на падрыхтоўку да Еўрапейскіх гульняў — 2019, якія будуць праводзіцца ў Мінску.

На культуру накіруюць Br100,3 млн. Расходы на сацыяльную палітыку ў цэлым прырастаюць на 3%. У іх складзе на падтрымку шматдзетных сем’яў праз фарміраванне сямейнага капіталу ў рэспубліканскім бюджэце прадугледжаны неабходныя сродкі ў суме больш як Br 348 млн.