Саюз адбыўся як паўнацэннае інтэграцыйнае аб’яднанне

- 11:32Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе. У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел прэзідэнты Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі.

“Нягледзячы на невялікі тэрмін існавання, эканамічныя складанасці, якія мы маем у пачатку нашага шляху, сёння з упэўненасцю можна заявіць аб тым, што Еўразійскі эканамічны саюз адбыўся як паўнацэннае інтэграцыйнае аб’яднанне. Цяпер збліжэнне нашых эканомік праходзіць у адпаведнасці з тымі планамі і тэрмінамі, якія мы намецілі ў дагаворы аб ЕАЭС”, — сказаў Н.Назарбаеў.

Кіраўнік Казахстана падкрэсліў, што на сёння ўрады і бізнес краін — членаў ЕАЭС набываюць неабходны вопыт супрацоўніцтва адзін з адным.

“Унутраныя пытанні па ўзаемадзеянні ў асноўным вырашаны, рэгламентаваны. Упэўнены, што рэалізацыя пастаўленых задач і прынцыпаў дзейнасці нашага саюза паслужыць магутным імпульсам для эканомік нашых краін”, — дадаў Н.Назарбаеў.

На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета былі абмеркаваны перспектывы паглыблення інтэграцыі, уключаючы фарміраванне агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, адбыўся абмен думкамі адносна пашырэння гандлёва-эканамічных сувязей з замежнымі краінамі і рэгіянальнымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі. Па выніках перагавораў прыняты шэраг дакументаў па практычных аспектах функцыянавання ЕАЭС.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, адзначыў, што супольны эфект ад стварэння да 2025 года агульнага для ЕАЭС рынку газу складзе $1 млрд у год, а рынку нафты — $8 млрд у год.

“Сёння мы робім чарговы крок да стварэння да 2025 года адзінага рынку вуглевадародаў, аб чым мы шмат гаварылі і спрачаліся ў свой час”, — адзначыў ён.

“Падрыхтаваны адпаведныя дакументы, якія прадугледжваюць роўныя ўмовы канкурэнцыі на тэрыторыі ўсяго саюза, каб супольны эфект у газавай галіне склаў больш як $1 млрд у год, а нафты — да $8 млрд у год”, — сказаў У.Пуцін.

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі нагадаў аб рашэнні краін ЕАЭС да 2019 года сфарміраваць агульны рынак электраэнергіі. “Зацверджана адпаведная канцэпцыя, пачата падрыхтоўка праграмы”, — адзначыў ён. “Паводле ацэнак экспертаў, рэалізацыя гэтай задачы забяспечыць дадатковы прырост ВУП дзяржаў — членаў ЕАЭС у памеры $7 млрд”, — сказаў У.Пуцін.

Прэзідэнт Расіі таксама прапанаваў Еўразійскай эканамічнай камісіі падрыхтаваць прапановы па стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы ЕАЭС. “Вельмі перспектыўнай уяўляецца ідэя стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы. Прапанавалі б камісіі падрыхтаваць меркаванні наконт гэтага”, — сказаў У.Пуцін на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Кіраўнік расійскай дзяржавы адзначыў, што паступальна развіваецца супрацоўніцтва ў інавацыйнай сферы, сумесна распрацоўваюцца тэхналагічныя платформы. Ён паведаміў таксама, што ў гэтым годзе трэба будзе прыняць дарожныя карты ў рамках лібералізацыі гандлю паслугамі. У прыватнасці, у бягучым годзе павінны быць прыняты дарожныя карты па ўніфікацыі заканадаўства ў галіне будаўніцтва і праектавання, правядзення навуковых даследаванняў, а таксама ў сферы турызму.

Старшыня калегіі ЕЭК прэзідэнт Арменіі Тыгран Саркісян, каменціруючы вынікі пасяджэння, адзначыў, што зацверджаныя на ім прэзідэнтамі Асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў — членаў ЕАЭС на 2016—2017 гады маюць антыкрызісны характар.

Паводле яго слоў, дакументам прадугледжана сістэматычнае ажыццяўленне маніторынгу мер, што рэалізоўваюцца краінамі. “Ён дае магчымасць выяўляць асноўныя вузкія месцы, а таксама сумесныя мерапрыемствы, якія неабходна рэалізаваць для таго, каб асноўныя прынцыпы, што закладзены ў нашым саюзным дагаворы, былі рэалізаваны”, — адзначыў Тыгран Саркісян.

Ён удакладніў, што каардынацыя работ у рамках макраэканамічнай палітыкі ідзе ў напрамку дасягнення трох асноўных мэт па паказчыках узроўню інфляцыі, памераў бюджэтнага дэфіцыту і дзяржаўнага знешняга доўгу. “Маніторынг дае магчымасць выяўляць адхіленні ад мэтавых паказчыкаў, якія вызначаны саюзным дагаворам. Асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі, якія мы абмеркавалі і якія прыняты, даюць магчымасць краінам праводзіць скаардынаваную палітыку, каб звесці да мінімуму адхіленне асноўных паказчыкаў ад мэтавых”, — дадаў Тыгран Саркісян.