Саюз актывізуе барацьбу з нелегальнымі перавозчыкамі

- 12:16Інфармацыйная гадзіна

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) адобрыла 27 студзеня на сваёй сесіі ў Страсбургу рэзалюцыю, накіраваную на актывізацыю барацьбы з перавозчыкамі нелегальных мігрантаў. Тэкст рэзалюцыі заснаваны на дакладзе прадстаўніка Грузіі Іраклія Чыкавані “Арганізаваная злачыннасць і мігранты”.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што “міжнароднае супрацоўніцтва і абмен разведвальнымі данымі адыгрываюць асаблівую ролю ў забеспячэнні эфектыўнай барацьбы супраць дзеянняў злачынных груповак, звязаных з нелегальнай перавозкай мігрантаў”.
“Неабходна распрацаваць новыя і глабальнага характару меры, якія дадуць магчымасць нанесці ўдар па ўсіх эканамічных і фінансавых аспектах дзеянняў такіх груповак, у прыватнасці па адмыванні грошай праз інтэрнэт і подкуп дзяржаўных служачых”, — гаворыцца ў рэзалюцыі ПАСЕ.
У Савеце Еўропы (СЕ) лічаць, што трэба прыкласці ўсе намаганні для таго, каб дзейнасць злачынных груповак, “якая з’яўляецца цяпер маларызыкоўнай і высокапрыбытковай, аказалася ў далейшым рызыкоўнай і малапрыбытковай”. У сувязі з гэтым парламентарыі заклікалі краіны — члены Савета Еўропы рэалізаваць на справе палажэнні канвенцый ААН і СЕ, якія тычацца барацьбы супраць транснацыянальнай злачыннасці і адмывання фінансавых сродкаў. “Што тычыцца Еўрапейскага саюза і краін, што ў яго ўваходзяць, то ім належыць у поўнай меры рэалізаваць план дзеянняў супраць арганізаванай нелегальнай перавозкі мігрантаў”, — падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.
У ПАСЕ лічаць важным, каб урады краін арганізацыі “распрацавалі і эфектыўна ажыццяўлялі цэлы спектр методык па расследаванні і судовым праследаванні перавозчыкаў мігрантаў”. Кампетэнтныя органы павінны мець легальную магчымасць арыштоўваць, канфіскоўваць і аглядаць матэрыяльныя аб’екты, якія прымяняюцца для злачынных перавозак. Таксама яны павінны мець шырокія магчымасці па перахопе перагавораў і перапіскі, гаворыцца ў рэзалюцыі ПАСЕ.