Саюзу пісьменнікаў трэба перабудоўвацца

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Саюзу пісьменнікаў Беларусі трэба перабудоўвацца, вучыцца працаваць і жыць у новых умовах. Аб гэтым заявіў на з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі старшыня гэтага грамадскага аб’яднання Мікалай Чаргінец.

“Саюзу пісьменнікаў Беларусі трэба перабудоўвацца, вучыцца працаваць і жыць у новых умовах. Трэба самім умацоўваць арганізацыю і ў фінансавым плане. Дзяржава не можа заўсёды падтрымліваць усіх пісьменнікаў”, — адзначыў Мікалай Чаргінец.

Арганізацыям Саюза пісьменнікаў як у цэнтры, так і ў вобласці, горадзе, раёне трэба навучыцца зарабляць сродкі, лічыць Мікалай Чаргінец. “Так, таварыства “Веды” можа прыцягваць пісьменнікаў для выступленняў, як і ўстановы культуры, запрашаць аўтараў на канцэрты, дзе гучаць іх творы. А літаратарам потым плаціць ганарар за выступленне, — прапанаваў ён. — Акрамя таго, формай умацавання бюджэту з’яўляецца спонсарская дапамога”. А СМІ старшыня СПБ заклікае стаць прапагандыстамі кнігі, беларускай літаратуры, якімі сёння іх назваць, на жаль, немагчыма.

Кнігі беларускіх выдавецтваў у агульным аб’ёме іх рэалізацыі складаюць 67 працэнтаў, паведаміла на з’ездзе міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

У гэтым аб’ёме больш за 55 працэнтаў займае кніга вучэбная, адукацыйная, метадычная — кніга для навучання, а аўтарская — толькі каля 15 працэнтаў, растлумачыла Лілія Ананіч.

Апошнія гады намецілася ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння выпуску літаратуры на беларускай мове: штогод 1000—1200 назваў тыражом 4 млн экзэмпляраў. Літаратура на беларускай мове займае больш за 11 працэнтаў у агульнай колькасці кнігавыдання і набліжаецца па сваіх тыражных характарыстыках да 17—20 працэнтаў у сукупным тыражы. Усяго звыш 10 тысяч найменняў штогод выходзіць у Беларусі тыражом амаль 22 млн экзэмпляраў. Кніг беларускіх пісьменнікаў у краіне выпускаецца каля 800 найменняў штогод.