Пазаўчора падчас візіту дэлегацыі Ніжагародскай вобласці ў Рэспубліку Беларусь міністр адукацыі гэтага рэгіёна Расійскай Федэрацыі азнаёміўся з вопытам работы сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі нашай краіны ў тэхнічным, эколага-біялагічным і турыстычна-краязнаўчым напрамках. Сяргей Васільевіч Навумаў наведаў Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.
Для пачэснага госця была праведзена экскурсія ў Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі, прадэманстраваны дасягненні юных робататэхнікаў, эколагаў, краязнаўцаў. Цэнтральнай часткай сустрэчы стаў абмен вопытам развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзвюх краін, а таксама сістэмы прафарыентацыйнай работы з моладдзю.
— Як і ваша краіна, мы захавалі сістэму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Важная ўвага ў рабоце з моладдзю ўдзяляецца і прафарыентацыйнай рабоце, дзе ключавую ролю адыгрываюць рэсурсныя цэнтры. На сённяшні час у нас адкрыта 25 такіх цэнтраў, дзе навучэнцы атрымліваюць веды і навыкі па самых розных прафесіях. Асноўны ўхіл у рабоце такіх цэнтраў накіраваны на рабочыя кадры. У іх падрыхтоўцы зацікаўлены ў першую чаргу прадпрыемствы, таму палову сродкаў на адкрыццё рэсурснага цэнтра выдзяляе прадпрыемства, а палову — вобласць. У такіх цэнтрах устанаўліваецца толькі самае сучаснае абсталяванне. Усю сістэму падрыхтоўкі мы вядзём дакладна і кропкава пад пэўныя прадпрыемствы. У нас кожнае дзіця фактычна пад нумарам, яно ведае, куды пойдзе працаваць пасля заканчэння ўстановы адукацыі, — паведаміў Сяргей Васільевіч.
Рэспубліканскія цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія наведаў міністр адукацыі Ніжагародскай вобласці, ажыццяўляюць распрацоўку, апрабацыю, экспертызу праграм аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага, эколага-біялагічнага і турыстычна-краязнаўчага профіляў, метадычнае суправаджэнне іх рэалізацыі ва ўстановах адукацыі. Арганізавана мэтанакіраваная работа па развіцці мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара. Склалася сістэма навукова-метадычнага забеспячэння і міжкурсавой работы па павышэнні прафесійнага ўзроўню педагагічных кадраў, якія займаюцца з навучэнцамі.
— Мы працуем не толькі з педагогамі-метадыстамі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, але і з настаўнікамі школ. Распрацаваны факультатывы для вучняў па эколага-біялагічнай тэматыцы, якія карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў вучняў 7—8 класаў. Педагогі школ актыўна ўдзельнічаюць у метадычных мерапрыемствах, якія праводзяцца Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства. Для дашкольнікаў на базе цэнтра працуе школа “Эказнайка”. На працягу трох гадоў дыстанцыйна працуе школа па біялогіі, дзе адбываецца надпрадметнае навучанне. На базе цэнтра паспяхова працуе і дыстанцыйная школа па музейнай справе. На сёння ў краіне ў аб’яднаннях па інтарэсах эколага-біялагічнай накіраванасці займаюцца 30 тысяч навучэнцаў, турыстычна-краязнаўчай — 37 тысяч, — паведаміла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.
Сяргей Васільевіч азнаёміўся з вопытам грамадзянска-патрыятычнага выхавання беларускай моладзі, ходам акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Госцю былі паказаны матэрыялы аб дзейнасці музеяў устаноў адукацыі краіны, якія адыгрываюць важную ролю ў патрыятычным выхаванні навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Дарэчы, ва ўстановах адукацыі Беларусі сёння паспяхова функцыянуюць каля 1500 музеяў, з іх музеяў баявой славы — 256. Амаль 90 музеяў маюць званне “народны”.
Стаў добрай традыцыяй турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, у якім разам з камандамі рэгіёнаў Расіі, у тым ліку Ніжагародскай вобласці, прымаюць удзел каманды юных турыстаў з усіх абласцей нашай краіны і Мінска. З 2006 года праводзяцца злёты юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без межаў”. Асаблівай папулярнасцю ў маладзёжным асяроддзі карыстаюцца турыстычныя паходы і экскурсіі. Так, у мінулым навучальным годзе больш за 180 тысяч навучэнцаў і студэнтаў прынялі ўдзел у турыстычных паходах і больш за 230 тысяч — у экскурсіях. Экскурсійныя сцежкі беларускай моладзі пралягаюць і па расійскіх рэгіёнах, супрацоўніцтва з якімі, у тым ліку ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, працягваецца.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.