Scratch-гісторыі маленькіх праграмістаў

- 11:16Адукацыйная прастора

Навучэнцы малодшых і сярэдніх класаў смела спрабуюць сябе ў праграмаванні і ўжо здольныя спаборнічаць у сваіх уменнях. У гэтым можна было пераканацца падчас адкрытага конкурсу для школьнікаў “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch”. Фінал конкурсу сабраў юных “скрэтчараў” з усёй краіны ў сталіцы.

Сёння папулярнасць Scratch хутка расце, бо гэта асяроддзе праграмавання візуальнае і займальнае. Працаваць з ім дзецям цікава і проста, пры гэтым такая дзейнасць дапамагае развіваць лагічнае і алгарытмічнае мысленне, лепш разумець новыя тэхналогіі, якія акружаюць нас у штодзённым жыцці. Важна, што Scratch даступны не толькі для разумення, але і для выкарыстання, бо з’яўляецца абсалютна бясплатным і не мае спецыяльных сістэмных патрабаванняў пры ўсталяванні на камп’ютар. Таму Scratch-праграмаванне з лёгкасцю захоплівае цэлыя школы. Напрыклад, у лельчыцкай сярэдняй школе № 1 Гомельскай вобласці два гады назад гэтай тэмай зацікавілася адна настаўніца — выкладчыца інфарматыкі і англійскай мовы Святлана Віктараўна Мешчанка. А сёння ў школе дапамагаюць дзецям асвойваць Scratch ужо тры педагогі, і яшчэ некалькі збіраюцца да іх далучыцца. Зацікавіліся гэтай дзейнасцю і калегі з некалькіх сельскіх школ раёна.

 — Перад навагоднімі святамі ў магазінах тэхнікі ў нашым гарад­скім пасёлку немагчыма было знайсці графічныя планшэты — іх раскупілі бацькі юных “скрэтчараў”. Дзеці марылі пра гэты га­джэт, каб мець магчымасць маляваць герояў для асяроддзя, — расказвае Святлана Віктараўна Мешчанка. — І бацькі не супраць такіх просьбаў, і не супраць, што дзеці “сядзяць у камп’ютарах”, бо бачаць, што гэтае захапленне не марнуе час, а прыносіць дзецям карысць, развівае іх. У нашай школе сёння Scratch-праграмаваннем займаюцца каля ста дзяцей, і жадаючых становіцца ўсё больш, таму што для дзяцей гэта сапраўды цікава. Яны могуць увасобіць свае самыя неверагодныя фантазіі, рэалізаваць сябе.

Конкурс “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” запатрабаваны. Год ад году колькасць канкурсантаў павялічваецца, як і наогул колькасць дзяцей, якія спрабуюць свае сілы ў праграмаванні ў асяроддзі Scratch. Сёлета на конкурс паступіла 557 работ. Спаборніцтва чацвёрты раз праводзяць галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскі абласны ІРА, адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій.

Конкурс праводзіўся па трох намінацыях. У намінацыі “Прафесія будучыні” навучэнцы 1 і 2 класаў фантазіравалі, якія прафесіі мо­гуць з’явіцца ў будучыні і стваралі аб гэтым творчыя праекты ў выглядзе анімацыі. Вучням 3 і 4 класаў прапанавалася ўзяць удзел у намінацыі “Аніміраваная гісторыя”. Для гэтага яны ўвасаблялі ў асяроддзі Scratch урыўкі з казак, вершаў, апавяданняў, мультфільмаў. Старэйшым удзельнікам прапаноўвалася самае складанае заданне. У намінацыі “Камп’ютарная гульня” яны павінны былі стварыць адзін новы ўзровень гульні, прадстаўленай у рамках конкурснага задання, з захаваннем жанру і агульнай ідэі. У гэтай намінацыі спаборнічалі пяці- і шасцікласнікі, ацэньваліся яны ў дзвюх узроставых групах.

Пасля аналізу работ, прадстаўленых у завочным туры, 40 хлопчыкаў і дзяўчынак былі запрошаны ў фінальны тур, які прайшоў у Мінскім абласным ІРА. У фінале ўдзельнікам давялося выконваць конкурс­ныя заданні і прэзентаваць свае праекты журы.

Пераможцамі конкурсу сталі Аляксей Гур, навучэнец 2 класа сярэдняй школы № 84 Мінска, Цімафей Самайловіч, навучэнец 3 класа сталічнай гімназіі № 17, Яраслаў Праткін, пяцікласнік гімназіі № 41 Мінска, і Кірыл Іваноў, які вучыцца ў 6 класе сярэдняй школы № 6 Магілёва. У камандным заліку перамаглі прадстаўнікі сталіцы, якія набралі на адзін бал больш, чым каманда Віцебскай вобласці. Таксама прызамі і падзякамі журы адзначыла пяць выкладчыкаў, якія падрыхтавалі двух і больш фіналістаў конкурсу.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.