Ёсць школьнае выхаванне, а бывае і прышкольнае. Пра гэта і не толькі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыў з Уладзімірам Кляўцовым, дырэктарам Чапукоўскай сярэдняй школы, вядомай не толькі ў Міёрскім раёне. Размова прайшла ў атачэнні кветак і дрэў, пад спевы птушак.
У Чапукі часта прыязджаюць экскурсіі з іншых школ раёна і вобласці. Уявіце сабе: большасць экспанатаў прама з Белавежскай пушчы прыехала! А як цікава наладжана работа на школьнай сядзібе! І яшчэ: многія жыхары ў Чапуках і ваколіцах, аказваецца, нашчадкі паморскіх старавераў, якія традыцыі веры вядуць ад манахаў з Салавецкіх астравоў…
Пачынаем ля “чырванакніжнай” клумбы. Там больш за 20 рэдкіх раслін высадзілі ўвесну вучні з педагогамі. Наглядна. Крэатыўна. Прыгожа. І адначасова — экавыхаванне.
Падарунак ад навукоўцаў
— Уладзімір Мікалаевіч, адкуль такія цікавыя жывыя экспанаты?
— Расліны нам перадалі супрацоўнікі Батанічнага саду НАН Беларусі. Яны прыязджалі, праводзілі для дзяцей экскурсіі па мясцовых лугах і лясах. Былі аднадзённыя палявыя зборы — выязджалі на знакамітае верхавое балота Ельню, гэта ў нашым раёне… Прывезлі нам навукоўцы чырванакніжнікаў, мы іх высадзілі на невялікіх дзялянках, а сёлета зрабілі асобны кветнік. Расказваем пра іх, паказваем ужывую, каб лепш запомнілі і ведалі: як сустрэнеш такія ў прыродзе, то аберагай, бо пад аховай дзяржавы. Так пашыраем экаведы, а праз дзяцей і дарослым яны перадаюцца.
— Тут ёсць адпаведныя шыльдачкі з назвамі. О, нават касачы дзікія…
— Так, і двух відаў: бязлісты і высокі. А вось фіялка высокая, мядунка магонская, шалфей лугавы, кадзіла сармацкае, кляматыс прамы, рамоннік шчытападобны…
— Здорава! І камяні-валуны ў афармленні клумбы надаюць экзотыкі.
— Гэта Святлана Генадзеўна Шымко, настаўніца пачатковых класаў, з вучнямі высаджвала: яна вядзе экалагічны факультатыў. Яны ж даглядаюць клумбу. Частка раслін яшчэ дарошчваецца, напрыклад, жоўты лён. З часам плануем зрабіць QR-коды, на сайце школы ёсць раздзел “Віртуальны экалагічны музей” — і там змяшчаць звесткі пра гэтыя расліны.
Як у Экзюперы
— Вы даўно працуеце ў Чапуках?
— Дырэктарам тут 7 гадоў, на дырэктарскіх пасадах у раёне з 2013-га. Сам я са Смаленшчыны, бацькі сюды пераехалі працаваць. Цяпер мая радзіма тут… І я лёсу, бацькам за тое ўдзячны. Край гэты надзвычай прыгожы, чысты, здаровы па энергетыцы. Усюды лясы проста казачныя, азёры, рэкі. А я ж і рыбак, і грыбнік… Школа наша беларускамоўная, цяпер у нас 133 вучні, з іх 23 — дашкаляты: ходзяць у садок.
— Мы рухаемся вакол школы — і ўсюды кампазіцыі…
— Уся тэрыторыя размеркавана, замацавана за класамі. Гэта сектар адказнасці 5 і 6 класаў. І з гадамі сектар не пераходзіць у іншыя рукі. Калі вучні з настаўнікам нешта пасадзілі — дэльфініум, скажам, то і клапоцяцца пра яго. Экзюперы казаў пра адказнасць за таго, каго мы прыручылі. А ёсць адказнасць і за кветку ці дрэўца, куст, які пасадзіў. Гэта жывое! А калі часта будуць зменьвацца садоўнікі, то можна ўсё загубіць.
Зайшлі ўжо на тэрыторыю адказнасці 8 і 9 класаў. Там на вялікай клумбе адна- і шматгадовыя кветкі, кусты руж, розныя дрэўцы… Звяртаю ўвагу на прыгожыя сосны, убок ад бярозавай алеі.
— Адкуль такія?
— Нашы, мясцовыя. Стромкімі не растуць: бачыце, лапы ў бакі, нібы кусты. Бралі саджанцы ў Дзісенскім лясніцтве, дакладней — у Новым Пагосце, там філіял. А мы лесаводам увесну дапамагаем шышкі нарыхтоўваць.
— Давайце яшчэ ўдакладнім: як усё наладжана?
— Класныя кіраўнікі з класамі маюць задачу прадумваць дызайн, падсаджваць своечасова, што трэба, у вучэбны час на класных і выхаваўчых гадзінах праводзіць догляд кампазіцый. Гэта праполка і паліў, калі трэба. З 1 ліпеня працуе аздараўленчы лагер, падключаем дзяцей да работ. Дворнік, вартаўнікі таксама на паліве, іншыя тэхработнікі ва ўсім гэтым удзельнічаюць. І, скажам, аднагадовыя кветкі ўвагі патрабуюць. Вось аксаміткі: як адцвітуць, то ўвосень іх замацаваныя на сваіх клумбах збіраюць. У нас ёсць дворнік Таццяна Віктараўна Дубніцкая — чалавек вельмі адказны, актыўны, творчы. Ёй аддаюць сабранае насенне на захоўванне. Вясной дзяўчынкі перабіраюць-сартуюць яго — гэтым кіруе настаўніца абслуговай працы Алена Аляксандраўна Жабенак. Што трэба на расаду — Таццяне Віктараўне, яна тым займаецца, у нас і цяплічкі ёсць. Так што наладжана ўсё да дробязей.
— Мне спадабаўся стылізаваны вялікі кошык з журавінамі. І падстаўкі з металу пад кветкі… Куплялі ці заказвалі ў майстроў?
— Пашанцавала нам: тут працаваў вартаўніком Уладзімір Адольфавіч Кукуць. Ён каваль, да таго ж чалавек з творчай жылкай. Для школы ён шмат чаго змайстраваў: кошык згаданы, казыркі над уваходамі, падстаўкі. І многае ўнутры. Звольніўся, а добрая памяць аб ім засталася.
Карані веры
— Уладзімір Мікалаевіч, як упісваецца тое, чым вы ў школе і пры школе займаецеся, у мясцовыя культурна-бытавыя традыцыі? Ёсць нешта падобнае ў вёсцы: кветнікі, клумбы?
— Мы творча прадаўжаем традыцыі, якія тут былі спрадвеку. Цяпер нешта з кветак, з расады купляюць у нас вяскоўцы, у сябе высаджваюць. Дзеці школьны досвед прымяняюць у жыцці. Увесь абслуговы персанал у нас мясцовы, і гэта “перацякае” на вясковыя сядзібы. А калектыў немалы: з настаўнікамі 47 чалавек.
— Якія ў гэтых мясцінах культурныя традыцыі?
Па першай адукацыі Уладзімір Кляўцоў — спецыяліст па гісторыі, гістарычнай інфарматыцы, заканчваў Полацкі дзяржуніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай. Экалагічнай адукацыі не мае, таму ўвесь час нечаму вучыцца. Любоў да прыроды, зялёных насаджэнняў была спачатку захапленнем, цяпер стала і важнай часткай работы.
— Культурная адметнасць у нас такая: тут розныя веравызнанні ў людзей. Ёсць праваслаўныя, каталікі, ёсць і стараверы. Тут быў раней цэлы рэгіён стараверскі. У Кублішчах ёсць царква старавераў пачатку ХХ стагоддзя, цікавая па архітэктуры. У такой веры жывуць і сёння многія старэйшыя людзі. У маўленні дзяцей часта можна пачуць характэрнае стараверскае оканне. Мы гэтыя традыцыі паважаем. Настаўнікі-славеснікі з вучнямі абагульнялі такую інфармацыю, стваралі даследчыя работы па кухні старавераў, па мясцовай гаворцы.
Навык працавітасці
— Ці ёсць у вас новыя праекты, задумы?
— Больш за 20 гадоў школа ўдзельнічае ў розных праектах, накіраваных на зберажэнне гістарычнай памяці, міру. Мяркую, будзем прэтэндаваць на званне Школы міру… У аснове работы школы з самага пачатку было экавыхаванне, сёння развіваем і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — у гэта ўкладвае сілы, душу і час мая намесніца па выхаваўчай рабоце Святлана Мікалаеўна Грыгаровіч. І ёсць вынікі. Працуюць клубы юных інспектараў руху, юных ратавальнікаў, актывізавана работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Сёлета далучаемся да рэспубліканскага праекта па здаровым ладзе жыцця — эксперыменты на прышкольным агародзе спалучым са здаровым харчаваннем. Новы імпульс будзе для клопатаў агародных. Удала склалася работа з арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж”. Мы ўдзельнічалі ў яе праектах, атрымалі дыплом ІІ ступені, грант на развіццё. Для гэтага склалі бізнес-план, потым я ў Мінску выступаў, абараняўся — і нашы задумы адобрылі, выдзелілі пад іх сродкі, грант. З насеннем дапамагалі, цяпліцу набыць, інвентар. Займаліся капустай розных відаў, морквай розных колераў, кавунамі, дынямі — па прапанаванай тэхналогіі. Ужо на другі год кавун “бедуін”, галандскай селекцыі, даў добры ўраджай, найбольшы пацягнуў на 13 кг!
— Скажыце шчыра: у вучняў ёсць ахвота, каб усе гэтыя задумы рэалізоўваць?
— Вы ж ведаеце: клас на клас, год на год не прыходзіцца. Гэта жыццё… Вось мае дзесяцікласнікі — малайцы, лёгкія на пад’ём. Пасадкі на агародзе, пасевы — большую частку ўсяго зрабілі, тэхработнікі толькі дапамагалі. Градкі паставіць, разраўнаваць глебу… Хлопцы з рукамі, такія ў жыцці не прападуць. Яшчэ быў клас: паставіў ім задачу — і нават не кантралюй. Адказныя, працавітыя, акуратныя. Не таму, што мы іх такімі выхавалі. Калі з калыскі, з дома хто да працы прывучаны, то і ў нас яму добра. З нуля школа не навучыць, мы толькі шліфанём і падправім. А як базы няма, то вельмі цяжка навык працавітасці ўтрымаць і развіць. А бывае ж і так дома: “Ай, ты бязрукі, то я лепш сама зраблю”. І зусім “не лепш” тое нашым дзецям на жыццёвай дарозе.
— Згодзен: школа як люстэрка… А ўсё ж такі: агульны кантроль за тым, што робіцца вакол школы, — ваша функцыя ці каго іншага?
— Агарод, сад, кветкі — гэта я сам трымаю ў полі зроку. Пра насенне сказаў — тут Таццяна Віктараўна мне ў дапамогу, жанчына з залатымі рукамі. Дарэчы, яна і школу размалявала, пабачыце: мастачка. Без спецыяльнай адукацыі, а малюе класна!
— Можа, цяпліцу паглядзім?
— Узімку тут раслі хрызантэмы, увесну іх перасадзілі, прыбралі частку грунту, пясок завезлі. З ліпеня пасынкуем туі, гартэнзіі, барбарысы. Буякамі не займаемся: ягада працаёмкая, сродкі і сілы трэба ўкласці — а што атрымаем? Трэба выкопваць шурф, запаўняць кіслай лясной глебай, рэжым вільготнасці падтрымліваць — а тут пясок. Карацей, не наша справа… Паспрабавалі вешанкі вырошчваць, вунь яшчэ калоды стаяць. Першы год быў нядрэнны ўраджай, потым плантацыю аблюбавалі дзятлы. Мы нарабілі дзірак у калодах, туды міцэлій, глінай замазвалі. А дзятлам гліна не перашкода, за зіму ўсё павыдзёўбвалі. Вывад: трэба ўлічваць рэальныя ўмовы, развіваючы прышкольную гаспадарку.
А вось тут — грады: буракі, морква, а там бульбачка. Усё ідзе на стол вучням.
Дапамагаюць шэфы: мясцовая гаспадарка, ААТ “Любінава”, якой кіруе Васіль Уладзіміравіч Хамёнак. Заўсёды нам ідзе насустрач. Восенню ўзараць, арганіку ўнесці — ад шэфаў падмога.
І бацькі вучняў з трактарамі ёсць, таксама дапамагаюць. На лета склалі графікі праполак: чэрвень — дзеці, ліпень — тыя, хто ў лагеры, жнівень — таксама вучні.
— Тут бачу малады сад.
— Так, новыя дрэўцы. Цяпер кожны выпускны клас высаджвае фруктовыя дрэвы ў школьным садзе. Мы зрабілі схему для альбома памяці, і там усё пазначаем: хто, што, калі пасадзіў. Гатункі ў асноўным познія: спецыфіка школьнага садоўніцтва. І, як правіла, садзіць клас дрэвы аднаго гатунку, бо захоўванне розных гатункаў — лішнія праблемы. А галоўнае, каб яблыкі смачныя былі і добра ляжалі. Бывае, у лютым яшчэ свае ў нас.
Біялогія адкрывае далягляды
— Можаце пахваліцца вучнямі, якім у далейшым гэты прышкольны вопыт спатрэбіўся?
— Калі па вялікім рахунку, то ўсім такая праца і досвед на карысць. Практычна кожны год выпускнікі паступаюць ва ўстановы аграрнага профілю. Летась два хлопцы заключылі мэтавыя дагаворы з гаспадаркамі раёна. Сёлета выпускнік Аляксей Сухоўскі ў Горкі ў акадэмію паступіў на меліярацыю, мэтавік. Многія выбіраюць прафесіі, звязаныя з біялогіяй, ідуць у медыцыну. Тры гады назад у Полацкі медкаледж аж 5 чалавек паступіла. Так што біялогія адкрывае далягляды. Спадзяюся, будуць сярод выпускнікоў і настаўнікі біялогіі, такія нам патрэбны. Сёлета з трыма выпускніцамі ў школы мэтавыя дагаворы: дзве выбралі пачатковую адукацыю, адна — беларускую філалогію. Вучыцца дзяўчаты пайшлі ў Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П.М.Машэрава, праз 4 гады вернуцца працаваць…
Ну вось мы і падышлі да саду. Ён у добрай форме, некаторым яблыням гадоў па 20, ёсць і маладзейшыя. Ураджай захоўваем у скрынях: прыстасавалі склеп, там добрыя ўмовы па тэмпературы, вільготнасці. Галоўныя плюсы: патанненне харчавання школьнікаў, іх вітамінізацыя. Кілаграм 400—500 яблыкаў адпраўляем на захоўванне, астатнія здаём у Шаркаўшчыну на перапрацоўку.
Пасляслоўе
Хоць гутарылі мы на тэму “Школьная сядзіба”, аднак і ў школу зазірнулі. Пры ўваходзе на другі паверх дворніка і мастачку Таццяну Дубніцкую з яе творамі сфатаграфавалі. Глушцы на такавішчы, буслы ў палёце, прасторы пад іх белымі крыламі (сцяна пад назвай “Нацыянальныя паркі”), пейзажы Паазер’я ўражваюць. І ўсё арганічна ўпісана ў першасную задуму пра экакуток, які тут як цэлы экакосмас! А там, ніяк не чакаў, ёсць нават чучалы вялікіх дзікіх жывёл, птушак, тры акварыумы з рыбамі, шмат чаго іншага.
— Тут праводзім экскурсіі, — патлумачыў Уладзімір Мікалаевіч. — Белавежская пушча дапамагала ўсё аформіць, у далёкім 1994-м. Тады Валерый Анатолевіч Драбо, першы дырэктар, пачаў ствараць куток. Распрацавалі праект, знайшлі грошы (сродкі Міёрскага камітэта аховы прыроды), і з пушчы паступалі каштоўныя экспанаты. Так сродкі, укладзеныя тады ў экавыхаванне, да гэтага часу даюць добры эфект. Валерый Анатолевіч цяпер — намеснік старшыні райсавета дэпутатаў, заўсёды справамі школьнымі цікавіцца.
Што аддаў — тое тваё… У ходзе размовы дырэктар згадаў добрых людзей, энтузіястаў, дзякуючы якім школа мае адметнае аблічча. Кожны нешта ўклаў сюды, пакінуў. Дрэвы, алеі, кветкі, карціны, дэкор…
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Грыгаровіч аддала даніну павагі Эльвіры Францаўне Хахель, настаўніцы біялогіі і хіміі, пад кіраўніцтвам якой працуе экааб’яднанне па інтарэсах. Раней гэта быў гурток юных экскурсаводаў. Вучні праводзілі экскурсіі для школьнікаў з усяго раёна. І цяпер там усталёўваюць, скажам, сцежку адчуванняў — і колькі эмоцый! Дзеці басанож ходзяць па каменьчыках, жалудах, пяску, саломе… Ці стылізаванай дзюбай нешта з імпэтам збіраюць. А цікава ж пабыць птушкай! Такія напрамкі дзейнасці развіваюцца. На сайце школы пра гэта можна пачытаць у раздзеле “Экалогія”.
Экалогія — гэта не пра смецце і забруджванні. Гэта пра само жывое жыццё ў розных яго праявах. Яно цікавае і жаданае для ўсіх. І ніяк нельга дапусціць, каб яно, жывое жыццё, калі-небудзь трапіла ў Чырвоную кнігу.
Пазней знайшоў я вельмі цікавы фрагмент у адной са згаданых работ юных даследчыкаў з Чапукоў: “Более двух с половиной веков отделяют нас от того времени, когда на территории современных Миорского, Браславского и Шарковщинского районов появились первые поселения христиан старого обряда. Местные власти сочувственно относились к переселенцам и предоставляли старообрядцам возможность свободно править службу по древлеправославному чину Соловецких иноков. Трудолюбивые, законопослушные, ведущие трезвый образ жизни старообрядцы получали в пользование участки земли, становились самостоятельными хозяевами. Помещики, на землях которых поселились старообрядцы, защищали их, пользовались их услугами. В результате в регионе Дисны, Браслава, Шарковщины появились многочисленные поселения старообрядцев-поморцев”.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара