Сёння чэмпіянат двара — заўтра чэмпіянат свету

- 9:47Інфармацыйная гадзіна

На лёдзе мінскай “Чыжоўка-Арэны” 14 лютага завяршыўся XIХ Гарадскі фінал турніру юных хакеістаў “Залатая шайба” ў малодшай узроставай групе (2004—2005 гадоў нараджэння).

У вырашальным паядынку за першае месца каманда “Грыфоны” з Цэнтральнага раёна абыграла сапернікаў з каманды “Мядзведзь” Маскоўскага раёна — 8:2.

Лік у матчы быў адкрыты ўжо на 2 хвіліне стартавага перыяду. Аўтарам першага гола стаў Мікалай Лукашэнка. Хутка “Грыфоны” павялічылі сваю перавагу. Дакладным кідком вызначыўся Максім Філіпчык. Хакеісты каманды “Мядзведзь” атрымалі шанс скараціць адставанне пасля выдалення ў складзе саперніка, але не скарысталіся перавагай у аднаго гульца. “Грыфоны” ж колькасную перавагу разыгралі ўпэўнена. Другую шайбу ў матчы запісаў у свой актыў Мікалай Лукашэнка — 3:0. У ходзе гульні каманда з Цэнтральнага раёна сталіцы яшчэ пяць разоў паразіла вароты “Мядзведзя”. Нападаючы Мікалай Лукашэнка па выніках сустрэчы вызначыўся пяццю галамі.

У перапынках вырашальнага матчу шматлікія балельшчыкі, якія актыўна падтрымлівалі абедзве каманды, з задавальненнем прымалі ўдзел у конкурсах на дакладнасць кідка па варотах, за што атрымлівалі ад арганізатараў падарункі. Цікавай атрымалася і цырымонія закрыцця гарадскіх спаборніцтваў. Перад гледачамі і ўдзельнікамі выступілі артысты шоу-тэатра “Хвiлiнка”.

“Перамозе, вядома, рады. На здзіўленне, фінал атрымаўся не такім цяжкім для нас. З верасня мінулага года пачалі рыхтавацца да “Залатой шайбы”. Турнір вельмі важны для хлопчыкаў, у іх ёсць выдатная магчымасць атрымаць гульнявую практыку. Тым больш тут, на “Чыжоўка-Арэне”, пануе цудоўная, святочная атмасфера, якая надае сіл і юным хакеістам. Цяпер неабходна рыхтавацца да рэспубліканскіх спаборніцтваў. Графік ранейшы: два разы на тыдзень”, — адзначыў трэнер “Грыфона” Дзмітрый Баскаў.

Перамога ў гарадскім турніры забяспечыла “Грыфонам” удзел у рэспубліканскім фінале “Залатой шайбы”, які пройдзе ў сакавіку. Фіналіст гарадскіх спаборніцтваў каманда “Мядзведзь” таксама атрымала права згуляць з лепшымі камандамі рэспублікі. Трэцяе месца ў гарадскіх спаборніцтвах занялі хакеісты каманды “Беркут” Фрунзенскага раёна.

Па выніках спаборніцтваў былі названы лепшыя гульцы ў індывідуальных намінацыях: варатар — Дзмітрый Краснухін (“Мядзведзь”), абаронца — Аляксандр Бяляй (“Беркут”), нападаючы — Данііл Мерзлякоў (“Алімпія”, Першамайскі раён). Лепшым бамбардзірам стаў Мікалай Лукашэнка (“Грыфоны”).

Фінальны этап мінскага турніру ў старэйшай узроставай групе завяршыцца 24 лютага.

Спаборніцтвы юных хакеістаў “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Беларусі праводзяцца пад дэвізам “Сёння чэмпіянат двара — заўтра чэмпіянат свету”. Турнір быў адроджаны па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы ў 1997 годзе. Мэтай спаборніцтваў з’яўляецца паляпшэнне фізкультурна-спартыўнай работы, умацаванне здароўя і ўключэнне моладзі ў заняткі фізкультурай і спортам, папулярызацыя хакея. У многім дзякуючы гэтым спаборніцтвам, дзіцячы хакей атрымаў масавае развіццё па ўсёй краіне.

Арганізатарамі турніру будучых хакейных зорак з’яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, БРСМ, Федэрацыя хакея Беларусі, дзіцяча-юнацкі клуб па хакеі “Залатая шайба”.