Сенсорны пакой адкрылі ў Панямуньскім дзіцячым доме Гродна. На рэалізацыю праекта пайшло два гады.
Да адкрыцця доўгачаканага кабінета, які дазваляе палепшыць псіхаэмацыянальны і фізічны стан дзяцей, адміністрацыя Панямуньскага дзіцячага дома Гродна паставілася з асаблівай адказнасцю. Доўга вывучалася метадычная літаратура, наладжвалася ўзаемадзеянне з медыцынскімі работнікамі. Былі падабраны аптымальныя варыянты для арганізацыі адукацыйнай прасторы.

Мяккае асяроддзе забяспечвае ўтульнасць, камфорт і бяспеку. Галоўнай мэтай выкарыстання пакоя з’яўляецца стварэнне ўмоў для рэлаксацыі і спакойнага стану. Лежачы на мяккім крэсле-кубе, крэсле-качалцы, масажным крэсле, у атмасферы прыемнага для вачэй святла, пад рэлаксуючую музыку, удыхаючы прыемныя водары, дзеці нібы трапляюць у казку. У такім сенсорным пакоі ствараецца адчуванне поўнай бяспекі, камфорту, загадкавасці, расслаблення і гармоніі.
Пакой псіхалагічнай разгрузкі з сенсорным абсталяваннем з’яўляецца магутным інструментам для пашырэння і развіцця светапогляду, сенсорнага і пазнавальнага развіцця,
спрыяе стабілізацыі эмацыянальнага стану, павышае эфектыўнасць любых мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне псіхічнага і фізічнага здароўя дзяцей, у тым ліку і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Узровень сенсаматорнага развіцця складае падмурак агульнага разумовага развіцця дзіцяці і з’яўляецца базавым для паспяховага авалодання ім многімі відамі дзейнасці.
Выхаванцы дзіцячага дома паспелі ўжо апрабаваць на сабе абсталяванне сенсорнага пакоя. Тут яны не толькі змаглі расслабіцца, але і атрымалі ўяўленні аб зорным небе, новыя адчуванні, зарадзіліся энергіяй для актыўнай дзейнасці.
Наталля НОСАЛЬ,
педагог-псіхолаг Панямуньскага дзіцячага дома Гродна





