Каманда беларускіх школьнікаў паспяхова выступіла на 57-й Міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы. На нашым рахунку — адзін сярэбраны і чатыры бронзавыя медалі. Віншуем пераможцаў!
57-я Міжнародная матэматычная алімпіяда праходзіла з 6 па 16 ліпеня ў Ганконгу. У ёй узялі ўдзел 602 школьнікі са 109 краін свету. Навучэнцы спаборнічалі на базе Ганконгскага тэхналагічнага ўніверсітэта, аднаго з лепшых у краіне.
Каманда Беларусі складалася з 6 школьнікаў. Гэта навучэнцы, якія здолелі прадэманстраваць самы высокі вынік на Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы, а затым дастойна прайсці праз тры этапы падрыхтоўчых збораў, якія праводзіліся на базе Ліцэя БДУ.
У выніку на міжнароднай алімпіядзе Андрэй Асанаў, навучэнец 11 класа гімназіі Шчучына, заваяваў “серабро”.
“Бронза” — у Ягора Дубовіка, вучня 10 класа гімназіі № 51 Гомеля, Ільі Пчалінцава, Аляксандра Юрана, навучэнцаў 10 класа Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Барыса Серанкова, адзінаццацікласніка гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага.
Пахвальны водгук атрымала адзіная дзяўчына ў камандзе — Лізавета Манжуліна, навучэнка 11 класа гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага.
У камандным заліку нашы школьнікі раздзялілі 34—35 месцы. На першых пазіцыях — ЗША, Паўднёвая Карэя, КНР. Гэтыя краіны ўтрымліваюць першыя радкі рэйтынгу ўжо некалькі гадоў запар.
Кіраўнікамі каманды былі дацэнт кафедры вышэйшай алгебры і абароны інфармацыі БДУ кандыдат фізіка-матэматычных навук Ігар Іванавіч Варановіч і аспірант Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі настаўнік матэматыкі Ліцэя БДУ Міхаіл Васільевіч Карпук.
Міжнародная матэматычная алімпіяда (IMO, International Mathematical Olympiad) — штогадовае інтэлектуальнае першынство для школьнікаў, найстарэйшая з міжнародных прадметных алімпіяд, якая праводзіцца кожны год у адной з краін.
Першая MMА прайшла ў 1959 годзе ў Румыніі з удзелам сямі краін. З тых часоў яна праводзіцца кожны год (адзіным выключэннем быў 1980-ы, калі яна не адбылася). У апошнія гады ў Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе ўдзельнічаюць больш за 100 краін з 5 кантынентаў.
Кансультатыўны савет ММА (кіруючы орган алімпіяды) зацвярджае краіну, якая будзе прымаць алімпіяду, сочыць за выкананнем правіл і падтрымлівае традыцыі Міжнароднай матэматычнай алімпіяды.
Кожную краіну прадстаўляе каманда, якая складаецца не больш чым з шасці (першапачаткова — васьмі) удзельнікаў, кіраўніка і навуковага кіраўніка. Афіцыйна ММА — асабістае першынство. Удзельнікі павінны быць не старэйшыя за 20 гадоў і не вучыцца ва ўніверсітэтах.
Мэтамі Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, якія былі акрэслены ў далёкім 1959 годзе, з’яўляюцца: выяўленне і заахвочванне матэматычна адораных маладых людзей ва ўсіх краінах, садзейнічанне сяброўскім міжнародным адносінам паміж матэматыкамі ўсіх краін, стварэнне магчымасцей для абмену інфармацыяй аб школьных праграмах і практыцы па ўсім свеце і папулярызацыя матэматыкі ў цэлым.
Удзельнікам міжнароднай алімпіяды прапануецца рашыць 6 задач (па тры задачы ў дзень, на працягу двух дзён запар), кожная з якіх ацэньваецца ў 7 балаў. Магчымы максімум — 42 балы. Задачы выбіраюцца з розных галін школьнай матэматыкі, галоўным чынам з геаметрыі, тэорыі лікаў, алгебры і камбінаторыкі. Яны не патрабуюць ведання вышэйшай матэматыкі і часта маюць прыгожае і кароткае рашэнне. Напрыклад, шостая задача за 2007 год рашалася амаль у адзін ход камбінаторнай тэарэмай аб нулях.
1-я і 4-я задачы класіфікуюцца як лёгкія, 2-я і 5-я — як сярэднія, а 3-я і 6-я — як цяжкія. Напрыклад, на той жа ММА-2007 трэцюю і шостую задачы рашылі па 5 чалавек з некалькіх соцень лепшых у сваіх краінах матэматыкаў.
Як адзначылі кіраўнікі беларускай каманды, 3-я і 6-я задачы ў гэтым годзе былі па тэорыі лічбаў і камбінаторнай геаметрыі. А першыя чатыры ахоплівалі такія раздзелы, як алгебра, геаметрыя, тэорыя лікаў, камбінаторыка.
— Сёлета былі 2 задачы па камбінаторыцы, а гэта заўсёды няпроста і непрадказальна, і толькі 1 задача па геаметрыі, якая традыцыйна лічыцца простай. Нашы ўдзельнікі крыху заблыталіся ў самых складаных задачах. Разам з тым выступленне каманды стала паспяховым. Асобнае “дзякуй” хочацца сказаць іх школьным настаўнікам, якія здолелі захапіць сваіх вучняў матэматыкай, — адзначылі кіраўнікі каманды.
Па традыцыі для ўдзельнікаў міжнароднай алімпіяды была запланавана насычаная забаўляльная праграма. Школьнікі пабывалі на дзвюх экскурсіях, у Дыснейлэндзе. А адзін дзень быў прысвечаны лекцыям сусветна вядомых матэматыкаў. На гэты раз перад алімпіяднікамі выступалі аўстралійскі матэматык Эзра Гетслер (Ezra Getzler) і прафесар з Мічыгана Джэфры Лагарыяс (Jeffrey Lagarias).
Вольга ДУБОЎСКАЯ.