Беларусь і Катар маюць намер надаць новае напаўненне двухбаковаму гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. Адпаведныя пытанні абмяркоўваліся ў Досе на перагаворах Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Эмірам Катара шэйхам Тамімам бен Хамадам аль-Тані.
Лідары дзвюх краін канстатавалі наяўнасць даверных адносін як на міждзяржаўным, так і на асабістым узроўні, добрае ўзаемадзеянне, якое ўстанавілася ў палітыцы. Разам з тым адзначана неабходнасць нарошчвання аб’ёмаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, таму што гэтая сфера пакуль крыху адстае ад палітычнай.
Заяўлена, што цяперашняя сустрэча ў Досе з’яўляецца добрай падставай для таго, каб вызначыцца, як і ў якім напрамку развіваць двухбаковыя адносіны. У якасці ключавых названы сферы інвестыцый і гандлю з акцэнтам на стварэнні сумесных прадпрыемстваў.
Добрыя перспектывы для развіцця супрацоўніцтва ёсць і ў галінах дрэваапрацоўкі, паставак прадуктаў харчавання. Па гэтых напрамках у Катара ёсць вялікі інтарэс да Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў даручыць урадам Беларусі і Катара вызначыць тры — пяць добрых, выгадных абодвум бакам праектаў, якія маглі б стаць своеасаблівым лакаматывам развіцця адносін. Прадоўжыць абмеркаванне гэтых пытанняў плануецца і ў час маючага адбыцца візіту Эміра Катара ў Беларусь.
У цэлым на перагаворах кіраўнікі дзяржаў дамовіліся садзейнічаць больш цеснаму гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву Беларусі і Катара.
Пасля завяршэння перагавораў у прысутнасці лідараў дзвюх краін быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні па супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя паміж профільнымі міністэрствамі Беларусі і Катара. Заключаны мемарандум аб узаемадзеянні ў галіне акадэмічнага і навуковага супрацоўніцтва паміж Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Універсітэтам Катара.
Міністэрствы фінансаў падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні па супрацоўніцтве ў фінансавых пытаннях. Таксама заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж банкамі развіцця Беларусі і Катара.
Краіны выходзяць на новыя формы крэдытна-фінансавага ўзаемадзеяння. З падпісаннем адпаведнага мемарандума з’яўляецца магчымасць прыцягнення на выключна льготных умовах крэдытных рэсурсаў для тых праектаў, што фінансуюцца Банкам развіцця Беларусі.
У цэлым у названых дакументах прапісаны канкрэтны механізм, які дае магчымасць у далейшым выходзіць на прамыя дамоўленасці і рэалізацыю праектаў у абазначаных сферах.
“Гэта практыка, якая прынята ў Катары: перш чым пераходзіць да практычных мерапрыемстваў супрацоўніцтва, павінны быць дасягнуты дамоўленасці на міжурадавым узроўні. Слова “мемарандум” не прадугледжвае нейкай неканкрэтнасці. Гэта такая форма, якая тут прынята”, — растлумачыў напярэдадні пасол Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Дзяржаве Катар па сумяшчальніцтве Раман Галоўчанка.