Ш.Р.Э.К.: развіваем эканамічную і экалагічную культуру

- 10:38Навіны рэгіёнаў

Свята, прысвечанае Сусветнаму дню водных рэсурсаў невыпадкова прайшло ў яслях-садзе № 45 Гродна. Фарміраванню асноў эканамічнай культуры і беражлівых адносін да навакольнага свету і прыроды ў дзяцей тут удзяляецца асаблівая ўвага.

Хлопчыкі і дзяўчынкі розных узростаў упэўнена расказвалі, чаму і як трэба берагчы ваду, як паводзіць сябе на прыродзе, як сартаваць смецце. Наведвальнікі беларускамоўнай групы нават правялі доследы па ачыстцы вады, безумоўна, расказаўшы пра гэта на роднай мове. Праз гульню, сапраўдны казачны спектакль, танцы і песні дзеці імкнуліся паказаць каштоў­насць вады і неабходнасць яе берагчы. Адчувалася, што тэма для іх не новая. Толькі, на жаль, ва ўмовах прафілактыкі захворванняў на свята не завіталі гледачы. Маленькія артысты ўжо прывыклі бачыць у зале бацькоў, вучняў школ. Яны нават выступалі на сапраўднай сцэне ў Гродзенскім каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва. Таму выхавальнікі здымаюць такія святочныя паказы на відэа і размяшчаюць іх у сацыяльных сетках.

Сёння яслі-сад № 45 Гродна — абласны рэсурсны цэнтр па тэме “Фарміраванне энергаэфектыўнага ладу жыцця ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу праз арганізацыю дзейнасці ў школе развіцця эканамічнай культуры — Ш.Р.Э.К. Таксама ўстанова дашкольнай адукацыі з’яўляецца дэманстрацыйнай пляцоўкай праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Энергаэфектыўная школа” дзякуючы таму, што ў 2013—2016 гадах тут быў рэалізаваны міжнародны праект, вынікам якога стала ўкараненне энергаэфектыўных тэхналогій, што дазволіла эканоміць цепла- і энергарэсурсы.

З 2018 года яслі-сад прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскім адукацыйным праекце “Зялёныя школы”, мае дыплом III ступені.

— Як толькі ў снежні 2019 года мы атрымалі дыплом праекта “Зялёныя школы”, узнікла новая ідэя — стварыць Ш.Р.Э.К., — расказала загадчыца ясляў-сада № 45 Гродна Людміла Кушнірук. — Працягваючы распрацоўваць тэ­му энергазберажэння, мы ўзялі яшчэ адзін вузкі кірунак — беражлівыя адносіны да вады. І наша школа развіцця эканамічнай культуры стала Ш.Р.Э.К. у квадраце. Цяпер гэта школа развіцця эканамічнай і экалагічнай культуры. Праз яе мы імкнёмся сфарміраваць асновы эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту, павысіць кампетэнтнасць бацькоў і педагогаў у галіне эканамічнай дасведчанасці.

Каб зрабіць працэс пазнання пытанняў эканоміі і энерга­зберажэння цікавым і даступным, педагогі ўстановы дашкольнай адукацыі сур’ёзныя тэмы сталі падаваць дзецям праз гульню, іх любімых мульцяшных персанажаў. Распрацавалі розныя формы работы ў Ш.Р.Э.К., прычым не толькі для дзяцей, але і для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

У яслях-садзе ёсць спецыяльны цэнтр, дзе ўсе ўдзельнікі школы могуць на практыцы замаца­ваць веды пра асобны збор смецця, эканомнае расходаванне электраэнергіі пры выкарыстанні розных бытавых прыбораў. Тут дзеці знаёмяцца з неаднаўляльнымі, аднаўляльнымі і альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі. Ёсць макеты геліякалектара і энергаэфектыўнага дома. А каб заняткі прахо­дзілі ў выглядзе гульні, педагогі вырашылі выкарыстоўваць лялек і нават далі ім імёны. Так, за беражлівыя адносіны да вады адказвае Каплюша.

— Часта на “ўрокі” ў гэтую школу мы запрашаем адначасова дзяцей і дарослых, што дазваляе арганізаваць не толькі інтэрактыўныя зносіны, але і ўзаемнае навучанне, — дадала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада

№ 45 Гродна Наталля Яну­шэўская. — Эфектыўнымі формамі навучання ў Ш.Р.Э.К. сталі семінары, практыкумы і квест-гульні, майстар-класы, конкурсы і віктарыны, святочныя мерапрыемствы. Таксама пытанні эканоміі і беражлівасці стараемся раскрываць падчас музычна-тэатралізаваных паказаў, правядзення флэш-мобаў, выстаў, прагляду мультфільмаў. Дзеці перадаюць бацькам памяткі, лістоўкі і буклеты.

Дарэчы, бацькі расказва­юць выхавальнікам, як пасля такіх мерапрыемстваў у дзіцячым са­дзе, вярнуўшыся дадому, дзеці заклікаюць іх берагчы ваду, не паліць дарэмна святло. Адна з дзяўчынак прымусіла маму паставіць пад рабочы стол скрыню і складваць туды непатрэбную паперу, каб затым яе можна было здаць на макулатуру. Менавіта так хлопчыкі і дзяўчынкі робяць у дзіцячым садзе, збіраючы ўсе абрэзкі паперы, што засталіся пасля заняткаў. У сем’ях таксама падтрымліваюць Дзень зямлі, выключаючы на гадзіну святло.

За час існавання Ш.Р.Э.К. было праведзена шмат цікавых мерапрыемстваў, у тым ліку з ­удзелам вучняў Гродзенскай гарадской гімназіі, пачатковай школы № 1 Гродна, гімназіі імя К.Каліноўскага Свіслачы, сярэдняй школы № 12 Гродна. На майстар-класы, круглыя сталы і семінары-практыкумы запрашаліся бацькі дзяцей і педагогі іншых устаноў дашкольнай адукацыі.

Трансляцыя педагагічнага вопыту па фарміраванні эканамічнага і энергаэфектыўнага ладу жыцця ў выхаванцаў і іх баць­коў адбывалася на метадычных аб’яднаннях, мерапрыемствах рэспубліканскага, абласнога і гарадскога ўзроўняў. Вопыт работы калектыву быў надрукаваны ў зборніку навукова-метадычных матэрыялаў “Энергаэфектыўная школа: час дзейнічаць”.

З 2019 года яслі-сад № 45 Гродна стаў адным з партнёраў экалагічнай ініцыятывы “УРА Гродна!” праекта “Уцягненне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”. Партнёрамі ўстановы дашкольнай адукацыі ў праекце, які рэалізуецца праграмай развіцця ААН у Беларусі разам з Мінпрыроды і фінансуецца Еўрасаюзам, сталі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і сярэдняя школа № 12 Гродна.

— У гэтай ініцыятыве мы хочам паказаць, што можна стварыць пераемнасць у экалагічным выхаванні на кожнай ступені адукацыі — ад дашкольнай, затым сярэдняй і да вышэйшай. На базе кожнай з трох устаноў будуць функцыянаваць адукацыйныя мультыцэнтры, што дазволіць вырашаць задачы фарміравання эка­дружалюбнага ладу жыцця ва ўсіх ­удзельнікаў праекта на кожнай ступені адукацыі. У прыватнасці, у нашым яслях-садзе бу­дуць працаваць мультыцэнтры “Маленькі метэаролаг” і “Экалогія і здароўе”. У сярэдняй школе № 12 будуць дзейнічаць 4 мультыцэнтры, а ў ГрДУ імя Янкі Купалы — лабараторыя. Да пачатку лета яны пачнуць працаваць, — адзначыла Наталля Янушэўская.

Безумоўна, такі наватарскі, неабыякавы падыход да выхавання ў дзяцей беражлівых адносін да навакольнага свету быў бы немагчымы без ініцыятывы сапраўды творчых, вопытных, кваліфікаваных педагогаў. Менавіта такія людзі і задзейнічаны ў рэсурсным цэнтры, вопыт работы якога распаўсюджваецца сярод калег устаноў дашкольнай адукацыі ўсёй вобласці.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.