Шчаслівага “Зорнага паходу”!

- 10:37Актуально, Апошнія запісы

Што трэба для цудоўнага зімовага дня? Мароз і сонца. А яшчэ ўсмешкі і добры настрой. Усяго гэтага было ў дастатку 23 студзеня падчас урачыстага мітынгу з нагоды старту 53-га “Зорнага паходу” студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.

Многія ўстановы вышэйшай адукацыі ганарацца традыцыяй правядзення “зорных паходаў”. Аднак толькі ў галоўнай педагагічнай альма-матар краіны “Зорны паход” — гэта візітоўка, брэнд, маштабны праект і заўсёды яркае штогадовае свята з нагоды яго ўрачыстага старту. Многія “зорнікі” (удзельнікі самых першых паходаў) ужо на заслужаным адпачынку. Многія працягваюць сеяць у сэрцах навучэнцаў разумнае, добрае, вечнае. Многія толькі пазаўчора адправіліся ў свой першы паход. І ўсё ж колькі б ні было табе гадоў, якім бы вялікім ні быў твой жыццёвы і прафесійны вопыт, спалучэнне слоў “Зорны паход” абавязкова абудзіць у тваёй душы самыя цёплыя ўспаміны і пачуцці. Узгадаюцца студэнцкія гады, маладосць, жаданне падарожнічаць, вывучаць гераічнае мінулае беларускай зямлі, сустракацца з ветэранамі, клапаціцца пра іх, расказваць школьнікам пра важнасць захавання міру і памяці пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Напэўна, няправільна гаварыць пра ўсе гэтыя жаданні і пачуцці ў мінулым часе. Былых “зорнікаў” не бывае. У таго, хто хоць раз адправіўся ў паход па месцах баявой і працоўнай славы, прайшоў праз гэтую сапраўдную школу патрыятычнага выхавання, ніколі не знікне жаданне беражліва захоўваць і перадаваць нашчадкам памяць пра Вялікую Перамогу. Менавіта так, магутнай школай патрыятычнага выхавання, назваў “зорныя паходы” міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка (выпускнік БДПУ, неаднаразовы ўдзельнік і арганізатар “зорных паходаў”).

— “Зорны паход” — гэта не проста традыцыя педагагічнага ўніверсітэта, гэта магутная школа патрыятычнага выхавання, школа фарміравання дадатковых уменняў і навыкаў будучага педагога. Што такое праца педагога? Гэта ў першую чаргу стасункі са сваімі выхаванцамі, іх бацькамі, насельніцтвам той мясцовасці, дзе размешчана ўстанова адукацыі. Паход падорыць вам цудоўныя хвіліны, моманты гэтых незабыўных чалавечых узаемаадносін. Размаўляйце з людзьмі, умейце слухаць іх, умейце набірацца вопыту, які яны намагаюцца вам перадаць. Упэўнены, што паход акажа станоўчае ўздзеянне на ваша прафесійнае, грамадзянскае і асабістае станаўленне. Няхай траскучы мароз не перашкодзіць цёплым і цікавым сустрэчам, — звярнуўся да ўдзельнікаў 53-га “Зорнага паходу” Ігар Васільевіч.

Цёплыя і цікавыя сустрэчы праходзяць з 23 па 26 студзеня для ўдзельнікаў 8 атрадаў агульнай колькасцю больш за 250 чалавек у Жодзіне, Барысаўскім, Крупскім, Стаўбцоўскім, Салігорскім раёнах Мінскай вобласці, Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці, у Бабруйску і Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Падчас паходу студэнты і выкладчыкі факультэтаў і інстытутаў БДПУ сустракаюцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы, аказваюць ім шэфскую дапамогу, знаёмяцца з памятнымі мясцінамі, ускладваюць кветкі да мемарыяльных комплексаў, праводзяць для старшакласнікаў майстар-класы, акцыі па здаровым ладзе жыцця, спартыўныя спаборніцтвы.

Актыўнымі ўдзельнікамі гэтых мерапрыемстваў, акрамя беларусаў, сталі студэнты з Азербайджана (Бакінскага славянскага ўніверсітэта), Казахстана (Усходне-Казахстанскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Д.Серыкбаева, Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва), Расіі (Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта, Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў), а таксама студэнты з Туркменістана, Ірака, Кітая, якія навучаюцца ў БДПУ. Інтэрнацыянальнасць — адна з асаблівасцей “Зорнага паходу”.

— Столькі гадоў прайшло з часу правядзення першага паходу, і вось зноў лепшыя з лепшых студэнты ўніверсітэта сабраліся на чарговы, ужо 53-ці, “Зорны паход”, каб праславіць нашу краіну, народ, праславіць моладзь, якая глыбока шануе гісторыю. “Зорны паход” нездарма інтэрнацыянальны, таму што Перамогу мы набліжалі разам. Байцы Чырвонай Арміі многіх нацыянальнасцей вызвалялі Беларусь. Вас чакаюць школьнікі і ветэраны, вы падорыце ім цяпло і клопат. Не шкадуйце свой душэўны зарад і энергію, дзяліцеся імі падчас сустрэч. У вас усё атрымаецца! — адзначыла першы прарэктар БДПУ Святлана Іванаўна Копцева.

Добрага шляху студэнтам і выкладчыкам пажадалі начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыя Станіславаўна Кіндзірэнка, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Сяргей Міхайлавіч Клішэвіч, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Няхай 53-ці “Зорны паход” будзе шчаслівым!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДПУ імя Максіма Танка.