Шчаслівая ўсмешка дзяцінства

- 12:27Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

Штогод 1 чэрвеня насельніцтва планеты святкуе Міжнародны дзень дзяцей. У Беларусі, як і ў некаторых іншых суседніх краінах, гэтае свята прыжылося пад назвай Дзень абароны дзяцей, што падкрэслівае неабходнасць аховы правоў дзяцей, абароны здароўя і жыцця кожнага дзіцяці. Хоць афіцыйна выхадным гэты дзень не з’яўляецца, адно з самых любімых свят чакаюць усе. У гарадскіх і вясковых парках і скверах разгортваюцца спартыўныя і культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, працуюць гульнявыя пляцоўкі, атракцыёны. У школьнікаў у першы летні дзень — двайное свята, бо пачынаюцца канікулы. Традыцыйна многія з навучэнцаў адзначаюць гэтае свята ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. “Шчаслівая ўсмешка дзяцінства” — такую назву атрымала гарадское свята, якое прайшло тут у пятніцу і сабрала сотні дзяцей усіх узростаў. 

Музычныя віншаванні пачалі гучаць з летняй эстрады падчас святочнага канцэрта творчых калектываў. Упершыню свае кампазіцыі падарылі прысутным творчыя калектывы грамадскіх нацыянальна-культурных аб’яднанняў.
“Год гасціннасці стаў чарговай нагодай для таго, каб яшчэ раз напомніць, што ў Мінску жывуць і вучацца дзеці розных нацыянальнасцей, што яны захоўваюць сваю культуру, маю ць свае нацыянальныя асаблівасці, — адзначыла дырэктар палаца Галіна Леанідаўна Шкляр. — І хочацца, каб нашы дзеці мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з імі”.

Пра тое, што дзецям гэтая ідэя прыйшлася даспадобы, адчувалася на інтэрактыўнай пляцоўцы “Вясёлка талентаў”. Юныя мінчане з задавальненнем наведалі самыя цікавыя майстар-класы. Так, грамадскае аб’яднанне “Яўрэйскае культурнае таварыства “Эмуна” прадставіла “Роспіс хамсы” — роспіс акварэллю гіпсавых конікаў. Разам з грамадскім аб’яднаннем “Дыялог Еўразія” (Турцыя) хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, як ствараецца эбру — малюнак на вадзе з пераносам атрыманай выявы на паперу. Культурна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Садко” (Расія) разгарнула выставу бісерапляцення “Рускі падворак”. Юныя майстрыхі паспрабавалі стварыць разам з Мінскім гарадскім асветніцкім таварыствам “Аястан” (Арменія) вязаныя крыжыкі да свята Узнясення і іншыя вырабы. Пляцоўкі з нацыянальнымі гульнямі разгарнулі прадстаўнікі Туркменскага культурна-асветніцкага фонду “Бахар” і грамадскага аб’яднання “Грузінскае культурна-асветніцкае аб’яднанне “Мамулі”.

Самых спрытных і меткіх сабрала пляцоўка “Спартыўны каламбур”. Іх чакаў чэмпіянат па настольным тэнісе, скачкі праз скакалку і абручы, кіданне ў цэль мяшочкамі з пяском, падняцце гіры, перацягванне каната, катанне на скейтбордах і мноства іншых спаборніцтваў і гульняў. Пляцоўка “Вясёлыя забавы” разгарнула работу гульнявых атракцыёнаў. Школа юнага вадзіцеля адкрылася для аматараў веласіпедаў, самакатаў і дзіцячых аўто. Тут жа праходзілі астранамічныя гульні і віктарыны, для самых юных гасцей прайшоў флэш-моб “Далонькі сяброўства”.
Традыцыйна ў гэты дзень каля Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі збіраюцца тыя дарослыя, якія хочуць напярэдадні летніх канікул забяспечыць дзяцей не толькі адпаведным настроем, але і неабходнымі ведамі, каб летнія месяцы прайшлі без непрыемных здарэнняў. І сёлета дзеці выстройваліся дзіцячыя чэргі на інтэрактыўных пляцоўках Міністэрства ўнутраных спраў, у тым ліку Дзяржаўтаінспекцыі, галоўная мэта якіх — навучыць дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях. Як эвакуіравацца пры пажары, юныя мінчане даведаліся ў дым-палатцы, непадалёк праходзілі трэнінгі, дзе вучылі, як правільна паводзіць сябе ў лесе. ДАІ прадаставіла сваю тэхніку. Найбольш жадаючых было перакуліцца ў машыне-перавёртышы. “Гэта магчымасць адчуць жудасную сітуацыю, калі пераварочваецца машына, — гаворыць Віталь Пятровіч Тулай, першы намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МУС Рэспублікі Беларусь. — Я думаю, што кожны, хто трапіў у гэтую машыну, зразумее, наколькі важна быць прышпіленым, і, калі раптам пра гэта забудуцца бацькі, ёсць шанс, што дзеці напомняць. Гэта будзе яшчэ адзін стымул для бацькоў набыць дзіцячае крэсла і не парушаць хуткасны рэжым”.

У дзяцей была магчымасць пабываць ва ўмовах эвакуацыі, адчуць сябе ў ролі выратавальнікаў і пад кіраўніцтвам урачоў аказваць першую медыцынскую дапамогу на прыкладзе манекена. Каб катанне на веласіпедах было бяспечным, юныя інспектары дарожнага руху правялі віктарыны па Правілах дарожнага руху. Каб сонца і вада былі толькі на карысць, Таварыства ратавання на водах напамінала галоўныя правілы паводзін падчас купання і на пляжы.
А закончыла свята і ўрачыста абазначыла пачатак лета “Водная феерыя” — пад апладысменты гасцей, якія перамясціліся на бераг Камсамольскага возера, былі запушчаны фантаны.

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Аляксандра КАРАБЛЁВА.