Шчаслівы білет у дарослае жыццё

- 10:53Адукацыйная прастора

Для 145 тысяч навучэнцаў 9-х і 11-х класаў беларускіх школ пачаліся выпускныя экзамены, якія пройдуць з 1 па 9 чэрвеня. Для выпускнікоў 11-х класаў сёлета праводзяцца 4 экзамены — па рускай або беларускай мове (па выбары) у форме пераказу, па матэматыцы (пісьмова), па гісторыі Беларусі і замежнай мове (вусна). У гімназіі № 36 Мінска, якую мы наведалі 1 чэрвеня, адзінаццацікласнікі здавалі экзамен па матэматыцы і рускай мове.

Дырэктар гімназіі Андрэй Валер’евіч Стрыгельскі адзначыў, што сёлетнія выпускнікі ўстановы — 48 юнакоў і дзяўчат 11-х класаў маюць вельмі добрую падрыхтоўку. Яны займаліся ў двух профільных класах. У адным з іх на павышаным узроўні вывучалі англійскую і рускую мовы, а ў другім — матэматыку і англійскую мову.

Да пачатку экзаменаў гутарым з выпускнікамі. Чым запомніўся ім час вучобы? Яны згадалі насычанае пазашкольнае жыццё — фестывалі, конкурсы, КВЗ, пасяджэнні навуковага таварыства навучэнцаў і клуба інтэлектуальных гульняў. У гімназіі, дарэчы, сабралася адна з лепшых каманд у краіне па інтэлектуальных мнагаборствах і гульнях. Старшакласнікі расказалі аб сістэме вучнёўскага самакіравання, якая дзейнічае ва ўстанове. Дзеці запомняць і свае выступленні на мабільнай сцэне — інтэрактыўнай пляцоўцы, якая размяшчаецца ў фае гімназіі, дзе кожны можа выступіць з імправізацыяй, прадэманстраваць музычны талент, паўдзельнічаць у акцыі “Адкрыты мікрафон”, танцавальным флэшмобе. Застануцца ў памяці і сумесныя паездкі з класам, у тым ліку за мяжу. З гонарам старшакласнікі адзначылі і тое, што сёлета 25 гімназістаў неслі Ганаровую вахту памяці на пасту № 1 Мінска. Самае галоўнае, чаму навучыліся юнакі і дзяўчаты ў сваіх настаўнікаў, — гэта ўменню самастойна вучыцца, прыстасоўвацца да хутка пераменлівых умоў, наладжваць зносіны з людзьмі, працаваць у калектыве, знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, вырашаць праблемы. Гэтыя навыкі спатрэбяцца ім у далейшым жыцці.

У 9 гадзін раніцы пачаўся экзамен. Гімназістам, якія вывучалі рускую мову на павышаным узроўні, для пераказу прапаноўваліся два тэксты: “Чэхаў” і “Магія лікаў”. Настаўнікі-філолагі, якія ўваходзілі ў экзаменацыйную камісію пад старшынствам дырэктара гімназіі, спынілі свой выбар на тэксце “Чэхаў”. Педагог двойчы агучыў тэкст. Дзеці зрабілі неабходныя паметкі ў чарнавіках. За 4 гадзіны, пакуль ішоў экзамен, адзінаццацікласнікі павінны былі паспець напісаць пераказ. У выніку кожны вучань атрымаў дзве адзнакі. Першая — за тое, наколькі дакладна і паслядоўна быў зроблены пераказ, другая — за пісьменнасць.

Гімназісты, якія вывучалі матэматыку на павышаным узроўні, у гэты дзень выконвалі на працягу 5 гадзін даволі аб’ёмную і складаную, у параўнанні з базавым узроўнем вывучэння прадмета, кантрольную работу. Тым не менш выпускнікі прызналіся, што заданні для іх у цэлым былі нескладанымі, за выключэннем 10-й задачы, якая патрабавала сур’ёзных намаганняў для рашэння.

Як адзначыла намеснік дырэктара гімназіі Святлана Уладзіміраўна Равяка, выпускнікі ўстановы звычайна пацвярджаюць свае гадавыя адзнакі. Нярэдкія выпадкі, калі сваю адзнаку вучні паляпшаюць і атрымліваюць яе ў якасці выніковай у атэстат. Чакаецца, што 7 выпускнікоў 11-х класаў атрымаюць атэстаты з адзнакай. Некаторыя з іх — удзельнікі, прызёры і пераможцы прадметных алімпіяд і конкурсаў рознага ўзроўню. Напрыклад, Вольга Паляшчук — пераможца гарадскога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Дзяўчыну цікавяць сацыяльныя праграмы па абароне дзяцей, навакольнага асяроддзя, гуманітарная дзейнасць. Вольга марыць стаць супрацоўнікам ЮНІСЕФ. Пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі Лізавета Бычко пакуль выбірае паміж факультэтам міжнародных адносін і юрыдычным факультэтам БДУ. Яна хацела б стаць каардынатарам валанцёрскіх праектаў. Пераможца раённага этапу алімпіяды па рускай мове і літаратуры Лізавета Карзюк у гэтым годзе збіраецца паступаць у БДУІР. Марыць стаць менеджарам у сферы ІТ, жадае, каб яе работа была звязана са зносінамі з людзьмі. Дзяўчыны займаліся ў адным класе, дзе вывучалі на павышаным узроўні матэматыку і англійскую мову.

“Цяперашнія выпускнікі вельмі прагматычна падыходзяць да выбару будучай прафесіі, даследуюць рынак працы і рэальна ацэньваюць свае магчымасці адносна працаўладкавання, — падкрэсліў дырэктар установы. — Сярод самых запатрабаваных — спецыяльнасці, звязаныя з ІТ-сферай. Па-ранейшаму папулярныя спецыяльнасці эканамічнага і юрыдычнага профілю, а таксама кірункі, звязаныя з дызайнам, архітэктурай і будаўніцтвам, сумежныя спецыяльнасці, якія патрабуюць ведання замежных моў. Кожны год у нас ёсць выпускнікі, якія асэнсавана выбіраюць педагагічныя і медыцынскія спецыяльнасці. Каб забяспечыць неабходную якасць падрыхтоўкі навучэнцаў, наш педагагічны калектыў працуе над укараненнем сучасных тэхналогій і методык навучання. Установа з’яўляецца ўдзельнікам пілотнага інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. На базе гімназіі праходзіць адкрыты раённы і гарадскі конкурс даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў “Я — даследчык”. Нашы настаўнікі далучаюцца да работы экспертных саветаў па ацэнцы якасці падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў і самі з’яўляюцца іх аўтарамі. За вопыт работы, праекты і ініцыятывы педагогі атрымліваюць прэміі і гранты Мінгарвыканкама, выходзяць у прызёры конкурсаў прафмайстэрства”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.