Шмат часу дзеці праводзяць у школе. Там, на вачах у настаўнікаў, яны вучацца мець зносіны, сябраваць, упершыню ў жыцці ўлюбляюцца. “На першым месцы павінна быць вучоба, а ўсё астатняе потым”, — часта чуюць нашы дзеці ад дарослых. Але і навучанне, і “астатняе” вельмі важныя рэчы для маладога чалавека, з той толькі розніцай, што прапушчанае або недавучанае па школьнай праграме ў любым узросце можна выправіць і давучыць, калі будзе неабходна, можна нават перавучыцца, калі раптам у прафесійнай сферы не склалася. А вось што да сексуальнай сферы, з якой звязаны найважнейшыя жыццёвыя задачы — стварэнне сям’і і адказнае бацькоўства, то тут цана памылкі вельмі вялікая, выправіць яе заўсёды складана, а часам і ўвогуле немагчыма.
Навучыўся сам — навучы іншага
У складаных сучасных умовах, калі адсутнічае комплексная сексуальная адукацыя ў школе, узрастае роля і адказнасць педагога ў своечасовым прадастаўленні дзецям і падлеткам карэктнай інфармацыі пра здаровыя адносіны на ўсіх этапах школьнага сталення. Аднак многія педагогі адчуваюць сябе негатовымі да размовы з дзецьмі пра сексуальныя адносіны і рэпрадуктыўнае здароўе. Менавіта таму рэгіянальная праграма ЮНЕСКА па адукацыі ў галіне здароўя і цэнтр дружалюбных адносін да падлеткаў “Давер” (Мінск) запусцілі праграму, якая прызначана дапамагчы педагогам навучыцца гаварыць з дзецьмі пра змены, якія адбываюцца ў пераходным узросце, пра рамантычныя і сексуальныя адносіны, пра каханне, сяброўства і каштоўнасці, пра тое, як заставацца здаровымі і пазбягаць небяспечных сітуацый.
З мая гэтага года спецыялістамі цэнтра “Давер” медыцынскімі работнікамі і псіхолагамі праведзены 4 семінары для 216 педагогаў з 34 сталічных школ. Настаўнікі на цэлы вучэбны дзень самі селі за парты, каб навучыцца наладжваць даверлівыя адносіны з дзецьмі і іх бацькамі, гаварыць на далікатныя тэмы правільна.
Семінар-трэнінг для педагогаў працягласцю шэсць гадзін складаецца з чатырох модуляў, кожны з якіх уключае ў сябе тэарэтычны і практычны блокі, змяшчае канкрэтныя рэкамендацыі, неабходныя педагогу для ажыццяўлення дзейнасці па палавым выхаванні і асвеце.
Падчас першага модуля ўдзельнікі маюць магчымасць абмеркаваць асаблівасці славянскай гендарнай культуры і яе ўплыў на працэсы палавога выхавання, выклікі і праблемы сучаснасці, звязаныя з ломкай стэрэатыпаў, азнаёміцца з заканамернасцямі фарміравання гендарнай ідэнтычнасці, засваення і рэалізацыі гендарных роляў.
У рамках другога модуля гаворка ідзе пра індывідуальныя асаблівасці, этапы і тэмпы псіхасексуальнага развіцця дзяцей ад нараджэння да паўналецця, пра значэнне кожнага жыццёвага перыяду для нармальнага фарміравання гендарнай ідэнтычнасці, засваення правіл гульні і сяброўства, развіцця сексуальнай свядомасці.
Трэці модуль знаёміць педагогаў з сексуальнымі і рэпрадуктыўнымі правамі дзяцей і падлеткаў, якія гарантуе заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, падчас работы ў рамках гэтага модуля педагогі набываюць уменні, неабходныя для нармальнага, адэкватнага рэагавання на сітуацыі праблемных сексуальных паводзін дзяцей і падлеткаў, вывучаюць спосабы прадухілення насілля ў адносінах.
Падлеткаваму ўзросту ўдзяляецца асаблівая ўвага, яму прысвечаны чацвёрты модуль. Тут педагогі маюць магчымасць структураваць і ўзнавіць свае веды пра асаблівасці падлеткавага ўзросту, больш падрабязна абмеркаваць першасную і паўторную прафілактыку рызыкоўных паводзін, у тым ліку прафілактыку ІППШ і ВІЧ, актуальнасць тэсціравання на ВІЧ падлеткаў груп рызыкі, а таксама азнаёміцца з парадкам работы цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў, і паслугамі, якія аказваюцца ў іх.
Што неабходна ведаць педагогу…
Пра гендарную ідэнтычнасць. Гэта аспект самасвядомасці, што апісвае перажыванне чалавека сябе як прадстаўніка пэўнага полу, які праяўляецца праз гендарнае выяўленне — спосабы паводзін, пры дапамозе якіх чалавек паведамляе пра свой гендар у гэтай культуры, у прыватнасці праз адзенне, манеру зносін і інтарэсы. Гендарная ідэнтычнасць фарміруецца ў раннім дзяцінстве. Да шасці гадоў у норме дзіця ўсведамляе незваротнасць полу. Гэта гаворыць пра паспяховае фарміраванне гэтага феномена. У падлеткавым узросце дэманстрацыя дзяўчынкай мужчынскай мадэлі паводзін або наадварот, хлопчыкам — жаночай сведчыць пра псіхалагічныя паломкі фарміравання ідэнтычнасці.
Аб працэсах ідэнтыфікацыі. У дзяўчынак і ў хлопчыкаў працэсы ідэнтыфікацыі розныя. Але і мужчынская, і жаночая ідэнтыфікацыя шмат у чым залежыць ад адносін паміж бацькамі: канфлікты адмоўна ўплываюць на ідэнтыфікацыю. Для хлопчыкаў гэты працэс больш складаны, таму што першасная ідэнтыфікацыя сябе з маці (прадстаўніком жаночага полу) павінна з пяцігадовага ўзросту замяніцца на мужчынскую. Паспяховасць гэтага працэсу залежыць ад кампетэнтнасці і прэстыжнасці бацькі.
Пра сексуальную свядомасць. Гэты аспект палавой свядомасці, які апісвае свет сексуальна-эратычных перажыванняў і ўстановак, каштоўнасцей, якія накіроўваюць сексуальныя паводзіны. Інтэнсіўнае развіццё сексуальнай свядомасці прыпадае на перыяд палавога выспявання ад 12 да 18 гадоў. Для гарманічнага развіцця гэтага феномена аднолькава важнае развіццё як эрасу, рухаючай сілы і духоўнай патрэбы ў пошуку ідэалу і шчасця, так і сексуальнасці — цялеснай транскрыпцыі кахання.
Няёмкая тэма
У рамках школы палавая адукацыя пачынаецца ўжо з першага класа і працягваецца ўвесь перыяд навучання. Усёабдымныя тэмы, у рамках якіх вызначаюцца мэты навучання на ўсіх узроставых этапах, будуюцца на шасці ключавых паняццях: 1) адносіны; 2) каштоўнасці, устаноўкі і навыкі; 3) культура, грамадства і правы чалавека; 4) развіццё чалавека; 5) сексуальныя паводзіны; 6) палавое і рэпрадуктыўнае здароўе. Пры разглядзе гэтых тэм найважнейшай умовай з’яўляецца ўлік асаблівасцей узроставых этапаў псіхасексуальнага развіцця.
Як трэба гаварыць?
• Важна заўсёды памятаць пра тое, што дзіцячая сексуальнасць істотна адрозніваецца ад сексуальнасці дарослай. Да пачатку палавога выспявання важна залажыць маральныя арыенціры, навучыць дзіця спраўляцца з канфліктамі, навучыць сябраваць, аказваць знакі ўвагі людзям, якія падабаюцца, даглядаць сваё цела, не паказваць інтымныя месцы чужым людзям і многае іншае.
• Тлумачэнні павінны давацца дзіцяці асцярожна, праўдзіва і цнатліва, але без нясмеласці і сораму, тады, калі яно пачынае пытацца пра гэта. Трэба памятаць, што кожнае пытанне мае права на адказ.
• Не варта таксама называць шлюб і дзетараджэнне самым цудоўным, што толькі ёсць у чалавечым жыцці, таму што гэта не адпавядае сапраўднасці, бо ўсё ж патрабуе ад людзей вялікай працы і намаганняў, рознага роду затрат і адказнасці. Не варта і пужаць брыдотай і сорамам.
• Тон гутаркі не павінен быць ні легкадумна-жартаўлівым, ні тым больш таямніча-змоўніцкім — пажадана, каб ён быў у меру сур’ёзным і спакойным. Дзе гаворка ідзе пра біялогію і фізіялогію, там дарэчы настрой навукова-папулярнай кнігі. У некаторых выпадках можна і пажартаваць, каб разрадзіць напружанне (перш за ўсё ўласнае).
• Не варта захапляцца адным цялесным бокам пытання. Інтымныя адносіны — гэта заўсёды бія-псіха-сацыя-маральныя адносіны.
• Варта па магчымасці ў размове з дзецьмі ў словазлучэннях “палавое жыццё”, “палавыя адносіны”, “адносіны полаў” слова “палавы” замяніць на “шлюбны”, “інтымны”. Інтымныя адносіны мужчыны і жанчыны легітымныя ў шлюбе — вось наша тэма. Пра палавыя адносіны па-за шлюбам можна пазней пагутарыць з падлеткам асобна.
• З падлеткамі трэба гаварыць па-іншаму. Гутарку з юнакамі, якія сталеюць, лепш даручыць мужчыну, а з дзяўчынкамі — жанчыне, якія змогуць наладзіць з маладымі людзьмі даверлівыя адносіны, выконваць вышэйпералічаныя правілы, абапіраючыся на асаблівасці ўзросту. Калі педагог псіхалагічна не гатовы да такой размовы, трэба запрасіць больш вопытнага калегу або, напрыклад, медыцынскага работніка.
Педагог заўсёды разумее сваю адказнасць за жыццё і здароўе сваіх вучняў. І яму, напрыклад, ніколі не прыйдзе ў галаву даць свайму вучню ў рукі востры нож, не папярэ-дзіўшы пра небяспеку, якая пагражае пры абыходжанні з ім, або, скажам, абвінавачваць дзіця і з абурэннем адварочвацца ад яго, калі, не здагадваючыся пра небяспеку, яно парэжацца да крыві. Адмаўляючыся з якой бы там ні было прычыны ад размовы з дзецьмі і падлеткамі пра палавое жыццё, пакідаючы дзіця без усякіх тлумачэнняў, без усякіх павучанняў, ведаючы пры гэтым, што ў ім абуджаецца сексуальнасць — тая цялесная сіла, якая можа аказацца больш небяспечнай і фатальнай, чым самы востры нож, ці не пакідаем мы іх заведама ў небяспецы?
Што рабіць педагогу, калі ён стаў сведкам праблемных сексуальных паводзін?
Праблемныя сексуальныя паводзіны — гэта патэнцыяльна шкодныя паводзіны, якія не адпавядаюць узроўню развіцця і закранаюць сексуальныя часткі цела. Вылучаюць незаконныя сексуальныя паводзіны (якія парушаюць закон і цягнуць за сабой адказнасць з 14 гадоў, у тым ліку і крымінальную) і непрымальныя сексуальныя паводзіны для публічных месцаў (школы, вуліцы і інш.).
Як нам нельга абысціся без правіл дарожнага руху пры навучанні ваджэнню аўтамабіля, так нельга абысціся без правіл пра інтымныя часткі цела, калі справа датычыцца палавога выхавання. Педагогу неабходна ведаць гэтыя правілы (яны закладаюцца бацькамі ў сям’і ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў) і патрабаваць іх няўхільнага выканання ад вучняў любога ўзросту:
• ДРЭННА/НЕЛЬГА паказваць інтымныя часткі цела іншым людзям;
• ДРЭННА/НЕЛЬГА глядзець на інтымныя часткі цела іншых людзей;
• ДРЭННА/НЕЛЬГА кранаць свае інтымныя часткі цела і іншых людзей;
• ДРЭННА/НЕЛЬГА кранаць свае інтымныя часткі цела сам-насам з сабой, калі гэта займае шмат часу і ўвагі;
• ДРЭННА/НЕЛЬГА выкарыстоўваць словы, прадметы, дзеянні сексуальнага характару, якія прыносяць іншым людзям неспакой і іншыя непрыемныя пачуцці.
Уласна, парушэнне гэтых правіл дзіцем у той ці іншай ступені і ёсць сутнасць праблем сексуальных паводзін. Такія паводзіны патрабуюць неадкладнага ўмяшання і рэагавання з боку педагога. Калі вы сталі сведкам таго, што дзіця дэманструе празмерную сексуальную заклапочанасць, сексуальныя паводзіны дзіцяці адрозніваюцца ад натуральнага праяўлення цікавасці, веды пра сексуальнасць і яе праявы не адпавядаюць узросту, а спробы ўплыву з вашага боку або з боку іншых дарослых не спыняюць паводзіны, то вам трэба:
• развесці дзяцей адно ад аднаго;
• праясніць інцыдэнт: хто, што, чаму, дзе і калі;
• агаварыць паасобку з кожным удзельнікам інцыдэнту правілы сексуальных паводзін;
• абавязкова паведаміць пра тое, што здарылася, бацькам у карэктнай форме, без эмоцый і ацэнак;
• парэкамендаваць бацькам звярнуцца на кансультацыю да спецыяліста.
Пры правільным рэагаванні і выкананні рэкамендацый спецыялістаў праблемныя паводзіны такога роду паддаюцца карэкцыі і дзеці больш не вяртаюцца да іх.
Праблемныя сексуальныя паводзіны, якія мяжуюць з незаконнымі сексуальнымі паводзінамі, патрабуюць не толькі прыцягнення ўвагі бацькоў, але і абавязкова адміністрацыі навучальнай установы. Да такіх паводзін адносяцца: захопленасць парнаграфіяй, сексуальныя дзеянні, якім спадарожнічаюць пачуцці віны, сораму, страху, прыцягненне ў гульні іншых дзяцей праз подкуп, пагрозы і сілу і інш., відавочная розніца ва ўзросце і інтэлекце паміж уцягнутымі дзецьмі, а таксама выпадкі, калі дзіця расказвае пра гвалт або іншыя дзеянні сексуальнага характару, якія прынеслі яму страх, сорам, віну. У гэтых выпадках педагогу неабходна:
• развесці дзяцей адно ад аднаго;
• коратка апытаць усіх удзельнікаў інцыдэнту;
• усё запісаць на дыктафон або паперу, загадзя папярэдзіўшы дзяцей пра гэта;
• неадкладна звязацца з бацькамі ўсіх уцягнутых;
• звязацца з адказнымі асобамі (адміністрацыяй установы і інш.);
• абавязкова накіраваць на кансультацыю да спецыяліста дзяцей разам з бацькамі.
Пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту неабходна вучыць дзяцей няхітрым правілам, якія могуць прадухіліць насілле ў адносінах. Дзецям неабходна ўмець:
• сказаць “не” ў адказ на заляцанні, калі яны непрыемныя (“Не! Адыдзі! Раскажу!”);
• перастаць сустракацца з тым, хто пакрыўдзіў, абразіў, зняважыў (на людзях або сам-насам);
• расстацца з тым, хто робіць балюча, нават калі яго кахаеш;
• прасіць дапамогі, калі яна патрэбна;
• не прымаць ніякіх падарункаў, прапаноў падвезці, схадзіць у госці, паўдзельнічаць у здымках ад незнаёмых людзей, у тым ліку і равеснікаў;
• не садзіцца ў машыну, не заходзіць у пад’езд, ліфт з незнаёмымі людзьмі;
• ніколі не пагаджацца на рэальныя сустрэчы з незнаёмым чалавекам, не папярэдзіўшы дарослага.
Дзякуючы інтэрнэту і сацыяльным сеткам дзеці маюць сёння неабмежаваны доступ да інфармацыі, пры гэтым яны безабаронныя перад інфармацыйным патокам непажаданага зместу, у тым ліку і сексуальнага характару. Калі бацькі і іншыя блізкія дарослыя ігнаруюць натуральную цікавасць дзяцей і падлеткаў да пытанняў, звязаных з сексуальнымі адносінамі, то маладыя людзі рызыкуюць сфарміраваць свае погляды пад уплывам недакладных або проста скажоных звестак. А гэтыя погляды і вызначаюць устаноўкі і навыкі паводзін, якім трэба будзе ста ць “падушкай бяспекі” ў дарослым жыцці.
Валянціна ШУКАН,
каардынатар цэнтра дружалюбных адносін
да падлеткаў “Давер”, псіхолаг, валеолаг-кансультант.