Прыводзім меркаванні прадстаўнікоў сферы адукацыі аб Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
Генадзь Іванчын, дырэктар Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава:
— Пасланне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу — гэта рэальная ацэнка бягучага стану ўнутранай і знешняй палітыкі нашай дзяржавы. Гэта месэдж усяму грамадству пра планы і напрамкі далейшага развіцця краіны. Пасланне дае адказы на многія пытанні не толькі суайчыннікам, але і міжнародным партнёрам.
Вельмі прыемна, што Прэзідэнт, як заўсёды, удзяліў вялікую ўвагу развіццю сістэмы адукацыі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь сёння з’яўляецца адукацыйным хабам Усходняй Еўропы, дзе створаны належныя ўмовы для паспяховай фундаментальнай і прыкладной адукацыі па шырокім спектры спецыяльнасцей, якія адпавядаюць запытам айчыннай эканомікі.
У сучасных умовах сістэма адукацыі павінна фарміраваць работніка новага тыпу — высокаэрудзіраванага, мабільнага, ініцыятыўнага, гатовага жыць і працаваць у адкрытым інфармацыйным грамадстве з усімі надзённымі выклікамі. Адна з задач адукацыі — фарміраванне духоўна-маральнага вобраза нацыі, захаванне пераемнасці традыцыйных каштоўнасцей і гістарычнай памяці ў маладога пакалення. Без любові да Радзімы гэтую задачу не вырашыць. Нездарма Прэзідэнт падкрэсліў: “Толькі патрыёт можа выхаваць патрыёта”.
Педагогі і вучні нашага ліцэя ганарацца тым, што ён разам з іншымі 4 установамі адукацыі краіны носіць імя вядомага дзяржаўнага дзеяча, партызана-падпольшчыка, Героя Савецкага Саюза Пятра Машэрава, які з’яўляецца прыкладам для сучаснай моладзі ў паспяховай вучобе, стваральнай працы і самаадданым служэнні Радзіме. З жыццёвым і прафесійным станаўленнем гэтага чалавека знаёміць музейны куток, адкрыты 15 гадоў назад у адным з ліцэйскіх класаў. Матэрыялы кутка шырока выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. Штогод ва ўстанове ладзяцца агульналіцэйскія мерапрыемствы да дня нараджэння Пятра Міронавіча, у гонар якога на будынку ўсталявана мемарыяльная дошка.
Мы старанна захоўваем машэраўскія традыцыі сумленных і адказных адносін дзяцей да вучобы, а педагогаў — да грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Сярод ліцэістаў шмат пераможцаў алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, творчых і інтэлектуальных конкурсаў, лаўрэатаў прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Каля 98% выпускнікоў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Гэта заслуга высокапрафесійнага калектыву настаўнікаў-патрыётаў, якія не толькі даюць якасныя і трывалыя веды, але і вучаць любіць Радзіму, працаваць дзеля яе росквіту, як гэта рабіў настаўнік па адукацыі Пётр Машэраў.
Павел Трава, начальнік аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама:
— Гэта была шчырая размова пра галоўнае, без чаго немагчыма не проста далейшае развіццё, паляпшэнне якасці жыцця беларусаў, але і само існаванне роднай краіны. Адначасова прагучаў магутны заклік да ўсяго свету аб міры і канструктыўным супрацоўніцтве. Для мяне галоўны сэнс Паслання такі: у складаных сучасных умовах мы сумесна і кожны паасобку павінны зрабіць усё магчымае, нават звыш таго, каб захаваць мір, сацыяльную справядлівасць, незалежнасць і суверэнітэт дзяржавы.
Нацыянальныя адзінства і бяспека грунтуюцца на адукацыі, ідэалогіі, эканоміцы. Менавіта таму, у прыватнасці, велізарная ўвага ўдзелена Прэзідэнтам грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, захаванню гістарычнай праўды і традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа, асабістаму прыкладу педагога. Сапраўды, дакладней не скажаш: “Патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт!” Разам з тым сур’ёзны акцэнт быў зроблены на ўдасканаленні сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі, прафарыентацыі і суправаджэнні маладых спецыялістаў, стварэнні новых рабочых месцаў, замацаванні кадраў.
Асабіста прысутнічаць пры такой маштабнай падзеі, усвядоміць і прапусціць праз сэрца глыбокую аналітыку, прыведзеную нацыянальным лідарам, адчуць каласальны пазітыўны эмацыянальны зарад, які зыходзіў ад яго і шматкроць узмацняўся, перадаючыся ўсім, каму пашчасціла знаходзіцца ў зале, — хвалююча і адказна. Мы атрымалі падрабязныя тлумачэнні як па глабальных пытаннях, так і па тых, што закранаюць штодзённае жыццё. Мэты вызначаны, задачы пастаўлены: працуем!
Фота з выступлення Прэзідэнта – БелТА